epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Маці

Ноч снежная ў акно загадкаю глядзела,

Па хаце палыхаў у ценях бляск лучыны,

А ты, тужлівая, сядзела за кудзеляй,

Нахмурыўшы над бровамі маршчыны.

 

І дзіўным для мяне было тваё маўчанне —

То восень так маўчыць, як сыплюцца лісты...

Хвіліну кожную хацелася прызнання:

Чаму ж так погляд твой ў суровасці застыў?

 

Я быў у зношаным, палатаным шынелі,

А ногі мокрыя сагрэла цеплыня,

І, абапершыся з вінтоўкай на калені,

Я ціха думкаю у даль жыцця лунаў...

 

Гадзіны ўсё плылі, і патыхаў цяплом

Лучынны камінок бяздомны, адзінокі...

Вось поўнач за акном шарахнула крылом,

А маці не рассталася з задумаю глыбокай.

 

— Скажы, скажы мне, маці, дзе ж твая сям’я?

Чаму так пуста, холадна у хаце?

Ты не здзіўляйся, не, што так пытаю я,

Я — свой табе, скажы, не бойся мне сказаці.

 

— Мяркую, што ты свой, хоць многа цяпер зброду

Валочыцца у нас, палюе на людзей,

І гіне шмат нявіннага народу —

Жанок, мужчын, старых, дзяцей.

 

Глыбокі ўздых растаў павольна па кутках,

Маршчыны зноў над бровамі сышліся,

Па нітцы павяла прывычная рука,

І губы ў вострым болю зацяліся.

 

— Я мела трох сыноў, саколе мой.

Малодшы спіць ужо ў сырой зямельцы,

Яго, як партызана, жніўнаю парой

Забралі і забілі немцы.

 

А двух другіх у арміі даўно...

І калі з Мінска надышоў наказ,

Дык зашумела нашае сяло.

Сказала я:

«Ну што ж, сынкі, бывайце, ў добры час!»

 

Мінула восень, вось цяпер зіма,

Душу туга і думка адалела,—

Ні вестачкі, ні аднаго пісьма

Я з таго часу ад сыноў не мела.

 

Скажу яшчэ... Хоць страшна мне самой...—

І словы ў голасе старое задрыжалі...

— Нядаўна гэтаю марознаю зімой

Нявестку з ўнучкам ворагі забралі.

 

Якою смерцю згінулі абое —

Не ведаю... Не бачыла іх ран...

Забралі ж іх, сынок, за тое —

Насілі яны есці ў лагер партызан.

 

Нявестка... божа мой!.. Як кветка, маладзіца.

І ўнучак рос. Не верне іх вясна.

І дзе цяпер мне, беднай, прытуліцца?

Як пень стары, сяджу, тужу адна.

 

І вось табе мой сказ.— Гаручая лучына

Свой разлівала бляск па сценах, па кутках,

Іграла ценямі па струджаных маршчынах,

А нітку ўсё вяла прывычная рука.

 

Па ночы цёмнай ў інеі пушыстым

Далёка затрашчаў за вокнамі мароз —

То сівы бор ў цішы марознай і празрыстай

Пра быт дрымучы голас нам прынёс...

 

— Ідзі ужо, сынок, бо стараста дазнае...

Учора з немцамі паліцыя была...

Чаму іх бог чумою не скарае?

Чаму не прыбярэ іх нашая зямля?

 

Дала ў кішэню мне кавалак хлеба,

Сказала пару слоў яшчэ пра здзек, пра глум.

Надходзіла світанне, ўжо віднела неба,

І я пайшоў у белую імглу.

 

А потым было ўсяк. Дзе Гомель, Магілёў

І дзе шырокая хвалюючая Прыпяць,

Я не забыўся ціхіх і суровых слоў —

Яны мяне й цяпер трывожаць і калышуць.

 

З баямі мы ішлі, грамілі гарнізоны,

Мы прарываліся праз пушчы і палі,

Масты ўзрывалі мы, спускалі эшалоны

І раз у вёску нейкую прыйшлі.

 

На скрыжаванні дзвюх дарог мы бачым

шыбеніцу,

І труп вісіць, схіліўшы галаву...

Ці можа што падобнае прысніцца?

Я анямеў і ў бездань цёмную плыву...

 

Здымаем труп з пашанай, зрэбнінай адзеты...

І, глянуўшы на твар, авеяны журбой,

Я крыкнуў мсціўцам: «Знаеце, хто гэта?

За маці партызанскую — на бой!»