epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Коклэ

Хай бушуе прыбой за сцяною,

Рыбакі ўжо вярнуліся з мора,

Дык ласкаваю, цёплай струною

Няхай коклэ цяпер загавораць.

 

У рыбацкай прыцішанай хаце —

Твары добрыя ў ценях суровых,

І сямейкаю цешыцца маці,

І не хмурацца бацькавы бровы.

 

Пад рукою рыбачкі-нявесткі

Коклэ родныя сказы выводзяць,

І да сэрцаў чаканыя весткі

З даляў ветраных песняй прыходзяць.

 

І у зорным, абветраным прыску

Льюць задумныя, ціхія тоны...

А мне сняцца у хатнім зацішку

Беларускіх цымбал перазвоны...