epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Дзівасіл

Ёсць расліна дзіўная ў народзе,

Яна ходзіць казкаю па ўсіх,

Мо калісьці пры цяжкой пагодзе

Так празвалі людзі — «дзівасіл».

 

Мы сядзім ля плота. Бабка з намі —

Ўсё вядзе свой даўні, дзіўны сказ,

Як жылося цяжка пад панамі,

Як пабіты сын быў — Апанас.

 

«А паны за тое збілі грудзі,

Бо аддаў народу столькі сіл...

Што я думала і жыць не будзе,

Аж знайшлі ратунак... Дзівасіл...

 

Ён падняў на ногі майго сына...»

Бабка кажа рознае пасля,

Як раслінку гэтую так дзіўна

Напаіла сокамі зямля.

 

А ён вось за плотам жоўтым квеццем

Ўсё ківае нам над галавой

І не ведае, што ўсім на свеце

Раздае нектар чароўны свой.

 

«Калі вам на сэрцы цяжка стане,

Адбярэ вам немач рэшту сіл,

Не сумуйце, дзеткі...— Бабка ўстала.—

Дам вам на дарогу дзівасіл».