Я слядоў сваіх прагна шукаю
Па лясістых палескіх шляхах
І цяпер вось яе сустракаю,
Кветку, знаную ў думах і снах.
Яна вырасла гожа, высока
Між нягодаў і слотаў жыцця,
І глядзіць яе зорнае вока
На палескі задумны прасцяг.
Тут чароты шумелі над ёю
І тулілі туманы ўначы,
Як бы зналі, што з гэткай красою
Можна ўсе непагоды змагчы.
Яе водбліск у тварах іграе,
У дзявочых усмешках гарыць,
Сэрца музыкай вольнай кранае,
Што над водамі ў далях дрыжыць.
Гэта вее вясна — наша госця,
Нам расшыла вянкі на грудзях,—
Дык заліся, гармонь маладосці,
Паглыбей, нашых вёслаў размах!
Я ж казаў — гэтай думы аб кветцы
На прасторах балот не згублю —
І цяпер хаджу з песняю ў сэрцы,
Запаветнае нешта люблю.
Будзе кветка гарэць на прыволлі
І раскажа, што шэпча чарот,—
Ведаў, што гадаваць у бяздоллі,
Тут, вякамі забіты народ.
Сярод пушчаў, пяскоў і балотаў
Выпіў горкую чару да дна,
Вось і выпесціў долю ў журботах —
Кветкай шчасця завецца яна.