epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Ля помніка Лермантава

Сплывае вечар цішыні

На горныя прасторы,—

Аб чым, паэт, у смутку сніш,

Аб чым душой гаворыш?

 

Ўначы таполі нам з журбой

Ўсё аб табе гавораць,

Ў вянок сплялося над табой

Далёкае сузор’е.

 

Калі над сонмам ціхіх гор

Ўстае ў прахладзе ранак,

Ты ўвесь загледжаны ў прастор

Душой зачараванай.

 

Мо хочаш песеньку пачуць,

З каўказскага улуса,

Рукой прыветнаю махнуць

Да снежнага Эльбруса?

 

Мне так знаёмы смутак твой

У зроку распалёным,

У думках зорных хараство,

Адвагай акрылёных.

 

Знявагі, здзеку ў сэрцы нож

Тых царскіх, моцных свету,—

Жыццёвы ветразь цябе нёс

Самотна, без прывету.

 

Плывём цяпер мы к новым дням

У шумным карагодзе

І, як бы ні прыйшлося нам,

Цябе, паэт, знаходзім.

 

І колькі будзе жыць наш свет

З трывогай-барацьбою,—

Ці хто паэт, ці не паэт —

Панікне прад табою!