epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Мацуйся

Мацуйся, мой браце, ў крывавым змаганні

За волю Радзімы — забітай зямлі.

Няўжо нам заўсёды бадзяцца ў стагнанні,

Жыць тым, што вякі падняволля далі?

 

Змагайся, мой браце,— не здайся ніколі,—

За свой пад’ярэмны і змучаны люд,

Што, ў цемры абдаран кайданнаю доляй,

Аплакваў у немачы бедны свой кут.

 

Мацуйся, мой браце, ты молад душою,

Бо песню змагарскую ты пераняў.

Ідзі ж непахіснай і смелай ступою —

Той самай дарогай, якой распачаў.

 

Мы — дзеці цяжкое, мазольнае працы,

Мы — дзеці адзінай рабочай сям’і,

Свабоды з няволі ідзём дабівацца

Цаною сваёй збунтаванай крыві.

 

Па-новаму свеціць зара небасхіла,

Нясе нам прыгожыя, новыя дні,

І мы — маладая, наспеўшая сіла,

І мы — светазорныя бліскі-агні!