epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Ленінграду

Здаецца мне, што помню ўсё,—

Цябе, вялікі Ленінград,

Дзе новы час для ўсіх прыйшоў

Пад сцягам збройных барыкад.

 

Я там не быў, а помню ўсё,

Бо нёс у сэрцы з барацьбой

Той жэст, што ўсім навек прасцёр

Вялікі Ленін над табой.

 

Хоць Беларусь, мая зямля,

Была калісьці сіратой,—

Яна ў гісторыю прыйшла

Народнай ленінскай ступой.

 

У дні баёў, у дні трывог,

На акрываўленых шляхах

У дні грымучых перамог

Нам Ленінграда веяў сцяг.

 

Блакада... сцюжа і пажар —

Ўсёй лютай эпапеі шлях...

Нам не забыць тваіх ахвяр

Навек, бяссмертная зямля!