epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Як для скрыпкі струны...

— А кыш, а кыш!.. Каб на вас... Адбою ад вас няма... Абы толькі адчыніў дзверы, так і вы тут... — крычаў на курэй стары Іван Кляшчэвіч, кладаўшчык калгаса, адчыняючы кладоўку.

Куры і сапраўды, мусіць, пазнавалі шэрую куртку Івана, апранутую на кажух, гаспадарскія боты з падкоўкамі, ад якіх на снезе адбіваўся чысты, выразны след. Крыху схіліўшы галаву ў шапцы-вушанцы на правы бок, ён кожны ранак ішоў у кладоўку. А куры розных масцей і парод — з грабянямі, з шышачкамі на галовах, нават дзюбастыя пеўні з імі — усе чарадою беглі за ім.

— А дзе я вам набяруся? Кыш да сваіх гаспадынь!.. Вось скора птушкаферму сарганізуюць, тады... тады будзе вам воля... А кыш!..

Куры на момант разбягаліся ў бакі, але потым ізноў асцярожна збіраліся, сакочучы, і імкнуліся за кладаўшчыком.

Нешта не ў настроі сёння Іван Кляшчэвіч, бо зачаста пакрыквае на курэй. Дзверы ў кладоўцы адчынены насцеж, бо ад аднаго закратаванага невялічкага акна мала святла.

А адчыніш дзверы, тут табе вясёлае сонца бухне снапом праменняў на падлогу, і ўвесь калгасны двор відзён як на далоні.

Праца ў кладоўцы такая, што сядзець на месцы не даводзіцца, ды часам у старога Кляшчэвіча нават пот выступае на лбе. І ўсяму віною гэты пракляты бязмен...

— Цьфу! Вось кара... А кыш, каб на вас!

І стары Кляшчэвіч часам, даведзены да сапраўднай злосці, гатоў схапіць мятлу і адагнаць курэй на кіламетр ад кладоўкі. І ўсё гэты бязмен... «Вось знайшлі вагу... Калі бабе трэба хлеба фунт пазычыць у суседкі, ну тады ён яшчэ можа служыць сваю службу... А тут? Столькі ж народу прыходзіць, пудамі трэба з людзьмі разлічвацца...

Хочацца, каб галава бязмена заўсёды трошкі ўніз глядзела, а калгаснік наровіць, каб тырчала ўверх. Вось і спрэчка, заўсёды спрэчка... Не дадаю ім, бачыш... А дзе я вазьму, як не хопіць?.. Хіба ж гэта вага? Хіба ж можна ёй давяраць?..»

Стары Кляшчэвіч, адважыўшы калгасніку збожжа на працадні, надзяваў на нос акуляры ў драцяной аправе і алавіком, што ніткай быў прывязаны да пераплёту кніжкі, запісваў у «расход». І тады з палёгкай уздыхаў. Хапаўся за мятлу, падмятаў у куток рассыпаныя зярняты жыта або ячменю. І калі доўга ніхто не прыходзіў, Іван зусім супакойваўся, пускаючы дым з цыгаркі. Звяртаўся да курэй: «На бязмен спадзяецеся, га? Падбірайце, што рассыпана ля кладоўкі... Гэта — ваша...» А на сцяне, як чорны вужака, вісеў ён — вораг Івана — пудовы бязмен. Іван крыва паглядаў на яго, думаючы: «Наробіць ён мне бяды, наробіць...» — і пакручваў галавою. Калі ж хто падыходзіў і трэба было важыць, Іван быў незадаволены, калючымі рабіліся яго шэрыя вочы, і ўвесь ён выглядаў непрыступным. Здымаючы бязмен са сцяны, крактаў, і цень суму прабягаў па яго твары. Што зробіш — нідзе не дзенешся ад гэтага бязмена.

Часам заходзіў у кладоўку старшыня калгаса Ціхончык, шмат маладзейшы за Івана, і тады між імі ўздымалася сапраўдная сварка.

— І дакуль я буду смыкацца з гэтай бабскай вагою? — абураўся Іван. — Калгасу нашаму ўжо год. За гэты час ці ж няможна было купіць сапраўдную вагу?

Старшыня ўсміхаўся і пачынаў:

— Знаеш, не ўсё зразу... Знаеш, колькі калгасаў натварылася ў нас, у Заходняй, скажам, за адзін год. Дык гэта, калі кожнаму адразу даць вагу, трэба цэлы завод сюды прывезці і паставіць...

— Не веру я ў гэта... Не гэтае робіцца. Толькі пастарацца трэба... — І, махаючы рукой, Іван крычаў: — Вага для калгаса, як для скрыпкі струны. На кожны раз не напазычаешся, за ўсё плаціць трэба, чаму ж не мець сваё?..

Сварка канчалася тым, што кладаўшчык Іван Кляшчэвіч абзываў старшыню Петруся Ціхончыка няхлюем. Старшыня адыходзіў, а стары Іван зноў, важачы, пыхцеў над бязменам і спрачаўся за тое, каб жалезная галава бязмена была хоць трошачкі апушчана ўніз. І запісваў: пуды, фунты, пуды... Дабрацца да кілаграмаў — ого-го... Трэба яшчэ папацець. Добра, што Іван Кляшчэвіч скончыў курсы і наогул любіць кніжку, газету. А каб не ведаў гэтага «прэўрашчэння», што тады было б? Тады машына стой... І рабі, што хочаш... І тут Іван усміхнуўся ў вус ужо ад пачуцця ўласнай годнасці. «Ну, на тое ж мяне і паставілі кладаўшчыком... Ведалі, каго паставіць...»

Прыйшоўшы дахаты, Іван пасля вячэры садзіўся за сваю «бухгалтэрыю» — пераводзіў фунты ў пуды, а пуды ў кілаграмы. Спачатку яму гэтая праца нават падабалася — адчуваў задаволенне, што вось робіць такія цуды — з пудоў кілаграмы. На ўсё трэба навука. «Навука і прыроду адольвае», — часта казаў Іван. І ўнуку свайму, вучню Пецю, нават даваў заданне са сваёй «бухгалтэрыі», аж пакуль не ўмяшалася старая Кацярына, жонка Івана:

— Што ты мучыш хлапчанё гэтымі пудамі? Нашто яны цяпер? Каму яны патрэбны? Цяпер жа ўсё на кілаграмы, куды ні пайдзі... Адзін ты вось яшчэ калупаешся з пудамі ды фунтамі.

— Ведаем без цябе, што так, — агрызаўся крыху пакрыўджаны Іван і схіляў сваю сівую галаву над паперамі.

А пасля, калі фунтоў і пудоў наплывала ўсё больш і больш, Іван стаў пратэставаць, праклінаць і работу і бязмен. Што наплывала пудоў, гэта вельмі добра, але паспрабуй наважыць на такой балдавешцы! І стары Іван, закапаўшыся з галавой у гэтыя «прэўрашчэнні», пачынаў рабіць памылкі. Пералічваў часам і па тры разы. Скроб сваю сівую галаву і казаў: «Дык яны замучаць, гэтыя фунты і пуды. Гэта ж толькі пачатак...» Моташна рабілася на душы ў Івана. Тады позірк яго падаў на сцяну, дзе ля адрыўнога календара вісела старая скрыпка са смыком. Іван Кляшчэвіч у маладосці быў нядрэнным скрыпачом — іграў не толькі моладзі на вуліцы па нядзелях, але і на вяселлях. Цяпер ён іграў часам толькі для сябе ды школьнікам, якія талакою набягуць у нядзелю ў хату. Беручы скрыпку ў цяжкія хвіліны, калі пуды не хацелі ператварацца ў кілаграмы, Іван гаварыў уздыхаючы:

— Эх... вага для калгаса, як для скрыпкі струны... Скрыпка ж ёсць, а струн нестае... Як жа ты будзеш іграць? Гэта ж, каб вага, можна было б кожную саломінку паважыць, не толькі што... Тады табе было б усё ясна як на далоні... А так што? Гэтым бязменам, як пугаю па вадзе... — і Іван тромкаў сухім пальцам па струне, правяраючы скрыпку. А пасля, старым звычаем, з-за вуха ўдараў смычком па струнах, з-пад якіх, як жывая, пачынала скакаць залівістая беларуская полька.

Але нядоўга яна цешыла Івана — ён чамусьці хутка канчаў польку і, зрабіўшы невялічкі перапынак, пачынаў выводзіць сумную мелодыю якой-небудзь старой песні. Нават жонка Кацярына, слухаючы, часам уздыхала. Ад гэтай мелодыі і ёй, мусіць, успаміналася мінулае, цяжкае, бо тонам спагады казала Івану:

— От, не верадзіў бы сэрца... Лёг бы ўжо спаць, а то заеўся з гэтымі фунтамі і пудамі...

Іван Кляшчэвіч не прапускаў ніводнага пасяджэння праўлення і там, настойваючы, каб купілі вагу, крычаў, узняўшы руку, сваё ўлюбёнае параўнанне: «Як для скрыпкі струны...» Да некаторых членаў праўлення не даходзіла параўнанне Івана, і яны збівалі яго жартамі.

— От, сам скрыпач, дык і вярзе невядома што... Пры чым тут скрыпка?

Але некаторыя ўсё ж такі задумваліся над довадамі Івана і ставіліся да іх па-сур’ёзнаму. Калі ж пра гэтую скрыпку сказаў адзін раз Іван на агульным сходзе калгаса, натоўп зварухнуўся, як бы вецер пранёсся па лісцях дрэў. Але і тут не было поўнага ладу. Адны казалі: «О, гэта трапіў дык трапіў... У самы раз...» А другія крычалі: «Паважыш яшчэ на бязмене... Такая бяда... Нашы дзяды і бацькі...»

І, на вялікі жаль для Івана, старшыня калгаса Ціхончык, хоць па-свойму, далучаўся, аднак, да апошніх.

— Не ўсё зразу, Іван Апанасавіч, не ўсё зразу...

І ўрэшце не выцерпеў Іван — надумаўся сам дабівацца... Нікому нічога не кажучы, у базарны дзень паехаў у райцэнтр. Там заявіўся ў сельскагаспадарчы аддзел райвыканкома. Яго выслухалі, паабяцалі, што нешта зробяць. Крыху задумаліся над яго «скрыпкай» і правялі да дзвярэй, супакойваючы. Іван і сапраўды выйшаў заспакоены. Рухавей ішлі яго ногі, і ўвесь ён як бы падцягнуўся і весялей глядзеў на свет.

Але мінуў тыдзень, другі, трэці, месяц — вагі ўсё не было. Толькі старшыня Ціхончык змяніў свае адносіны да кладаўшчыка Івана. Калі раней быў ахвотны і пажартаваць і пагаварыць, выбачаў Івану яго дамаганні, то цяпер прыходзіў у кладоўку нахмураны, маўчаў і нават стаў дзе да чаго прычапляцца.

Гэта не прайшло міма ўвагі Івана. Іван усміхаўся сам сабе і думаў: «Мусіць, папала табе, няхлюю... А як ты думаў? Вага табе не абы-што...» Калі здаралася сварка зноў за вагу, яна мела ўжо востры характар. Старшыня стаў нават махаць пальцам на Івана і пагражаць: «Заскрыпіш ты са сваёю скрыпкай... Будзе табе вага, задаволішся...»

І сапраўды хутка недзе пазычылі і прывезлі старую заржавелую вагу. Але разам з ёю прыйшла ў кладоўку і рэвізійная камісія. Іван спачатку быў усцешыўся вазе, але, агледзеўшы яе дакладна, выкрыў, што гэта — вага царская.

— Бачыце, што напісана: «Завод Калашнікава. 1890 г.» Вязіце яе назад. Яна мне тут так наважыць, што... На ёй таксама недалёка заедзеш... Яна была ў тысячах рук... Дайце мне вагу, вартую калгаса... Тады рабіце рэвізію... І трэба ж недзе выкапаць такое барахло...

Старшыня Пятрусь Ціхончык, невялікага росту, ужо мо тыдзень, як непаголены, аж у крук згінаўся, даводзячы «дзівацтва» Івана Кляшчэвіча, і крычаў на камісію: «Пачынайце работу. Няма чаго... Яму ніхто не дагодзіць...» Члены камісіі пераглядаліся паміж сабою, усміхаліся і нарэшце, праўда, без асаблівай ахвоты, узяліся за праверку прыходна-расходнай кнігі.

Іван Кляшчэвіч тупаў, маўчаў, як бы не ведаючы, што рабіць. Да сэрца падвальваўся бунт супроць такой абыякавасці. Скруціў цыгарку, закурыў, крыху супакоіўся. А пасля хваля пачуцця непрымірымасці зноў напоўніла ўсю яго істоту.

— То як жа гэта, таварышы? — прамовіў ён з горыччу ў голасе. — Што ж вы, хочаце мяне абясчэсціць? Ці я перад народам у чым правініўся, ці што? Ці я ў партызанах не быў? Ці ж не ўзнагародзілі мяне медалём за службу? Што вы робіце? Прывезяце сапраўдную вагу, тады важце... Гэта тое самае, што бязмен...

Назаўтра Іван Кляшчэвіч у кладоўку не прыйшоў. Хутка паснедаўшы, сеў з суседам у санкі і зноў паехаў у райцэнтр.

Павольна падалі сняжынкі на навакольныя палі, на дарогу, уквечвалі грыву каштанавага каня, асядалі на шапку-вушанку Івана Кляшчэвіча, мігцелі перад вачыма, засцілаючы яму часам краявід... Многае давялося перажыць Кляшчэвічу на сваім вяку — найбольш, вядома, цяжкага. Дарогі першай імперыялістычнай вайны... Пасля рэвалюцыя, барацьба з белагвардзейшчынай на прасторах Паволжа ў Расіі... А вярнуўся на радзіму — ці ж ён не быў актывістам, старэйшы сярод моладзі, у барацьбе з панамі?

Ці ж ён не хапаўся за кожную свежую кніжачку, газету, каб пачуць, што робіцца ў Савецкім Саюзе? Усюды быў чэсны Іван, усюды змагаўся за праўду... І вось цяпер, калі дачакаўся калгаса, калі на старыя гады паслужыць хочацца, тут не даюць разгарнуцца на ўсю калгасную моц... Не, гэтага не будзе... «Я пры панах не мог знайсці праўды і не чакаў яе ад паноў, дазнаваў толькі крыўду... А цяпер... не... Я знайду праўду, знайду ўправу...»

Іван заварушыўся, працёр вочы. Знікла снежная імгла, праясніўся далягляд. Штурхнуў суседа локцем і крыкнуў: «Падгані! Дарога харошая...»

...На сценным гадзінніку прабіла дзесяць, калі Іван Кляшчэвіч увайшоў у кабінет сакратара райкома партыі.

— Вы будзеце... таварыш сакратар? — спытаўся, прывітаўшыся, Іван.

— Я, сядайце...

Іван пачаў выкладаць усю сваю справу з пачатку да канца. Сакратар уважліва слухаў, часам перапыняў Івана, пытаўся дзе пра што для ўдакладнення, а пасля кідаў: «Прадаўжайце...»

Калі ж Іван Кляшчэвіч дайшоў да свайго параўнання і, узняўшы палец уверх, сказаў, што вага для калгаса, «як для скрыпкі струны», сакратар заварушыўся, усмешкай праясніўся яго твар. З бляскам у шэрых вачах утаропіўся ў Івана, нават крыху прыадкрыўшы рот. Маршчыны разышліся на лбе. Твар, перад гэтым засяроджаны, крыху цемнаваты, памякчэў, прасвятлеўшы. Памаўчаўшы, сакратар прыгладзіў прывычным рухам рукі свае русыя валасы і ўстаў.

— Дык вось што, таварыш Кляшчэвіч... Едзьце дахаты і будзьце спакойны... Працуйце... Вага ў вас будзе, ды яшчэ якая... Праўда на вашым баку... Каму патрэбен цяпер бязмен або вага 1890 года?.. Правільна... Сацыялізм — гэта падлік. А пра скрыпку вы добра сказалі. Гэта я ўжо запомню назаўсёды... Правільна, што прыйшлі і расказалі... Дзякую... Аб вазе мы падумаем. Едзьце дахаты, будзьце спакойны, працуйце... Зайграе ваш калгас, як скрыпка. Будуць струны, будуць... — усміхаўся сакратар, паціскаючы на развітанне руку старога Івана.

Вярнуўшыся дамоў, Іван неяк незвычайна ўвайшоў у хату. Моцна бахнуў дзвярыма, зачыняючы іх, і гучна прамовіў: «Добры вечар!» Старая Кацярына думала, што, можа, ён выпіў горкай. Не, Іван быў цвярозы. Яго душа іграла, як скрыпка, ад таго, што ён дабіўся праўды. Выняў з кішэні папяровы пакецік, кніжачку з малюнкамі і перадаў унукам. У пакеціку былі цукеркі, перамешаныя з валоскімі арэхамі.

Вячэраючы, ён несціхана размаўляў, смяяўся, еў з апетытам і хваліў капусту.

— Нешта ты як выпіў сягоння,— не выцерпеўшы, сказала Кацярына.

— Што выпіў... Я ў самога сакратара быў, душу яму адкрыў... Праўды дабіўся... А ты... выпіў...

Павячэраўшы, ён усеўся за свае паперы з тою думкай, што даводзіцца апошнія фунты і пуды перарабляць у кілаграмы. Яго лагодны, радасны настрой не ўлягаўся. Крыху папрацаваўшы, ён схапіў скрыпку са сцяны і ўдарыў увішную польку...