epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Гадзіна мукі

Вечар апаў.

І цемра кладзецца на плечы.

Куды пайду? Якім слупам

Я панясу цяжар свой чалавечы?

 

Праз краты ноч плыве...

Савінымі вачыма гусцее па кутках.

І ў гэтай цемры йдзе спрагнёны чалавек

Праз ночы змрок

з пабудкай ранняга гудка.

 

Адзіночка, як труна...

І голага, жывога сэрца трэпет

Кляшчамі сціснула турма,

І сочыцца крыві гарачы кіпень.

 

Сіроцтвам шэпчуцца хвіліны...

Пад ношкаю цярпення — о, не згінай пляча!

Хоць п’яўкамі варушаць свежыя маршчыны,

На твары мукаю кладуць сваю пячаць.

 

Чую — пераклікі там за перавалам,

Дзе бяздоллем лёг для нас рубеж,

Прарэзаны слупамі вяльможнаю навалай

На нашай ростані ў вялікай барацьбе.

 

За рубяжом Усход гарыць зарою...

Смялей на перавал! Ў напружанай вандроўцы

Я захлябнуся ўласнай кроўю

І там, на вышыні, яе змяшаю з сонцам!

 

Вось і адпачынак мой пявучы —

Ліпа над крыніцаю шуміць...

Прыпадаю вуснамі да вады гаючай —

Уталі, радзімая, спрагнёнага прымі.