epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Ляснік

Вітаю, Даніла, як вестку-надзею,

Сустрэць тут цябе не чакаў.

Я знаў скрыпача-чарадзея,

А бачу цяпер лесніка.

 

І што ж гэта сталася, мілы Даніла,

Зусім ты зрабіўся стары.

А дзе ж зухаўство тваё, сіла,

Якімі ты цуды тварыў?

 

Без ліку найграў за жыццё ты вяселляў

І многа найграў вечарын,

Дзе маладосць віравала, кіпела

Праз ночы да самай зары.

 

Цяпер вас жыве толькі трое,

Бы ў казцы якой ці у сне,—

Ты, і ружжо драбавое,

І скрыпка твая на сцяне.

 

Няма тваёй жонкі і дзетак —

Замучыў іх кат-людамор,

І ты, як вандроўнік без мэты,

Па ночах імкнешся да зор.

 

Пустэльнікам стаўся, жывеш, як бяздомнік,

Чаму ж ты адрокся сяла?

У бор мнагадумны, таемны

Мо скрыпка цябе прывяла?

 

Ў вачах тваіх ціхасць цяжкая застыла...

Яшчэ, знаць, твой смутак вялік,

Бо, вусы спусціўшы, Даніла,

Ты сівай чупрынай панік.

 

Пакінь жа, Даніла, ўсю гэту задуму,

Хай камень ў грудзях не ляжыць.

Я знаю таксама, не думай,

Як цяжка на свеце без радасці жыць.

 

Вазьмі сваю скрыпку, вазьмі ты, Даніла,

Няхай загаворыць яна,

Каб сэрцу уцехі прасіла

У восені ціхай струна.

 

Зайграй жа пра новыя дні маладыя,

Пра наш адваёваны край,

Пра пошумы ніваў і былі лясныя

Зайграй жа, Даніла, зайграй!