epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Коленька

Яго назвалі Коленькам тады, калі ён на руках акушэркі ў радзільным доме першым крыкам заявіў права на жыццё.

— Мар’я Іванаўна, — гаварыла акушэрка, — каб хоць ён не быў у вас капрызны. Усё носікам нечага шукае і шукае... Наце яго вам.

Мар’я Іванаўна туліла да сябе маленькую істотку ў пялёнках і была задаволена ім і сама сабою. Яна ўжо тады паціху пачынала марыць аб будучым свайго Коленькі, што, вядома, трэба лічыць зразумелым і натуральным.

У пялёнках прамінулі першыя тыдні, а потым і доўгія месяцы дзіцячага жыцця, а пасля на змену з’явіліся сарочачкі, кашулечкі, штонікі, світэркі, а на ножкі — туфелькі, чаравічкі, валёнкі з галошамі. Пачалося сапраўднае дзяцінства Коленькі. Ён бегаў, ён многа чаго прасіў у мамы, і мама — ціхая, нядаўна вясковая жанчына сярэдняга веку — намагалася задавальняць жаданні сыночка. «Ён жа яшчэ маленькі...» Бацька Коленькі, Авяр’ян Міхайлавіч Падлесны, працаваў бухгалтарам у міністэрстве і ў выхаванні сына ўдзелу, можна сказаць, і не браў. Толькі ўсяго і было сустрэчы з хлопцам, калі Авяр’ян Міхайлавіч прыходзіў з работы. Ён браў сына на рукі, садзіў на калені і кожны раз пытаўся ў жонкі, нашто гэта на малым надзеты два суконныя світэры. У кватэры ж цёпла. Жонка даводзіла, што дзіцяці можа быць холадна, і казала: «Каб ты, мужанёк, не чапляўся да чаго не трэба».

Але вось аднаго разу сынок, седзячы ў бацькі на каленях, мацаў рукой гузікі ў пінжаку і раптам закрычаў: «Хачу гузіка!» Мар’я Іванаўна ўзяла з бляшанай скрыпкі ад цукерак вялікі блішчасты гузік ад жаночага паліто і працягнула сыну:

— На вось табе, Коленька, гузічак, бачыш, які харошы. А ў таты нельга браць гузік, сыночак, тату трэба ісці заўтра на работу... На гузік, Коленька...

Коленька адпіхаў руку мамы, пачынаў крычаць: «Не хачу гэты, хачу татаў!» І цягнуў, ірваў гузік на пінжаку пачцівага Авяр’яна Міхайлавіча. Што рабіць з гэтым малым? Ён пачаў ужо крычаць: «Давай гузік!» Авяр’ян Міхайлавіч спускае сынка з каленяў на падлогу, сынок пачынае біць тату дзіцячымі кулачкамі, а потым падае і пачынае качацца па падлозе з крыкам: «Хачу гузіка!» Пачцівы Авяр’ян Міхайлавіч хмурнее, злосна пазірае на жонку, а сынок усё верашчыць, патрабуе бацькавага гузіка. Авяр’ян Міхайлавіч урэшце ўстае, падымае сынка з падлогі... Жонка прыкмеціла, што яе зраўнаважаны мужанёк задумаў нешта ліхое, і кінулася перахапіць Коленьку, так што Авяр’ян Міхайлавіч паспеў даць сыночку ў попачку толькі аднаго шлёпанца.

Сыночак заверашчаў на ўвесь голас, хоць ты затуляй вушы і ўцякай з кватэры.

— Звер ты! — гнеўна кінула на мужанька Мар’я Іванаўна.— Ці ж можна так дзіця?..

Пачуццё правіны кальнула пачцівае сэрца Авяр’яна Міхайлавіча, і ён пачаў гаварыць жонцы перапрашальным тонам:

— Хіба ж я моцна? Дурная ты...

Пасля гэтых слоў сынок залямантаваў яшчэ мацней. Мар’я Іванаўна і туліла і лашчыла яго, але жаль ад бацькоўскай крыўды не заціхаў. Авяр’ян Міхайлавіч распрануўся і павесіў пінжак у шафу, каб схаваць ад вачэй сына гэтыя праклятыя гузікі. Але сын, заўважыўшы такі «манеўр» бацькі, з крыкам пацягнуўся з рук мамы за татам і не змяніў сваіх памераў. Крычаў далей: «Хачу гузіка!» Авяр’ян Міхайлавіч сказаў Мар’і Іванаўне, каб яна адышла з сынам на кухню, што тая і зрабіла. Бацька пачаў шукаць у той жа бляшанцы гузік, падобны да тых, што ў пінжаку. Знайшоў. Вось перамога! Урэшце перастане крычаць сынок. Паклікаў маму і сына з кухні і насустрач ім працягнуў гузік. Сын раптам заціх, разглядаючы цацку, і пры супольнай уцесе бацькоў прыняў яе. Мама пусціла малога на падлогу. Ну... канец. Бацькі з палёгкаю ўздыхнулі.

У кутку на круглым столічку зазваніў тэлефон. Авяр’ян Міхайлавіч падышоў і зняў трубку. Клікаў яго сусед, таксама бухгалтар, зайсці на хвілінку.

— Просіць Смірноў чагосьці, каб зайшоў.

Авяр’ян Міхайлавіч стаў адзявацца. Коленька ўзняў вочы на тату і прашваргатаў:

— Ты пойдзес да сівабародага!.. Га?

Бацькі пераглянуліся.

— Няможна так гаварыць, сынок. Дзядзя Ваня харошы, ён табе цукеркі прыносіў. Помніш?

— А мама казала — сівабароды...

— Калі ж гэта я казала? Што ты выдумляеш? От... — Мар’я Іванаўна дакорліва паківала галавою. А сынок тым часам разглядаў на пінжаку Авяр’яна Міхайлавіча не што іншае, як тыя самыя гузікі, зноў застукаў ножкамі, кажучы, што той гузік, які ў яго ў руцэ, не ад пінжака. «Хачу ад пінжака!»

Бацькі зноў пераглянуліся. Што гэта за назола? Яны пачалі пераконваць сыночка, што гузік у яго руцэ такі самы, як у пінжаку, але сынок стаяў на сваім.

— Хадзі сюды, Коленька, — паклікала сына Мар'я Іванаўна і ўзяла на рукі, стала выціраць яму твар і ганарыцца сынам: — От дзіця... І як гэта можна здагадацца, што гузік не ад пінжака? Маё разумнае дзіцятка...

За ганарэннем быў моцны пацалунак у шчочку ўжо больш як трохгадовага малога. А малы ныў... ныў цягучай нотай і верадзіў сэрца. Авяр’ян Міхайлавіч ужо гатоў ісці да суседа Смірнова, думаючы, што, можа, сын уціхамірыцца, калі сыдуць яму з вачэй гузікі.

— Ну, я пайшоў... — прамовіў ён.

Сынок закрычаў дзікім голасам: «Хачу гузіка!»

— Ён мяне тут замучыць, калі ты пойдзеш, — сказала Мар’я Іванаўна і ўзяла са століка сцізорык.

— Дай адрэжу, бо тут цішыні не будзе, — звярнулася яна да мужа.

Авяр’ян Міхайлавіч паставіў на жонку вочы.

— Ты што? Звар’яцела?

Пачалася слоўная перапалка паміж імі. Мар'я Іванаўна сваё: «Дай адрэжу!» Авяр’ян Міхайлавіч сваё: «Не дам!»

З боку Мар’і Іванаўны пайшоў у рух так знаёмы і мілы нашым сялянскім вушам моцны каларыт роднай вёсачкі недзе з-пад Бярэзіны:

— Халера не возьме твайго касцюма!..

— Трэба здурэць, каб рабіць штосьці такое! — разоніў сваё Авяр’ян Міхайлавіч.

Мар’я Іванаўна ўрэшце выпусціла малога з рук, учапілася за гузік мужавага пінжака. Сынок змоўк і з цікавасцю назіраў за мітуснёй бацькі і маці.

Пачцівы Авяр'ян Міхайлавіч аж абліўся потам — гузік быў у руках жонкі. Яна яго працягвала ўжо ўсцешанаму сыну. Авяр’ян Міхайлавіч зазлаваў, моўчкі распрануўся і дастаў з шафы другі пінжак.

— Ну, а ад гэтага не будзеш адразаць? — тонам дакору спытаўся ў жонкі.

— От дурны... Яму шкада гузіка дзіцяці.

Авяр’ян Міхайлавіч пайшоў. Мар’я Іванаўна села за шыццё. Добра стала на душы, што ўрэшце малы знайшоў сабе супакой. Стукацела швейная машына, Мар’я Іванаўна, здаецца, забылася за ёю пра ўсё. Машына строчыць сваё, а думкі Мар’і Іванаўны — сваё. Але нешта надта стала ціха. І толькі ў адным моманце, калі нага спыніла кола машыны, Мар’я Іванаўна аглянулася і раптам ахнула ад таго, што ўбачыла. У адчыненай шафе між павешаных касцюмаў і іншай вопраткі стаяў яе Коленька і з сапеннем, нават з прыстогваннем, працаваў з ножыкам ля бацькавага пінжака. Ён адразаў гузікі. Мар’я Іванаўна ўсхапілася, вырвала з ручкі сына ножык, які яна ў свой час не схавала, ударыла сына па руцэ. З другой зашчэмленай ручкі стала вырываць гузікі.

Зноў пачалася крыклівая, назойлівая пакута.

Не сцярпела Мар’я Іванаўна, дала аднаго шлёпанца любімчыку. Той паказаў, як і заўсёды, сілу свайго голасу. Мар’я Іванаўна ўжо брала яго на рукі, а сыночак пакаціўся па падлозе з крыкам. Ляжаў і верашчаў аж да хрыпу. Мар’я Іванаўна села, склаўшы рукі на калені, і заплакала. Што рабіць? Трэба ж учапіцца яму да гэтых гузікаў. Сыночак плакаў — то з павышэннем тону, то з паніжэннем. А Мар’я Іванаўна плакала ціха. Потым расшчаміла свой кулак, паглядзела праз слёзы на чатыры шэранькія гузікі і падышла да несціхаючага сына.

— Сціхні, сынок, сціхні, Коленька, на твае гузічкі.

Коленька плакаў з закрытымі вачыма, не верыў, што мама хоча аддаць яму з пінжака Авяр’яна Міхайлавіча жаданыя гузікі.

— На, сынок, паглядзі... Не верыш?

Сынок глянуў, пераканаўся, што мама сапраўды хоча аддаць яму жаданыя гузікі, сціх, сеў і забраў іх з рукі мамы. А мама ўжо выцірала яму твар, гладзіла па русай галаве і надзявала яшчэ адзін, трэці, світэр...

* * *

Ішоў год за годам. На свет прыйшла яшчэ Леначка. Коленька, заўсёды апранены ў дзве кашулі і палітончык, хадзіў па двары з кіёчкам і намагаўся дастаць ім шыбіны самых ніжніх акон. Кожны тыдзень патрабаваў новых цацак. Яму іх куплялі. І набралася іх бадай-што воз — розных машын, верхавых коней, калясак, веласіпедзікаў, завадных кракадзілаў, жаб, катоў — па некалькі штук кожнага гатунку. Авяр’ян Міхайлавіч не мог пагадзіцца з такім парадкам выхавання сына і не раз бунтаваўся. Але супроць яго станавіліся ўжо больш моцна яна — Мар’я Іванаўна — і сын. І такім чынам клалі пачцівага бацьку, як кажуць, на лапаткі. Са сціснутым сэрцам даваў ён грошы Мар’і Іванаўне на ўсялякія адмысловыя цацкі, а тая ўсё гаварыла:

— Хіба ты ўмееш выхоўваць дзяцей?

І зараз жа да сына:

— Зараз пойдзем купляць, Коленька...

І ішлі купляць. А Авяр’ян Міхайлавіч браў газету, каб дачытаць яе, але чытаў там ужо не тое, што ў ёй напісана. Усё злівалася ў мярэжку, на якой выскаквалі чорныя словы: «Нельга пагадзіцца з такім выхаваннем...» Адкладаў газету, уздыхаў, і пасля дым папяросы, павольна расплываючыся па пакоі, разносіў яго ўздыхі. На дварэ вясна ў поўнай квецені, усе людзі рады паказаць сонечнаму паветру свае расхрыстаныя грудзі. Дзеткі бегаюць у адных кашульках, у тапачках, без шапак, а яна... Яна, Мар’я Іванаўна, нацягвае сыну на ногі доўгія, за калені, панчохі, надзяе суконны світэр і суконную шапку з вушамі. Хоць бы кепку, а то — шапку... Адкуль яна ўзяла гэтую шапку, нейкую зялёную, ды яшчэ з вушамі? Цьфу!

Раздумвае Авяр’ян Міхайлавіч і не бачыць магчымасці, як усё выправіць. Замоцныя пазіцыі занялі маці і сын супроць яго. І недарма Авяр’ян Міхайлавіч, прыйшоўшы з работы, найбольш хіліцца да Леначкі, да дочачкі, якая ўжо ходзіць, тату трэпле за валасы, абдымае, слініць (цалуе) у шчаку. Залатое дзіця! А гэты! Гэты Коленька... невядома, што з яго будзе. Але ж ён сын, нічога не зробіш. Можа яшчэ як-небудзь выправіцца.

Так думаў Авяр’ян Міхайлавіч і не вельмі верыў сваім спадзяванням.