epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Мастак

У змрочны вечар нечая рука

Пастукала мне ціха да пакоя.

Я падышоў да дзвернага замка,

Узрушаны прыгодаю такою.

 

Бо хто ж, адкуль у нечаканы час

Прыйшоў маю парушыць адзіноту?

І чым мне госця позняга страчаць —

Ці дружбаю, ці, можа, неахвотай?

 

Госць увайшоў, нясмела, ціха стаў,

Як нейкі пілігрым, здарожаны, спакойны.

Ён капялюш, вітаючыся, зняў

І паглядзеў мне ў вочы пранікнёна.

 

Высокае чало і сівізна валос,

На твары — чулае, закрэплае натхненне,

І думу строгую над бровамі звяло

Ў маршчыны найвялікшае цярпенне.

 

З трывогаю гляджу на гэтай думы знак,

Руку працягваю з душэўным трапятаннем:

— Я пазнаю... Я пазнаю цябе, мастак,

Сядай, мой друг, хачу тваіх прызнанняў!

 

Мастак прысеў і позіркам ва ўпор

Ізноў крануў душу мне пранікнёна...

— Мяне сюды прывёў,— сказаў ён,— подых зор

І бляск агнёў у горадзе замглёным.

 

Бо сілай творчасці гарыць мая душа...

Схапіў бы кісць... Здаецца, без адрыву

На палатне б я думы ўваскрашаў,

Што ў свет імкнуць паводкаю шумлівай.

 

Ды што зраблю?.. Скажы, скажы мне, брат,

Як вызваліць накопленыя дзівы?

Мне правую руку адсек фашысцкі кат,

Каб я не маляваў прыгожасці Радзімы...

 

Замоўк мастак... Панікнуў галавою...

А Млечны Шлях за вокнамі — нібы рака...

І я, ахоплены трывогаю такою,

Загаварыў да сэрца мастака:

 

— Вялік твой боль, бо тужаць па табе,

Як ты і сам, прасторы нашых даляў;

Вялік твой боль, бо ў нашай барацьбе

Мы пішам свету новыя скрыжалі.

 

Павер, мастак не можа не тварыць,

Не можа кат зрабіць яго калекай,—

Мне ёсць аб чым з табой пагаварыць,

Мой друг, я веру ў сілы чалавека!..