epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Куфэрачак

Шэсцьдзесят мінула. Ідзе сёмы дзесятак. Але, відаць, не ў гэтым справа для Пятра-майстры. Як ты ні круці, як ні думай, а гады ўсё роўна ішлі і будуць ісці...

Другое займае майстру Пятра. Вось ужо хутка вечар, а ў хату ніхто з сям'і не загляне. Сямейка, дзякаваць, немалая — тры дачкі, два сыны. Засталіся толькі меншыя — дачка і сын, а тыя ўжо жывуць асобна. Дочкі замужам, а сын паехаў на Украіну. Усё гэта добра. Сын, вядома, вернецца. Прыязджаў вярбоўшчык — ну, ён і паехаў... Але жонка... Усё яна... Што ёй трэба? Ну, што ёй трэба?!

Так пытае сам сябе майстра Пятро, седзячы адзін у хаце. На ім скураны рабочы фартух. На шэрым ілбе выступіў пот. Пятро курыць, адпачывае. Побач з ім адпачывае і такарны станок, на якім можна выточваць утулкі для колаў, верацёны, таўкачыкі таўчы бульбу, чаранкі для нажоў і іншыя рэчы. Пятро ў апошнія часы робіць найбольш чаранкі для нажоў і самыя нажы, бо ў станку ёсць і тачыльныя кружкі. Нажы гурбачкай ляжаць вось недалёчка на лаве — новыя, блішчастыя, свежанавостраныя. Ёсць з грушавымі, а ёсць і з дубовымі чаранкамі. Работа гладкая, чыстая. Людзі ахвотна купляюць яго нажы.

Змрокі ўсё гусцей кладуцца па кутках старой, яшчэ бацькавай, хаты. З вуліцы час ад часу даносяцца дзіцячыя галасы. То зарохкае свіння, то заспявае певень... І зноў ціха. Хоць бы хто прыйшоў перакінуцца словам.

Пятро любіць гутарыць, субяседнічаць. Наведвае яго найбольш моладзь. І тады Пятро пытаецца, што чуваць у праўленні калгаса, ці не вырашылі часам, калі будуць перасяляць вёску ў лепшае месца — у вышэйшае, дзе і сонца больш і восенню сушэй. А ўчора крэсліў хлопцам на паперы, якія павінны быць новыя дамы на новым месцы.

А яна, жонка, усё вохкае ў кутку зняважліва, называючы Пятра пустазвонам.

— Век, колькі ты жывеш, усё плешчаш языком... Ты ўжо і дарогі даўно пабудаваў і масты вунь над рэчкай паклаў. Усё будуеш, а як не было нідзе нічога, так і цяпер няма... А ён усё пляскае і пляскае... Людзей смяшыць...

Пятро толькі глянуў у бок жонкі Тацяны, сказаў «не перабівай» і далей прадаўжаў выкрэсліваць чарапічныя стрэхі і балконы. Як жа можа быць інакш? То ж Пятро, майстра-летуценнік, яму хочацца, каб на свеце было лепш. Жонка гэтага ніколі не разумела.

Але вось хутка вернецца яна з поля з дачкою.

У калгасе капаюць бульбу. Восень. Адважылася лішні раз пайсці і жонка, а так увесь час крычыць:

— А чаго я пайду? На цябе працаваць?

— Я на сябе сам зараблю, — бароніцца Пятро.

І вось робіць. Хто ў калгасе рамантуе калёсы? Пятро. Хто вяжа мётлы, венікі? Таксама ён. Хто крычыць часам на вуліцы, каб адкрылі чарапічны завод вунь там на гары, дзе многа жвіру? Усё ён. А ў вольны час ад такой работы Пятро майструе і вострыць людзям прыгожыя кухонныя па-гаспадарску зробленыя нажы.

Жонка высмейвае і гэтую ягоную работу.

— Учапіўся за гэтыя нажы, як маленькі...

Так дзень за днём і дайшло да таго, што жонка стала адкрадвацца да дачкі — спярша вячэраць, а потым абедаць і снедаць. Павалакла за сабою і меншых — дачку з сынам. Так застаўся Пятро жыць у хаце амаль адзін. Праўда, дзеці, ды і сама яна, вядома, заходзяць ў хату. Дачка нават пытаецца, што тата еў. А жонка робіць выгляд, што ўсё ў парадку.

І пайшла тады па вёсцы гутарка ўсякая пра куфэрачак Пятра.

Гэта быў невялічкі куфэрачак, з якім Пятро аб’ехаў нямала дарог яшчэ царскай Расіі, з якім, калі Пятру некалі стукнуў дваццаць адзін год, ездзіў ён у далёкі Пецярбург, каб адбыць ваенную службу.

Пятро высокага росту, ён і зараз не сагнуты, не згорблены, яшчэ засталася тая гвардзейская выпраўка. Яна, відаць, не гіне, жыве ў чалавеку заўсёды.

На сцяне вісіць партрэт маладога Пятра ў мундзіры салдата лейб-гвардыі Стакгольмскага пяхотнага палка. Вінтоўка гранёным штыком кранаецца шапкі-бесказыркі, зухавата ссунутай на правае вуха.

Дзве памяткі маладосці — партрэт і куфэрачак.

Куфэрачак быў афарбаваны некалі ў зялёны колер, які зрабіўся цьмяным, абцёрся з часам, але ўсё роўна зелянеў на покуці. У куфэрачку заўсёды ляжала некалькі кніжак, нядаўна куплены невялікі сшытак, два-тры канверты (трэба ж часам і ліст напісаць), у прыскрыначку ляжала заўсёды добра наведзеная брытва ў старым, ужо дзіравым чахле, мыльнічка, памазок, кавалак лепшага мыла, розная дробязь: гузікі, гузічкі, клубочак нітак з іголкай, кавалачак воску і нават напарстак. Па такіх рэчах у куфэрачку можна зразумець, што Пятро быў некалі акуратным салдатам, як і цяпер акуратны майстра.

З кніжак у куфэрачку былі: Леў Талстой — «Так што ж нам рабіць?», і, мусіць, выпадкова трапіла сюды аповесць Караленкі «Без языка». Але на дне пад гэтымі кніжкамі хавалася тоўстая кніжыца, для якой Пятро нават парабіў палатняныя вокладкі, бо кніжка была даўняя, заношаная. Гэта быў песеннік, багаты зборнік рускіх песень — выданне яшчэ добрай памяці Сыціна. Насіў песеннік прыгожую назву: «Ах, зачем эта ночь...». Некалі на маляўнічай вокладцы сядзеў на лавачцы ў месячную ноч чалавек з чорнымі вусамі, у каўпаку, схіленым на правы бок, і іграў на гітары... Хавае Пятро гэты песеннік, хоць ужо рэдка, рэдка калі спявае.

Толькі часам у дзень адпачынку адкрые Пятро гэты запаветны песеннік і прачытае, што яму падабалася некалі:

 

Что так жадно глядишь на дорогу

В стороне от веселых подруг?..

 

А цяпер да сталых рэчаў у куфэрачку паступова прымасціліся і іншыя рэчы. Яны і некалі займалі месца ў ім, але толькі ў час далёкага падарожжа. А зараз, седзячы дома, трэба хаваць іх у куфэрачак. Што за прычына? Што гэта за рэчы? Ды звычайныя, самыя звычайныя: пакушачка чаю, пакецік цукру, буханка купленага ў сваім мястэчку хлеба. Часам, хоць рэдка, трапляе ў куфэрачак на адзін дзень два звараных яечкі. Калі жонка ўсё менш і менш даглядае яго, усё хавае ад яго, — дык што ж рабіць Пятру? Трэба неяк пражываць аднаму. І ён жыве.

Пятро ўстае кожны дзень у адзін і той жа час — вельмі рана. Умыецца, прычэша сваю «польку». Жонка ўстае пазней. Наварыць таго-сяго. Прыбягуць унукі. Яна з дачкою, сынам і ўнукамі паснедае. А што з ежы застанецца, паставіць на прыпек — хай «ён» хоча есць, хоча не. На час іхняга снедання Пятро выходзіць з хаты што-небудзь рабіць на падворку. Як жа можна інакш, калі пра яго ўжо не турбуюцца?

Калі ўсе разыходзяцца з хаты, тады Пятро вяртаецца і бярэцца за снеданне. Загляне ў гаршчок на прыпеку, а там толькі тры бульбіны. Спачатку ён гэтыя «астаткі» еў, а потым крыўда ўзяла за душу, перастаў і цалкам перайшоў да куфэрачка.

Адчысціў сіні паліваны чайнік, ужо стары, абабіты, які вісеў у каморы пад страхою як непатрэбны, і стаў варыць у ім сабе чай. Дачка сцяміла намеры бацькі і кожны ранак, не пытаючыся маці, ставіла напоўнены вадою чайнік на пліту.

Снеданні кожны дзень сталі аднолькавымі. На покуці — адкрыты куфэрачак. Века яго ўнутры абклеена карцінкамі з нейкіх часопісаў. Там ёсць партрэт Льва Талстога з сівой раздвоенай барадою, побач — адмірал Нахімаў, і ўрэшце вялікая каляровая карціна — ляцяць буслы над зялёным лугам. На табурэтцы, на рассцеленай газеце, стаіць чайнік з варам і кубачак на сподачку. Пятро бярэ з куфэрачка хлеб, адразае скібку вострым бліскучым ножыкам сваёй работы, адразае асцярожна; схіліўшы галаву, глядзіць з замілаваннем за рухам нажа. Адзін кавалачак цукру кідае ў кубачак...

Часам хто-небудзь з аднавяскоўцаў зойдзе да яго ў гэты час і застане за снеданнем. Пасядзеўшы, спытаецца:

— Так і харчуешся адзін?

— Ага... А што зробіш? Так і харчуюся...

— І доўга гэтак будзе?

Пятро пацісне плячыма, пачакаўшы, адкажа:

— Я ёй не падабаюся. Што ж... Учора нават гультаём назвала. А што было да гэтага, на валовай шкуры не спішаш. І стары, і затабаканюханы, і непаваротны, і дурны, і неахайны... Ну, а ўчора ўжо і гультая заслужыў... — Пятро махне рукою і дадасць: — Хай робіць, што хоча...

А жонка ў сваю чаргу апраўдвала перад людзьмі свае паводзіны:

— Нашто ён мне здаўся такі? Абрыд ён мне са сваёй гэтай круцёлкай... Толькі людзей смяшыць заўсёды.

«Круцёлкай» жонка называла такарны станок.

Выдаўся цёплы дзень. Не, не дзень, а лагодны, спакойны асенні дзянёк, калі сонца грэе мякка, ласкава, калі ўсё ў маўчанні недзе занята сваёй працай — не толькі людзі, але і жывёла, птушкі. Усё рыхтуецца да зімы. Глуха чуваць, як недзе далёка курлычуць жураўлі.

Пятро выйшаў са сваёй «машынай» на двор, за сенцы, каб не відаць было яго з вуліцы. І так задумаўся за сваёй работай, што аж здрыгануўся, калі раптам пачуў гутарку ў сенцах. Гутарылі дзве жанчыны. Адна з іх была жонка Пятра. Яны, відаць, гутарылі, ідучы, і так з гутаркай зайшлі ў сенцы. Пятру даляцела да вушэй толькі некалькі слоў:

— ...Ну чаго ты хочаш? Ён жа на дваццаць пяць год старэйшы за мяне. Дзе ўжо яму...

— Шкада ж чалавека... Падумай.

Хатнія дзверы рыпнулі і зачыніліся. Стала ціха.

Для Пятра яшчэ больш пацішэла на свеце. Кінуў работу, сеў на калодачку, прыпёрся спіною да сцяны і выпрастаў ногі. Некаторы час сядзеў, прымкнуўшы вочы. Думаў. Потым зняў кепку, палажыў побач. Якраз хадзілі блізка дзве курыцы. Ён паклікаў іх і пасыпаў ім пяску, як зярнят. Пасля закурыў і пайшоў у вёску.

...У хаце Пятро адзін. Усе пайшлі глядзець кінакарціну. Ён не запальвае газнічкі. Добра, сцішна сядзець яму і так, глядзець, як вясёлым полымем гараць у печцы хварасцінкі. На пліце грэецца чайнік. Глядзіць Пятро на полымя, ад якога языкі падаюць на сцены і там калышуцца, дрыжаць. І падчас здаецца Пятру, што гэта жывыя людзі скачуць недзе ў светлай хаце. Скачуць... Бо гэта яго, Пятра, вяселле. Ён жэніцца на маладзенькай Тацяне. Яна ростам яму пад руку. Людзі глядзяць і дзівуюцца. Так ужо склалася — ваенная служба, адна вайна і другая. Зварот з бежанства, з Расіі... Сама ж заляцалася... ах, ах, ах... А цяпер?

Думае Пятро — то спахмурнее, то ледзь усміхнецца, то зробіцца сумным і абапрэцца тварам на рукі. А па кутках усё ўвіхаюцца, усё скачуць нейкія белыя жанчыны. Часам Пятро схопіць вокам, непрыкметна павярнуўшы галаву, і кожны раз пазнае яе, Тацяну,— у белым, вясельным убранні...

На пліце зашыпела. Пятро абудзіўся ад задумы і адставіў чайнік. Тады запаліў газнічку на кухонным стале перад печчу і падаўся к покуці, да куфэрачка. Выняў з кішэні ключык і адамкнуў яго. Века лёгка, прывычна адчынілася пад рукой Пятра. Адтуль запахла чаем і яблыкамі.

— Ну, куфэрачак, — прамовіў Пятро, — будзем жыць з табой, стары таварыш. Мо дажывём да другой маладосці?