epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Гараць вёскі

Снег не падае, як звычайна,— ён сыплецца з вышыні цёмнага начнога неба лёгкаю завейнай, якая, здаецца, вось-вось гатова перайсці ў снежную буру-завіруху. Сыплецца над вяршынямі неабсяжнага лесу, круціць у яго сплеценых галінах, засыпае гурбамі дарогі і нетры; імгліць у заравах пажараў, якія палыхаюць з усіх бакоў высокімі слупамі полымя. Яно жахае, дрыжыць на фоне шэрага неба; то праясняецца, то зацямняецца. Гэта гітлераўцы паляць вёскі.

Снег асядае на галінах сосен. Ён асядае і на людзях, якія забіліся ў трушчобу і, расклаўшы агні, сядзяць, як прывіды, ахутаныя хто чым папала — хто хусткаю, хто дзяругаю; хто ў цёплай шапцы, а хто ў кепцы. У Паўла Карневіча, яшчэ маладога русавалосага чалавека, дык і шапкі няма. Ён закруціў галаву хусткаю і курыць, седзячы ля агню. Хто свежы падыдзе да агню, абавязкова падумае, што гэта жанчына. Павел Карневіч — калека, прыкульгваючы на адну нагу, толькі што прыйшоў з ускраіны лесу, прысеў і грэе рукі над полымем. Усе скупіліся каля яго.

— Наўкол гарыць... Куды ні глянь... — прамовіў ён. — Гарыць, як па заказу...

— Прыйдзецца прапасці... — сказаў жаночы голас ззаду.

— І дзе я падзенуся са сваімі дзеткамі? — праз плач прамовіла другая жанчына.

— Вось пракляты фашыст, прыйшоў на нашу пагібель... — суровым голасам, амаль басам, прабубніла нейкая старая.

— Вось дык вайна, яшчэ свет не бачыў такое. Гэта ж не жарты — знарок паліць сёлы, людзей, забіваць дзяцей... Няўжо яму не зложаць канцоў? — пытаецца дзядзька Арсен, каржакаваты, з рыжаватай барадой, стоячы блізка ля агню і склаўшы рукі на жываце.

— Зложаць, быць не можа, — працяжна сказаў Іван Дронік, смуглявы чалавек з дзюбатым носам і пасівелымі скронямі.

Агнёў гарыць цэлы рад, ля іх шалашы, накрытыя сенам, на якое тонкім слоем нападаў снег.

Недзе ля аднаго агню час ад часу гудзе голас старой Цыруліхі (так яе завуць па-вулічнаму), якая сядзіць на пасланай саломе і выглядае, як копка:

— А лою, лою засталося... Цэлыя начоўкі. І трэба ж было мне яго не схапіць. Ой, божа ж ты... А... — і старая ў роспачы махнула рукою ў паветры.— Што — лой? Цэлага заколатага парсюка пакінулі. Хавалі ў матрацы, каб немцы не знайшлі... На, усё прапала, пайшло з дымам...

Старая застагнала. Здавалася, яна кінула гаварыць, але боль утраты штурхаў яе да слоў:

— Ды дзе ты што нахопіш? Бачу, канец сяла ўжо гарыць, страляніна навокал. Я ж такі і думала пра гэты лой, але падлюга як аперазаў па галаве нечым цвярдым, я і скруцілася на месцы... Ох, божа, паўзла затым па снезе... — Цыруліха ўсхліпнула, і слёзы заблішчалі на яе вачах. Усе, хто сядзеў і стаяў, спаважнелі, паціхлі.

Ніхто не спаў, апрача малых дзяцей, якіх маткі палажылі блізка ля агнёў у шалашах.

Сцяпан Струк, былы будзёнавец, высокага росту мужчына, з доўгімі шэрымі вусамі, у шапцы з цялячай шкуры буланага колеру, гаварыў, як аратар:

— Зброю дайце! Камандзірам стану... Зараз стану!..

Сцяпан Струк быў у паношанай шэрай суконнай куртцы сваёй работы. Ён паспеў схапіць з хаты толькі сякеру і табаку ў мяшэчку... Жонка — стары кажушок, які Сцяпан і падапрануў пад куртку. Інакш — акалеў бы ад холаду. Тут жа побач ціха плакала, стоячы, прыгожая стройная маладзіца, у якой гітлераўцы забілі бацьку і дачку.

— Не плач, Алена, яшчэ мы сваё возьмем! — крычаў на ўвесь лес Сцяпан.

— Калі ты камандзір, дык табе чарга ісці ў разведку! — гукнулі жанчыны.

— Ну што ж, і пайду! — адказаў Сцяпан, і праз хвіліны тры ён з сякерай на руцэ накіраваўся ў бок вёскі.

Але найгорш, мусіць, ціхаму і панураму Петрусю Канановічу. Год таму назад памерла яго жонка і пакінула двое дзяцей-блізнят па году. Пятрусь іх выхапіў цяпер амаль што з агню. Нёс на руках, голых, босых. На правай руцэ — хлопчыка і буханку хлеба, а на левай — дзяўчынку. Ворагі гналі іх па шляху на Мазыр. Хто адставаў — білі прыкладамі. Некалькі паспелі застрэліць. Куды гналі, і нашто — невядома. Няйнакш, як толькі пастраляць па дарозе. Завіруха з марозам спыняла дыханне. Пасля дагнала натоўп машына, з якой вылез нямецкі афіцэр паліцыі і сказаў стаць. Нейкая небяспека, відаць, ім пагражала, бо афіцэр забраў усіх канваіраў, сказаўшы натоўпу, каб самі ішлі ў Мазыр і ніхто не пасмеў варочацца... Як толькі машына павярнула назад і дала газу, натоўп людзей у адзін момант разбегся па лесе. Тады вось і памерзлі дзеці Канановіча. Пятрусь, аброслы чорнаю шчацінаю, сядзіць цяпер, сагнуўшыся, пры агні, курыць, ні з кім нічога не гаворачы. Тупа глядзіць на агонь. Толькі часта глуха кашляе. Вось тут непадалёку, за тым месцам, дзе фыркаюць некалькі коней пры санях, учора пахаваны яго дзеці.

Гутарка людзей мала-памалу перайшла ў ціхі гул, з якога часам вырываўся голас ужо знаёмай скаргі:

— Ой, ды ж лою-лою... Гэта ж не жарты — цэлыя начоўкі... І чаму ж такі я яго не схапіла?.. — з ціхім усхліпваннем канчала Цыруліха, пакалыхваючы галавою ў такт свайму бедаванню.

Дровы трашчаць. Полымя шыбае ўверх роўна, бо ў густым бярэзніку не праймае вецер. Людзі не ведаюць, што будзе з імі заўтра.

— Дзе ты возьмеш цяпер лесу на хату? — гаворыць энергічная Настуся Говар, якая любіць весці баявыя гутаркі з мужчынамі. Яна і цяпер стаіць ля агню ў ваяўнічай позе, адставіўшы левую нагу ўперад. Яе чорныя бровы сышліся ў вузялочак над пераноссем.

— Бывала, калі нават ідзеш на работу, дык лепш прыадзенешся, а цяпер... усё пайшло прахам... — сказала мілавідная Мар’я Чарняўская.

— Колькі часу зубы паскаліш, бывала... дый яшчэ з калгасным старшынёй пасварышся, і ўсё было добра, — дадала суседка Каця, з кірпатым носам на круглым твары.

Усе жанчыны пераглянуліся і падтакнулі. Па іх задумёных тварах злёгку прабегла ўсмешка. Гатовы былі, здаецца, жартаваць, але... было не да жартаў.

Сцяпан Струк вярнуўся з разведкі праз гадзіны тры. Усе чакалі яго з нецярплівасцю. Трывожыліся, што доўга няма, і хацелі нават пасылаць за ім. Але ён вось прыйшоў. Усе, як па камандзе, глянулі на яго, уздыхнулі і прытаіліся. Што ён скажа?

Расступіліся і далі яму месца пры агні. Сцяпан Струк маўчаў, не спяшаўся, крактаў, грэючы рукі над агнём... Стала абсалютна ціха. Сцяпан выпрастаўся, выцер вусы, разгладзіў іх і тады глянуў навокал.

— Ну, адгадайце, што скажу?.. — прамовіў ён і пасля паўзы дадаў: — Збірайцеся дадому, немцы ўжо ўцяклі...

— Што ж, можна і пажартаваць... — сказаў нехта.

— Дык вось... — пачаў разведчык, — ішоў я зарэчнаю дарогай... Не сюдою... — і Сцяпан махнуў рукою направа.

— А чаго цябе пагнала туды? — спытаў Арсен.

— Гэта, брат, была мая дагадка... так яно і выйшла... Натрапіў на заблудаўцаў... таксама сядзяць, як і мы. Чуў, што фашыстаў, якія палілі нашы вёскі, перасціглі партызаны, не даходзячы да жалезнай дарогі, і ўсіх перабілі да аднаго! — Нос Сцяпана быў задзёрты ўгору, а з ім разам і доўгія вусы. Сцяпан горда аглядаў усіх.

Лёгкі шэпт прабег па людзях... Нехта аблегчана ўздыхнуў, нехта кашлянуў. Пятрусь Канановіч устаў і падышоў да таго агню, дзе стаяў Сцяпан Струк. Мужчыны загудзелі ў адзін голас: «Го-го... гэта здорава...»

— Адкуль жа бог прыслаў тых партызан? — наперабой пыталіся жанчыны.

— Гэта, бабкі, не нам з вамі знаць! — крычаў Сцяпан. — Гэта партызаны Сабурава. Сабураў — камандзір. Кажуць, вельмі адважны...

Вымаючы кісет, ён гаварыў далей:

— Сядзім вось у лесе і нічога не ведаем... Учора другі камандзір, Каўпак, разбіў нямецкі гарнізон у раёне... Бой ішоў, кажуць, тры гадзіны. Было забіта восемдзесят немцаў і трыста паліцаяў. Каўпак пайшоў далей, а тыя гітлераўцы, што ўчора спяклі нас, сёння спалілі наша раённае мястэчка... Але папаліся ў рукі Сабураву...

Усе слухалі, затаіўшы дыханне.

— Цябе толькі і пасылаць у разведку, — сказаў нехта.

— Сцяпанка, то, можа, тыя партызаны і к нам прыйдуць? — спыталася Настуся Говар.

— Гэта... нават можа быць.. трэба чакаць...

Пасля апавядання Сцяпана ўсім раптам стала лягчэй, весялей глянулі вочы, і надзеяй на ратунак напоўнілася душа кожнага. Цыруліха, падпёршы шчаку кулаком, сама сабе мармытала:

— І дзе ж гэта я чула пра таго Каўпака? Ці хто казаў, ці, можа, у сне мне прыдалося...

Вылез з шалаша і заспаны Мікалай Пятрэнка, з русымі пушыстымі вусамі і носам, як бульбіна. Прысадзісты, непаваротлівы, ён праціраў вочы, грэў рукі над полымем і павольна, як бы перакідаючы што цяжкае з месца на месца, казаў: «Так іх пе-ра-ма-ла-ці-лі... — І закончыў хутка, усё роўна як саскочыў з чаго-небудзь: — О, гэта работа! Ай-яй... Малайцы такі партызаны.— Пасля з выглядам грэчаскага аракула ён дадаў: — Ну, цяпер я ўжо добра ведаю, што ворагу — капут... Прайграў вайну... Цяпер мяне ніхто з толку не саб’е... — Падняўшы палец на вышыню галавы, як бы каму пагражаючы, ён амаль крыкнуў: — Гэта табе Расія, сукін сын, людаед, а не што-небудзь... Го-го-го!.. Гэта табе не хаханькі...» — і ён доўга глядзеў, паставіўшы вочы, у цемру аснежанага лесу, як бы там недзе хаваўся аб’ект яго абурэння.

Снег амаль перастаў. Якая ж неймаверна доўгая ноч! Здавалася б, калі людзі ў гурце, з’яднаныя адным горам, няшчасцем, калі не сціхае гутарка, у якой чуюцца часам і слёзы і нараканні, успаміны, а зрэдку і смех, — дык ноч павінна прамільгнуць, але ўсё роўна няма ёй канца. Хто ні выйдзе на паляну, дык убачыць, як ад навакольных пажараў застывае на небе паласа крывавага зарава. Яно злавесна палыхае чырвонай меддзю. Людзі кажуць, што гэта застыла чалавечая кроў; доўга глядзяць на зарава, глядзяць маўкліва, панура і адыходзяць з уздыхам.

Ужо і ў табары стала ціха. Дзе-нідзе прарываецца гутарка, але ўжо з пазяханнем. Сон узяў сваё. Ля агню сядзяць толькі Мікалай Пятрэнка і Пятрусь Канановіч. Мікалай крыху звёў вочы, а Пятрусь ніяк не можа заснуць. Пыхкаючы люлькай, Мікалай угаворвае яго:

— Прылёг бы крыху, Пятрусь... Паспаў бы — паздаравеў... Што ты зробіш... Не вернеш... Годзе думаць... Чалавеку, жывучы на свеце, усяго прыходзіцца паспытаць... Каб ты іх адзетымі вынес, засталіся б жывымі... А так і дарослы можа не вытрымаць...

— Каб то ж адзетымі... У тым жа і бяда... Не магу глядзець, як паміраюць дзеці, — раптам са стогнам сказаў Пятрусь, — каб можна было, сам памёр бы, абы толькі не бачыць... Калі дарослы памірае, дык ён усё ж такі пажыў крыху, пабачыў свету, а дзіця... Яно ж толькі пачынае жыць...

Пятрусь сціх і доўга нерухома глядзеў у полымя.

— Пакінь, пакінь, Пятрусь, даволі, вазьмі сябе ў рукі. Ты яшчэ малады, трэба жыць, трэба дачакацца смерці на гітлераўцаў... Бачыш, усяму народу выпала...

Нешта трэснула ў лесе, і сябры адначасова глянулі ўбок, у гушчыню. Трэску больш не было чуваць, але Мікалай Пятрэнка ўсё роўна сказаў ціха:

— Нехта ідзе...

Трэск пачуўся зноў, ужо бліжэй.

Пятрусь і Мікалай усталі, насцярожыліся.

— Хто б то мог быць? — амаль зашаптаў Мікалай.

Ужо быў чуцен не толькі трэск, але і крокі па снезе. Нарэшце на святло з цемры вынырнулі дзве постаці з аўтаматамі за плячыма. У сонную цішыню табара ўварваўся моцны, нічым не стрыманы, голас: «Добры вечар!»

— Добрае здароўе, — адказалі Мікалай з Петрусём і з цікавасцю спалоханымі вачыма ўставіліся на прыбылых.

Тыя выглядалі як лесуны. З ног да галавы былі абсыпаны снегам, быццам яны капаліся ў ім. Адзін — у калматай чорнай шапцы і ў шынялі — быў сталы і высокі, другі — у вушанцы і кароткай ватоўцы — малады, з круглым тварам. У першага чорны парост на барадзе і чорныя вочы прыдавалі твару пануры выгляд.

— Што, спяць? — спытаўся вышэйшы.

— Ага, спяць, — адказаў Пятрэнка, — намучыліся людзі за дзень. — А пасля спытаўся: — А вы хто будзеце?

Невядомыя не спяшаліся з адказам. Скруцілі цыгаркі, прыкурылі ад агню, і тады той, што ў шынялі, стаў гаварыць:

— Мы — разведчыкі-партызаны... Чулі пра такіх?

— Чаму не чулі? Чулі, — адказаў Мікалай, набіваючы люльку табакай і пільна прыглядаючыся да партызан. Глядзеў на шапкі — можа, там будзе які значок. Не, апрача чырвоненькай стужачкі, нічога не было. «Хто яго знае, бывае, што і паліцаі адзяваюцца так, як партызаны», — думаў дзядзька Мікалай. І толькі тады стаў верыць, што гэта партызаны, калі яны разгарнулі невялікі не то план, не то карту, — адным словам, нешта накрэсленае, — і сталі вылічваць, адкуль выйшлі, кудою ішлі і дзе знаходзяцца цяпер.

— Куды ідзе дарога, што тут недалёка? — спытаўся старэйшы, паказваючы рукою на ўсход.

— На Сівы Мох. Адгэтуль будзе да яе кіламетраў сем.

— Бачыш, як мы паблудзілі, — сказаў той самы, звярнуўшыся да таварыша. — Нам трэба было іменна ісці праз Сівы Мох. Так нам і гаварылі ў штабе. Ці немцы Сівы Мох таксама спалілі? — спытаў ён дзядзьку Мікалая.

— Мяркуем, што спалілі, бо зарава на небе ў тым баку было, — адказаў Мікалай Пятрэнка.

— Вось што, дзядзька, хоць людзі спяць, але няма часу чакаць, пакуль выспяцца. Трэба будзіць. Гутарку невялікую будзем мець да вас.

Мікалай з Петрусём сталі паднімаць людзей. Першым да агню прыйшоў, праціраючы вочы, Сцяпан Струк, за ім — Іван Дронік, нацягваючы шапку на вушы, а там і іншыя.

Жанчыны, пазяхаючы, падыходзілі і адна ў адной з трывогай пыталіся: «Хто гэта?» Другія ў адказ паціскалі плячыма, а некаторыя адказвалі шэптам: «Мусіць, партызаны...»

— Вось што, таварышы, — пачаў старэйшы, — мы — разведчыкі-партызаны злучэння генерал-маёра Сабурава. Вось пару дзён таму назад наша злучэнне прыйшло на тэрыторыю вашага раёна. Разведкай нам удалося ўстанавіць, што эсэсаўцы за два дні ў вашай аколіцы, калі лічыць і Сівы Мох, спалілі чатырнаццаць вёсак. Каб не наш прыход, яны палілі б і далей — увесь раён. Але тыя падпальшчыкі перахвачаны намі і знішчаны. Нам трэба ўзяць пад абарону людзей, якія засталіся ад пажараў, дапамагчы ім, бо гітлераўцы яшчэ будуць прабаваць прабірацца сюды. Мы хочам стварыць сямейныя атрады, перавесці вас крыху бліжэй да стаянкі адной з нашых брыгад. Там пакапаеце сабе зямлянкі, і будзем ваяваць разам...

Аратар прыпыніўся, аглянуў вокам увесь натоўп і, крыху ўсміхнуўшыся, прадаўжаў далей:

— Вам трэба будзе выбраць камандзіра свайго сямейнага атрада...

Усе ў адзін голас загудзелі: «Сцяпана Струка... Сцяпана...»

Сцяпан Струк разгладзіў вусы і звярнуўся да партызан:

— А скажыце, што гэта за сямейны атрад, гэта што — разам з бабамі ваяваць? Я так разумею...

Партызаны засмяяліся, а за імі і мужчыны.

— Так, пільнаваць людзей, трымаць парадак, арганізоўваць разведку, зямлю араць, сеяць і так далей, — адказаў партызан.

— Не, — адказаў Сцяпан Струк, развёўшы рукамі, — вызвальце мяне ад гэтага, я тут не ваяка... Вы мне дайце зброю, я баявы атрад сабяру і камандаваць буду, я ў Будзённага ўзводам камандаваў...

— О, то тым лепш, — гукнулі партызаны. — Збірайся, пойдзеш з намі ў дарогу. А вам, — звярнуўся да ўсіх, — трэба выбраць другога, раз так.

— Мікалая Пятрэнку, — запрапанаваў Пятрусь Канановіч.

Усе ў адзін голас падтрымалі:

— Правільна! Правільна... Харошы будзе нам камандзір...

Па людзях пайшло ажыўленне. Мікалай Пятрэнка ўсміхаўся і гаварыў:

— Дзякую за выбары... А цяпер трымайцеся, я вам дам газу... — і чамусьці прыўзняўся на пальчыках.

— Арганізуйце пакуль што рэгулярную разведку, — гаварыў той самы партызан. — Калі будзе пагражаць небяспека, кіруйцеся на Сівы Мох. Заўтра будзе вядома, што вам рабіць...

Партызаны збіраліся адыходзіць. З натоўпу раптам падскочыла да іх Настуся Говар і з імпэтам засакатала:

— А скажыце, дарагія таварышы партызаны, хачу спытацца, ці то праўда, што ў Маскве выдумалі магніт, які сцягвае нямецкія самалёты на зямлю?

Натоўп заціх у напружанні. Партызаны стаялі з вясёлымі ўсмешкамі на тварах.

— Так... ёсць такі сродак... — павольна прамовіў старшы, і яму зараз жа падтакнуў і другі партызан: «Правільна, ёсць, і я гэта чуў...»

Настуся з трыумфам глядзела на натоўп, прыўзняўшы галаву:

— Што — ці ж я не казала? Такі мая праўда!..

— Твая, твая, — нехта адказаў з натоўпу.

— Ну, нам пара, — сказалі партызаны. — Бывайце здаровы, да світання нам трэба быць на месцы.

...Яны ішлі вошчупам, некранутымі снежнымі дарогамі, якія віліся праз ціхі, засыпаны снегам лес. Калі ў адным месцы выйшлі на поле, прад вачыма стала ўся ў агні дагараючая вёска, а навокал з-за лесу падымаліся ў неба палосы зарава. Партызаны і Сцяпан Струк спыніліся. Водбліск пажару вогнікамі адбіваўся ў іх вачах. Нешта цяжкае, прытоенае было ў іхніх поглядах, постацях...

З такім настроем партызаны ўвайшлі і ў зямлянку камандзіра брыгады. Яшчэ вісела ноч над лесам і падаў снег. Камандзір, у гімнасцёрцы і кубанцы на светла-русай галаве, сядзеў схілены пры газнічцы, над нейкімі паперамі. Прыўзняўшыся, ён глянуў на партызан. Твар яго выдаваўся белым, з цёмнымі кругамі пад вачыма.

— Таварыш камандзір! Партызаны Агароднік і Сідарэнка вярнуліся па выкананні задання...

— І што ж скажаце? — з таварыскай прыхільнасцю спытаўся камандзір. Яго вочы глядзелі на партызан і яшчэ думалі аб нечым другім.

Партызан Агароднік хвіліну маўчаў, чорнымі гарачымі вачыма гледзячы ў твар камандзіру, а пасля, як падземным голасам, кінуў у змрок зямлянкі:

— Гараць вёскі... таварыш камандзір...