epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Ліст са Швейцарыі

Цёмна ў шэрай хаце.

Нудна... Адзінота

Нема затаілася

па сырых кутках.

Села з доляй-прасніцай,

з вечнаю турботай

Маці пасівелая думы-мары ткаць.

Плынь цячэ кудзельная

той цярплівай ніткі,

Што спавіла горкае,

сумнае жыццё

Зрэбнінай калючай

ад самой калыскі,

Пра жыццё гаворыць ёй,

пра незабыццё.

Тое ж не забудзецца,

што ў душы сплялося

Ва ўсе дні і ночанькі

ад жахлівых дум,

Што квітнела ў сэрцы,

але не збылося,

І цяпер у мроях,

быццам светлы сум...

Родны сын не піша,

кінуты за краты,

Не пазбыць трывогі і тугі павек...

Белы цар лютуе,

і катуюць каты,—

За свабоду ў лёхах

гіне чалавек.

Пры кудзелі здрэмлецца

стомленай душою,

Галава пахіліцца

у знябытым сне,

І акенцы журацца

пад сівой страхою —

Прыгалубіць матчыны

сны задумны снег...

Ціхасць адзінокая

адзінокай хаткі

Спавіла над маткаю

ціхі рой надзей,

Недарэмна коцік

мые свае лапкі —

Можа, шлях завеяны

госця прывядзе...

Недзе нешта рыпнула,

маці ўраз ачнулася...

«Божа, што за сон такі —

аж душа дрыжыць

Хтось дзвярыма стукнуў —

можа, так пачулася?»

Глянула —

на століку

белы ліст ляжыць.

І пісьмо чыталі

той гадзінай шараю,

І пазнала матка:

сын уцёк з турмы,

На канверце значыцца

нейкая Швейцарыя,

І ў пісьме пра Леніна

прачыталі мы.