epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Генерал

Конны атрад заносіць завея, ахутвае снежным пылам. А ноч цёмная, стогне, вые. Нават няма як паглядзець на компас.

Коні грузнуць у снег па калені. Генерал туліцца ў бурку, працірае вочы. Па хадзе каня ён усё ж такі адчувае, што атрад на бітай дарозе. Аб гэтым напамінаў і ледзь прыкметны збоку нізкі хмызняк, хоць за ім была паласа снежнага пылу і цемра ночы.

Генерал пасылае ад’ютанта праверыць ар’ергард.

«Вось дык пагодка... Усе тылы ворага замяло... Можна нямецкі гарнізон разбіць у пяць хвілін, але можна і наткнуцца. Як дойдзем да Пяскоў, гэта будзе ўдача. Немцы нас будуць шукаць у Дзікім балоце. Так і трэба. Мы ім зойдзем з другога боку, — думаў генерал.— Але як доўга будзем ехаць?»

Генерал нават падумаў аб прывале — перадыхнуць, выслаць разведку ўперад... Праз хвіліну ён адкінуў гэтую думку.

Ехалі далей. Завіруха сляпіла вочы. І вось нечакана фыркнуў конь генерала. Генерал быццам абудзіўся ад дрэмы і, невядома каторы раз працёршы вочы, падабраў павадкі.

— Блізка жыллё, — сказаў ён і паляпаў каня па шыі.

Неўзабаве з дазорнай групы данеслі, што на шляху — вёска. І сапраўды, з цемені вылучалася нешта накшталт копкі сена. Гэта была першая хата, а за ёю ледзь прыкметна вызначалася вуліца. Завея круціла, свістала ля вуглоў і ў платах. Генерал падумаў зайсці ў якую-небудзь хату і запытацца дарогі, але ў гэты час нешта мільганула недалёка і згасла. Затым бліснула зноў.

— Агонь, — зазначыў генерал, — яшчэ нехта не спіць.

Ён падаў каманду спыніцца і сам злез з каня. Зайшоў на падворак і заглянуў у залепленае снегам акно. Бачыць: гарыць камінок і нехта сядзіць, схілены, над работай. Генерал, прыгнуўшыся да нізкага акна, прыпаў да шыбіны. Адагнуўся — рука вобмацкам пайшла па сцяне і адшукала дзверы. Генерал пастукаў. Глуха, цяжка адчыніліся недзе ў глыбіні хатнія дзверы, і ў сенцах пачуліся асцярожныя крокі.

— Хто там?

— Падарожныя. Адчыні, дзядзька...

Грукнула засаўка, і генерал ступіў праз высокі парог у сенцы, як у яму.

Пад акном застаўся стаяць вартавы.

Генерала ў хаце абдаў прыемны пах смалы і цеплыня.

— Добры вечар, — прамовіў генерал. Ён зняў папаху, абтрос яе і надзеў зноў. Затым скінуў бурку і таксама стаў абтрасаць. Язычкі полымя з камінка ўпалі на прозалаць пагонаў і асвяцілі зорку...

Дзядзька з калматай галавой і расхрыстанымі грудзьмі стаяў анямеўшы, трымаючы недаплецены лапаць у руцэ.

— Божа мой... Адкуль гэта? — шаптаў ён.

Генерал мелькам зірнуў на дзядзьку і, нічога не сказаўшы, абтрэсваў бурку.

— Дайце... Дайце я... — кінуўся дзядзька. — Адкуль жа гэта?

Генерал, паклаўшы бурку на лаву, прайшоўся па хаце. Гэта быў чалавек год за сорак, бязвусы, чарнявы, з пасівелымі скронямі. Яго постаць у шынялі стала зграбнай і жвавай. За печчу на палку, засланым дзяругай, спала жанчына і двое дзяцей. Над іх галовамі на жэрдцы віселі новыя лапці і нейкая вопратка. У покуці стаяў невялікі стол, пры сценах — лавы... Твар генерала стаў важна-задуманым. Яго шэрыя вочы нібы шукалі чагосьці ў кутках, калі ён праходзіў па хаце, заклаўшы рукі назад.

«Усё нібы забытае, але знаёмае», — падумаў ён і, ціха ўздыхнуўшы, прайшоўся назад да парога.

— Сядзі, сядзі, дзядзька, не турбуйся. Мы — людзі свае...

Дзядзька са здзіўленнем углядаўся на генерала, і ад яго нясмелай усмешкі дрыжалі вусны пад апушчанымі вусамі. Дрыжаў таксама і лапаць у руках.

— Толькі двое дзяцей? — спытаўся генерал.

— Не... два сыны яшчэ ў арміі. І дачка яшчэ...

— А дзе дачка?

Дзядзька сумеўся. Хто ведае, казаць ці не. Розны люд цяпер ходзіць.

— Начуе ў суседкі... — адказаў дзядзька і схіліўся над лапцем.

— Баішся казаць? Не бойся... Я савецкі генерал. Еду з атрадам. Пакажы нам дарогу на Пяскі...

— Я ж бачу — пагоны рускія... Чулі мы трохі пра іх... Вярнулі, бачыш... Дарога? Дарога вось проста. Пяць кіламетраў да Пяскоў. — Дзядзька казаў пра дарогу, а сам верыў і не верыў, свой гэта генерал ці не свой. Генерал гэта заўважыў і таму звярнуўся да дзядзькі:

— А ну, дай мне лапаць!..

Ён сеў на калодачку і стаў падплятаць лапаць. Спрытна падкалупваў, саджаў палосінку, браў яе ў зубы, тады зноў падкалупваў...

Дзядзька глядзеў як сам не свой.

— Немцаў тут не было? — прадаўжаў генерал.

— Прайшлі ўчора рана. Кажуць, у Дзікае балота на партызан. Карову ў мяне забралі і жыта, што было намалочана. Усё дапякалі мяне, што мая дачка ў партызанах... Даказаў нехта.

Палосінка жвава шуршэла ў руках генерала і заціскалася ў адпаведным месцы.

— Не так даўно забралі ложак, — гаварыў дзядзька, — мусіць, для лазарэта. Казалі, што рускім невыгодна спаць у ложку. — Дзядзька змоўк, затым дадаў: — Спаляць нашу вёску, няйначай.

Генерал панура ўскінуў вочы на дзядзьку.

— Бачыш? — сказаў ён, аддаючы лапаць.

— Умееце... Умееце. — з радасным бляскам у вачах паўтараў дзядзька.

Генерал устаў, і ценем пакрыліся пагоны на шынялі. Ускінуў бурку на плечы і яшчэ раз азірнуўся па хаце.

— Бывай, дзядзька. Скора чакай у госці з добрай навіной, — сказаў ён і накіраваўся да дзвярэй, махнуўшы рукавом па твары. Што ён там змахнуў — кроплю расталага снегу ці што другое, хто ведае...

Генерал выйшаў у завіруху і крыкнуў: «Па конях!» — хоць усе былі іменна на конях.

Дзядзька стаяў пры весніцах у адной сарочцы, аж пакуль не праехаў атрад. Вярнуўшыся ў хату, ён стаў у задуме, развёўшы рукі:

— Да галавы не прылажу... Што гэта за генерал?.. І лапці плесці ўмее, і гаворыць па-нашаму... Наш, відаць.

Ён раптам кінуўся да акна і глядзеў у цемрадзь ночы, сам не ведаючы чаму, потым адвярнуўся ад акна і стаў будзіць жонку: «Ганна, устань, я табе нешта раскажу...»