epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Муж і жонка

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI
VII


І

Макар Крыўда шлёпаў мокрымі лапцямі па лясной дарожцы. Лес пасля дажджу дыхаў свежасцю і тонкай цеплынёй. Абмытыя дубы, сосны і бярозы стаялі ціхія, маладжавыя. Нават буйныя кроплі вады, якія блішчалі па лісцях, не падалі з дрэў. Тонкая цеплыня плыла па зямлі разам з лёгкім туманам, які павольна атуляў гушчыню. Далёкія бомы даносіліся невядома адкуль пераліўным звонам. Тонкім і чыстым было шчабятанне птушак. Час ад часу выразна сыпаліся трэлі салаўя. Далёка ў гушчыні мерна стукаў дзяцел.

За плячыма Макара рытмічна паскрыпвала каробка з сасновай дранкі. Апіраючыся на кій, пераходзіў ён па кладках цераз лясныя ручаіны. Лясная дарожка, як у казцы, вілася ў гушчыні і вабіла ісці і ісці.

Макару якіх сорак год. Твар даўно няголены, парос чорнай барадой. З твару глядзіць панурасць і нейкая затоеная цяжкая задумёнасць. Так пазіраюць яго цёмна-шэрыя вочы. Мокрая кепка сядзела на галаве, як грыб. Ішоў Макар павольна, з такім выглядам, быццам ён нікому непатрэбны чалавек. Дахаты засталося ісці яшчэ кіламетры чатыры, але ён забыўся аб гэтым. Макар вельмі любіў лес — ён у ім вырас. Ён з закрытымі вачыма мог бы пайсці ў любое яго ўрочышча, ён адчуваў подых яго глыбіні. І цяпер, ідучы, ён часамі падымаў галаву і пазіраў навакол. Яго ўвагу займаў то каржакаваты дуб пры дарозе, то бярозавая палянка, то зязюлька, што пачала адлічваць сваё «ку-ку». Там, дзе раслі амаль выключна адны сосны, вытыркнуліся з зямлі самыя раннія грыбы — смаржкі. Макар асцярожна браў іх з сасновай ігліцы, адрэзваў ножыкам карэньчыкі і клаў у каробку. Там, дзе скрыжоўваліся дарогі, Макар прыпыніўся, закурыў, а потым зноў рушыў далей. Часамі ўздых вырываўся з яго грудзей і вылятала слова. Яно гучала дзіўна адзінока, сказанае па сакрэту аднаму лесу.

— Не, брэшаце, сабакі, такі мая праўда, наша праўда, — вымаўляў сам сабе Макар і соп носам. Лёгкім рухам локця папраўляў каробку за плячыма і шпарчэй крочыў па дарозе.

Ужо трэці дзень як Макар не быў дома. Адыходзячы, сказаў жонцы, што пойдзе за дванаццаць кіламетраў у Ражалавічы да гарбара — дагаварыцца аб вырабе кароўяй скуры. Калі прайшла чутка, што фашысты будуць браць каровы. Макар зарэзаў цялушку, каб не дасталася ворагам. А як жонка спытала, нашто ён набраў поўную каробку мяса ў дарогу, Макар буркнуў пад нос: «Прадам» — і пайшоў за парог.

— Ах ты, жонка, вось дык жонка, — прашаптаў Макар, — і што мне з ёю рабіць?

За дзень перад адыходам Макара быў у вёсцы сход адносна таго, каб плаціць падаткі і каб усе леснікі вярнуліся да працы на свае месцы.

Стараста Дзяргач — з кірпатым носам — стаяў за сталом і начальніцкім тонам гаварыў аб парадку. Голас Дзергача грукатаў як тыя калёсы па мёрзлых каляінах. Гэтым грукатам Дзяргач страшыў сялян і ў канцы для ўмацавання свайго аўтарытэту паведаміў, што гітлераўцы ў раённым мястэчку пабудавалі тры шыбеніцы.

Пасля гэтых слоў Макар, былы ляснік, падняўся і сказаў: «Я тут не маю больш чаго слухаць. Не веру я ў гэтую вашу ўладу. Будзе савецкая ўлада, тады пойдзем кожны на сваё месца». І выйшаў з хаты. За ім, як бура, уся зачырванеўшыся, выбегла жонка.

Дома адбылася сварка. Жонка сказала: «Як цябе забяруць жандары, дык я яшчэ благаслаўлю на дарогу. Патрэбны ты мне такі. Можа пойдзеш у бандыты, што хаваюцца па лесе?»

Тут Макар не сцярпеў. Устаў на ўвесь рост, пабялеў. Сціснуў кулакі і хацеў размахнуцца, але стрымаўся, толькі скрыгануў зубамі.

— Ух ты, нягодніца!

Газнічка над камінкам асвятляла запечны куток, дзе на палку спала двое дзетак — хлопчык год сямі і дзяўчынка год пяці. Макар ступіў два крокі да печы, і позірк яго ўпаў на іх бесклапотныя тварыкі. Макар адчуў, як злосць стала паволі адлягаць ад сэрца. Сеў на лаве, закурыў і з прагавітасцю зацягнуўся дымам. У хаце было цяжкое маўчанне. І ў гэтым маўчанні муж і жонка адчулі, што між імі запала нешта такое, што зрабіла іх непрымірымымі ворагамі.

Сумеснае жыццё Макара і Алены ніколі не вызначалася згодай. Яна вырасла ў багатых бацькоў, была па характару тою свавольнай пястуняй, учынкі якой часта залежалі ад капрызу. Дай ёй тое, дай другое, для яе нічога не існавала на свеце важнейшага ад яе жаданняў. Гэта не азначае, што ў Алены не было нічога сур’ёзнага, што ўсё было пабудавана на гэтых лёгкіх капрызах. У аснове яе нездавальненняў ляжала неасвядомленае пачуццё сваёй інакшасці ад іншых. Алена ўзяла сабе ў галаву, што яна дачка багатых бацькоў з культурай засцянковага толку, што ёй належыць пяршынства ў гэтым свеце. Алена свайго мужа Макара называла мужыком.

— Эх ты, мужык, што ты ведаеш?

Макар не звяртаў увагі на гэтыя яе выпады і толькі заўсёды адказваў:

— Ну, добра, будзь ты паняй, а я ўжо буду мужыком.

І на гэтым сварка канчалася.

Макар шанаваў сваю Алену, бо яна была прыгожая. Стараўся нават дагаджаць яе капрызам. Калі, напрыклад, улетку яна не хацела рана ўставаць падаіць карову, Макар ішоў даіць сам, прыносіў дроў у хату, клаў у печ, прыносіў вады. Трохі саромеўся гэтай слабасці, але што ты зробіш з бабаю? Ціха ступаючы па хаце, паглядаў на жонку, якая спала, раскінуўшы па падушцы свае цёмна-залацістыя валасы. І гэта перамагала Макара. Рухавей хадзілі яго ногі, рукі прасіліся да працы. Знікалі з памяці ўсе непрыемныя хвіліны іх сумеснага жыцця.

— ...І што мне з ёю рабіць? — снаваў далей свае думкі Макар. — Чортава шляхцянка!.. Такі шляхта шляхтай...

Дарога спускалася ў даліну і стала гразкай. Яшчэ адзін паварот управа, і праз стромкія сосны стала прасвечвацца вёска.

— Аж не хочацца ісці дахаты... Ідзеш, як у пекла. Гэта ж не жарты... Эх, каб не дзеці! — уздыхнуў Макар.

Каробка была поўная смаржкоў, і ў моманты забыцця Макара наведвала пачуццё задавальнення, амаль радасці, што вось ён прынясе дахаты грыбы, першыя свежыя грыбы, і ў хаце будзе ажыўленне. Заскачуць дзеці, будуць разглядаць смаржкі, дзяліцца з ім сваёй радасцю, завінецца жонка каля печы, каб згатаваць смачную вячэру. Але гэтае пачуццё толькі мільганула, а потым зноў агарнуў душу нейкі цяжкі туман.

Рашуча ўвайшоў Макар у хату. Шэры дзень набліжаўся к вечару.

Першымі сустрэлі яго дзеці — Коля і Люба.

— А што ты, татка, прынёс? А дзе ты быў так доўга? А ў нас учора было два немцы.

Пры апошніх словах Макар насцеражыўся.

— Чаго яны прыходзілі?

— Яны шукалі свіней, і мама іх частавала.

Алена сядзела каля акна і нешта шыла. Пры ўваходзе Макара толькі глянула і зноў уткнула нос у работу. Макар скінуў каробку з плеч, паставіў на лаву і сеў. Сеў, як чужы, не могучы разабрацца ў сваіх пачуццях. Бязмэтна разглядаў хату, як бы шукаючы, на чым прыпыніць свой позірк. Часамі спадылба бліскаў вачыма на жонку. Дзеці корпаліся ў каробцы, паказвалі Макару то той, го другі грыб, але, бачачы, што бацька маўчыць, прыціхлі.

— Ну, што ж, трэба хоць разуцца,— сказаў Макар і стаў разбэрсваць аборы. Пасля пераадзеўся. Стаў пасярэдзіне хаты, адчуў прыліў бадзёрасці. Ён смела глянуў на жонку, ступіў крок бліжэй да яе і сказаў кпліва:

— Ну, што? Частавала ўчора немцаў, а цяпер пачастуй мяне. Устань, падпалі ў печы, падсмаж грыбкоў, пачастуемся разам... Можа і ліха з’ямо?

Алена адхіснулася, папраўляючы валасы, як бы хацела адагнацца ад куслівых мух. Гэты рух галавы назад з лёгкім выгібам спіны не ўхаваўся ад Макара. Гэта была Алена — тая, што зачаравала яго некалі на вечарыне, калі ён быў хлопцам удалым, з чорным чубам над правым брывом. Гэта было так даўно...

Макар дакрануўся рукою да пляча Алены. Трохі нагнуўшыся, ціха прамовіў:

— Пакінь дурыцца, Алена. Устань, прыгатуй вячэру...

Яна глянула ва ўпор на Макара мутнымі вачыма. Кінула шыць, моўчкі ўстала, абтрасаючы спадніцу. Узняла свае вочы на Макара. Была хвіліна нейкага хістання.

— Макар, што я табе скажу? Усё будзе добра, як перастанеш валачыцца ў лес.

— Я ж табе казаў, чаго я пайшоў. Які ж тут лес, што за лес? Мы самі жывём у лесе, нікуды ад яго не дзенешся. Што ты выдумала?

— А тое выдумала, мой пане, што немцы хутка пачнуць нарэзваць зямлю, і мая мама дастане столькі зямлі, колькі было да калгаса — трыццаць гектараў. І калі табе не падабаецца такое жыццё, то я пайду да мамы... Можаш ісці сабе ў лес...

— Што твая мама дастане зямлі ад гітлераўцаў, гэта можа і праўда, але тое, што і тваю маму, і цябе, і мяне потым яны знішчаць, у гэтым я таксама не сумняваюся.

— Гітлераўцы ведаюць, каго пішчыць. Вось учора заходзілі сюды, такія гаваркія, смяюцца, на адыходзе мяне ў рукі цалавалі. Такія шляхетныя, і яны мяне будуць нішчыць? Хай нішчаць тых, каго трэба...

— Эх, Алена, Алена, дурное ты гаворыш. Не ведаеш ты гітлераўцаў... У рукі цалавалі... Колькі дзяцей ляжыць па дарогах, пабітых імі, колькі людзей невінаватых.

— На тое вайна... Дзе вайна, там ёсць і забітыя. Няма дзіва...

— Ну, яшчэ пабачыш...

— Што там бачыць? Ужо ўсё відаць. Што тут больш бачыць? Учора самі казалі, што Масква забрана.

— А ты ім вер, яны табе пагавораць. Маскву пекалі і французы бралі, а што з гэтага выйшла?

— А цяпер выйдзе.

Непрыкметна скрыпнулі дзверы, і ў хату ўвайшла старая жанчына з кіем у руцэ, у чорнай суконнай хустцы, зашпіленай на шпільку пад барадою. З-пад хусткі відны былі пасівелыя валасы. Жанчына перахрысцілася па-каталіцку і прамовіла:

— Пахвалёны Езус...

— Навекі аман! — адказала Алена.

Стукаючы кіем па падлозе, жанчына не ішла, а павольна плыла на сярэдзіну хаты. Калючыя цёмныя вочы пыхліва глядзелі ўперад. На скручаным пальцы сухарлявай рукі блішчаў пярсцёнак.

Жанчына стомлена асунулася на лаву, зірнула на гаспадароў. Бліснулі два залатыя зубы.

Гэта была маці Алены. Старая ўладарным рухам галавы азірнула хату.

— Ну, аб чым гутарыце? Што — грыбкоў назбіралі? Многа іх? Ох, даўно не ела грыбоў. Вайна — людзі баяцца хадзіць па лесе...

— А вы, мама, распрануліся б, пасядзелі, — прамовіла Алена.

— Няхай, я зараз пайду.

Падала голас, падобны да стогну, павярнула галаву да дзяцей, і твар яе злёгку зайграў усмешкай. Павабіла іх пальцам: «Хадзіце сюды».

Дзеці падышлі, і яна дала ім па аднаму коржыку, выняўшы іх з-за пазухі.

— Ох, дзеці, дзеці, няшчасныя небажаткі...

Ускінула позірк на Макара, які стаяў, прыхіліўшыся да печы.

— Хрысціў ты іх ці не? Ведаю, ведаю, што не хрысціў... Вось кажуць, што немцы будуць вырэзваць усіх нехрышчоных дзяцей.

Алена, шчапаючы лучыну на распал, стаяла насцярожаная. Старая казала далей:

— Зараз жа трэба шукаць ксяндза, каб вярнуў гэтых анёлкаў да бога...

— Нашто ксяндза, — сказаў Макар. — Ксяндза чорт яго ведае дзе шукаць, а поп, калі хочаш, не так далёка.

— Да ксяндза лепш, трывалей, — цягнула старая.

— Да ксяндза харашэй, — падхапіла Алепа.

— Адзін чорт, што поп, што ксёндз, — буркнуў Макар.

— Ты праваслаўны, за сваё цягнеш, а я хачу да ксяндза. У нашым родзе толькі мой прадзед быў праваслаўны, а то ўсе католікі. Дзякуй богу, жыццё пражылі і бога хвалілі... Не толькі да Вільні, да маткі боскай вастрабрамскай хадзілі, але нават і да Чанстахова.

— Ну што ж, шукайце, шукайце, — паціснуўшы плячыма, сказаў Макар.

— Шукайце, — працягнула, сурова павысіўшы тон, старая. — А ты што — не хочаш? Думаеш, бальшавікі вярнуцца? Не, ужо ім тут не бываць...

— Я нікога шукаць не пайду і дзецям сваім не дам загінуць.

— А дзе ж ты іх дзенеш?

— Алена вось кажа, што гітлераўцы яе нішчыць не будуць, а тут, бачыш, з дзяцей хочуць пачынаць.

— Толькі нехрышчоных, толькі нехрышчоных, — забубніла старая.

Алена бліснула вачыма на Макара і на момант не ведала, што адказаць, а потым знайшлася:

— Як немцы прыйдуць, яны мяне і да ксяндза завядуць.

— Усяк можа быць, дачка, на гэта спадзявацца не трэба... Як сам не патурбуешся... кхе, кхе, кхе,— закашлялася старая, — то нічога не выйдзе... кхе, кхе, кхе...

Глянула ў акно.

— Ну, ужо цямнее, пайду.

— Пачакай, мама, пераначуеш, я грыбоў падсмажу.

Старая павольна пакрочыла да парога і на хаду сказала:

— Прынясеш мне місачку, як будуць гатовы. Наш Ёзік лянуецца схадзіць. Бывайце.

І не аглянуўшыся, з лёгкім шорахам пераступіла за парог.

 

ІІ

Сонца ўзыходзіла ў раннім тумане. Яно было яшчэ недзе за лесам.

Туман застыў у лясной гушчыні і глушыў раннія гукі.

Алена ўстала рана, кінулася паліць у печы — спяшалася ісці ў поле акучваць бульбу. Дровы палалі ўжо на ўсю печ. Алена збіралася пячы аладкі. Была маўклівая, заклапочаная.

Макар абуваўся за печчу. Учора ён позна прыйшоў дахаты — па загаду старасты разам з іншымі сялянамі хадзіў аж на Прыпяць віць вязь з лазы для звязвання плытоў. Гітлераўцы хацелі ўзяцца за плытагонства. Кожны дзень цэлыя грамады сялян з ежай за плячыма паныла брылі па дарозе.

Макар, абуўшыся, устаў, пацягнуўся. Косці балелі, і ногі не адпачылі за кароткую ноч.

За акном прамільгнулі дзве постаці. Макар кінуўся да акна. Угледзеў толькі спіны ў шынялях. Людзі былі ўзброены вінтоўкамі. Алена нічога не заўважыла, а Макар маўчаў. У хату ўвайшлі двое ваенных, апранутых у савецкія шынялі. На галовах былі кепкі. Прывіталіся. Адзін міг сустрэчы вачыма з Макарам, і Макар перасцярожліва кіўнуў галавою ў бок жонкі. Па запрашэнню хлопцы селі. Алена толькі раз коратка паглядзела на іх і занялася сваёй працай. Хлопцы адчувалі сябе ніякавата, сталі закурваць і гаварыць пра свежы ранак, пра буйную расу, у якой яны прамоклі.

— Куды ж вас бог нясе? — ціхім тонам гаспадара спытаўся Макар.

— Прайшлі ўжо чатыры хаты і вось дасталі толькі кавалак хлеба. Ідзём з акружэння.— Хлопцы апусцілі галовы і зацягнуліся дымам.

— То пасядзіце крыху, зараз паснедаеце, — сказаў Макар.

Алена глянула скоса і нахмурылася, але нічога не сказала. У руках яе пачала выяўляцца нервовасць — замест качаргі возьме вілкі або, наадварот, са злосцю кідае гэтыя прылады ў качарэжнік. Макар адчуў, што атмасфера можа згусціцца.

— Можа табе памагчы ў чым-небудзь? — спытаў ён у Алены.

Алена працадзіла праз зубы:

— Не трэба...

— Ну, як не трэба дык не трэба...

— Што ж гэта вы, гаспадынька, не хочаце, каб вам муж дапамагаў? — сказаў адзін з хлопцаў узнята, вясёла, каб толькі распачаць размову. — Цяпер трэба дапамагаць адзін аднаму, цяжкія часы, — дакончыў ён больш сур’ёзна.

— Мы ў гэтым не вінаваты, што цяжкія часы, — адказала Алена.

— Вінаваты не вінаваты, а дапамагаць трэба...

Хлопец хацеў яшчэ нешта сказаць, але стрымаўся. Макар, умыўшыся, выйшаў на двор разведаць, што дзе робіцца ў вёсцы, і хутка вярнуўся ў хату.

Алена ўжо скончыла паліць у печы. Узяла ў торбу некалькі аладак, бутэльку малака і, апрануўшы каптан, моўчкі выйшла з хаты. Макар сачыў за ёю і крыкнуў услед: «Алена, куды ты? Паснедала б!» Але ў адказ толькі бразнулі дзверы. Макар і хлопцы пераглянуліся між сабою. Макар выскачыў на двор і, зараз жа вярнуўшыся, сказаў:

— Накіравалася да маці. Ну, паснедаем. У вёсцы ціха, сёння круціць лазу не пойдзем. Яе маці — ого! — гэта, браткі, д’ябал у чалавечай скуры.

— Нам тут усё ж такі доўга затрымлівацца не трэба. Паядзім і — гайда. Ад твайго прыходу, Макар, да сягонняшняга дня жывіліся тым мясам, што ты прынёс. Дзякуем, брат. Атрад наш расце. Трэба, каб ты, Макар, дапамог нам у адной справе, за чым мы, уласна, і прыйшлі, — сказаў старэйшы, з чорнымі сур’ёзнымі вачыма. — Мы ідзём у разведку. Ты нам дапаможаш?

— Дапамагу, чаму не.

— Дык вось. Колькі немцаў тут ля вас, колькі паліцыі — пажадана ведаць, з якіх яны вёсак і нават іх прозвішчы. Можа мы з іх каго... ведаеш... падчэпім, разумееш? Як настроены стараста?.. Ваш — поскудзь?

— Паскуда, хоць дурны, як сала без хлеба...

— Нічога, мы яго пастрашым...

— Вось што мне з жонкай рабіць, браткі? Люты вораг — і годзе...

— Жонка ў цябе прыгожая... Нічога, Макар, мы яе прыцішым.

— Ой, цяжка... Гэта будзе вельмі цяжка...

— Прыйшоў да нас адзін доктар ваенны, уцёк з-пад канвою, хварэе небарак, і няма чым дапамагчы... Трэба пашукаць які літар малака.

— Малако знайду... і яшчэ што-небудзь. А што яму баліць?

— Агульная слабасць, жывот і незагоеная рана на назе... Ну, сядзець няма чаго, паелі і ў дарогу.

Макар пайшоў у камору і цераз хвілін пяць прынёс у торбе два сыры, кусок масла, кусок сала і наліў малака.

— Але як вы гэта будзеце несці па вуліцы?

— Давай мяшок...

— Вы для адводу вачэй прайдзіце яшчэ некалькі хат, папрасіце таго-сяго... хоць, трэба сказаць, многія далі б, але баяцца...

— Абавязкова пройдзем. Вядома, так не можна... А з жонкай тваёй мы пагаворым. Мы яшчэ можа зойдзем да цябе начаваць.

— Толькі будзьце асцярожныя, — сказаў ім на развітанне Макар.

 

* * *

Ціхая ноч панавала над лясной вёскай, калі ўзброеныя хлопцы вярталіся да Макара. Над лесам выплыў месяц і асвятліў травы на прыдарожных сенажацях, жыта, паніклае пад цяжарам расы, і дзікія грушы, раскіданыя там-сям на полі. Цішыню парушала толькі несціханае стракатанне палявых конікаў.

У праменнях месяца бліскацелі рулі вінтовак за плячыма. Нідзе нікога. Суправаджалі хлопцаў толькі іхнія ўласныя цені. Сярод прытуленых да сцяны вяргінь глядзяць сонныя вокны хаты Макара. Рыпнулі веснічкі, і гэты скрып пранёсся рэхам па ўсёй вёсцы. Ціхі, умоўлены стук у акно, пасля чаго з акна паказалася кудлатая галава Макара.

— Уваходзьце, — прамовіў ён, адчыніўшы дзверы.

Пасярэдзіне хаты, на падлозе, белымі палотнамі ляжала святло месяца.

— Сядзьце, а я завешу вокны, — сказаў Макар, — запалім лямпу.

Засвяціўшы лямпу, ён стаў разглядаць хлопцаў.

— Дзе ж ваш мяшок?

— Мяшок? Ужо, брат, дома, на месцы...

— Ага... Ну, хіба так. Бачыце, я адзін у хаце. Жонка забрала дзяцей і пайшла да маці. Не хацеў я з ёй спрачацца...

— Так, брат,— сказаў старшы,— цяпер толькі я пачынаю разумець, як табе цяжка. Я думаў, што гэта так сабе... А тут — не, справа больш сур’ёзная...

— І ведаеце, што я надумаў, таварыш Кудрэвіч, яна пайшла да маці, а я пайду з вамі... Няхай скончыцца гэтае ліха.

Кудрэвіч закінуў нагу на нагу і прыпёрся да сцяны спіною, хвіліну памаўчаў.

— Ведаеш, Макар, пайсці з намі — гэта лёгка... Узяў і пайшоў. Трохі зарана. Ты нам патрэбен тут, пакуль табе яшчэ можна тут сяк-так жыць... А дзеці як — пакінеш ёй?..

— Дзеці... Гэта, таварыш Кудрэвіч, самае цяжкае. Ламаю галаву і не знаходжу выхаду. Можна было б ёй пакінуць, яна ж маці, але гітлераўцы ўсё роўна знішчаць. Дурная баба, ніяк сабе гэтага не можа ўцяміць.

— Пагутарым з ёй другім разам... Не супярэч ёй, хай гаворыць што хоча, а ты ўнікай спрэчак... А цяпер трэба падумаць аб начлезе. Нас, здаецца, ніхто не бачыў?

Макар палажыў на стол паўбохана хлеба, паставіў міску з халоднай бульбай, прынёс з сенцаў збанок кіслага малака.

— Вячэра няважная... Нягодніца... замкнула камору і ключ забрала з сабою.

— Нічога, абы быў хлеб.

— Ведаеце, я вас палажу ў хляве, на вышках, на сене. І вам трэба выйсці перад світаннем... Бо можа быць усяк... Я вас збуджу.

...Не спіцца Макару. Перавернецца з боку на бок і часам застогне. Паадвешваў вокны, каб відзён быў усякі рух на дварэ. Думкі гоняць адна другую. І ў цэлай чарадзе думак відзён адзін малюнак — ён урываецца ўладарна і хоча засляпіць сабою ўсё. Перад адыходам жонкі да сваёй маці яго абхапілі дзеці, зазіраючы ў вочы, як галубкі: «Тата, а ты пойдзеш з намі да бабуні?» — і тузаюць яго, і цягнуць за парог дзіцячыя рукі. Ах, ах... Вось яны стаяць перад вачыма — то са смехам, то з папрокам — чаму ж тата не ідзе з імі? Хата стала незвычайна ціхай і пустою — не чуваць дзіцячага дыхання. Толькі месяц асвятляе хату сваімі праменнямі і робіць яе дзіўна чужою і нават страшнаю. Выразна чуваць кожны рух на дварэ: ці то прабяжыць кошка, ці трэск раздасца ў лесе. «Вось што нарабіў вораг»,— заключае ў думках Макар.

Не адзін Макар не спаў у тую ноч. Далёка за агародамі, на адселлі, напалавіну схаваная ў яблыневым садку, стаіць пастарэўшая шляхецкая сяліба, пакрытая ўжо амшэлым гонтам, з пахіленым ганкам. Там не спяць Алена і яе маці.

— І ты добра бачыла іх? — пытае маці.

— Вядома. Завесілі вокны і вячэралі. Перадпечнае акно не было добра завешана — я і ўбачыла. Гаварылі нешта пра мяне, але я не разабралася.

— Нягоднік Макар, нягоднік,— з нейкай уедлівасцю і прыціскам паўтарала старая,— гэта ж ганьба, мой пане, знюхацца з гэтымі бандытамі... Не, так няможна. Ідзі зараз, падскоч да Вайнацкага, хай сядзе на каня і пад’едзе да каменданта. Да Дзергача не хадзі, гэты зараз шуму наробіць. Мы яму пакажам партызанаў!

Алена доўга маўчала. Задумалася. А потым энергічна схапілася з ложка, на якім сядзела, і сказала: «Пайду!» І пайшла. Старая спачатку прыслухалася да яе крокаў, а потым пачала класці крыжы і шаптаць малітву...

Па зямлі паплылі лёгкія туманы — набліжаўся досвітак. Макар паспяшыў збудзіць Кудрэвіча і яго таварыша, паказаў ім дарогу праз агароды і вярнуўся ў хату. Калі сон не браў яго праз усю ноч, то цяпер, на світанні, падкошваліся ногі і галава хілілася да пасцелі. Макар лёг і ў тую ж хвіліну заснуў як забіты.

...Чаму так поўна радасці ў грудзях, аж дыханне сціскае?.. Шырокая сенажаць у лесе, і каса свішча па траве ў магутных руках Макара. Так многа ласкавага, раскошнага сонца! Зелень лесу цягнецца ў блакіт. Аглянуўся — бачыць: ходзяць па сенажаці яго дзеці — Коля і Люба. І як яны тут з’явіліся? Дзеці ідуць у траву, ірвуць кветкі. То знікнуць у траве, то зноў пакажуцца. Трава цягне за сабою дзяцей усё далей і далей. І быў момант, калі Макар страціў іх з сваіх вачэй. Кінуў касу, схапіў па дарозе дубец і пабег да дзяцей. Аж бачыць, каля іх маленькіх ножак віецца яна — бліскучая ад сонца змяя. Ах ты! Кінуўся Макар бегчы яшчэ шпарчэй. І скуль узяліся сілы? Змяя падняла галаву, рыхтавалася да скоку на дзяцей. Свіст дубца разрэзаў паветра — хвост змяі адляцеў убок і звіўся ў колца. Як жа шуміць кроў у вушах, стукае малаткамі ў скронях...

Дай аддыхаюся... І што ж гэта стукае так моцна?

Макар лыпнуў вачыма і скочыў на ногі. Вокны бразгацелі — нехта стукаў з усёй моцы.

— Гэта вы, Коля, Люба? Гэта ты, Алена? Зараз адчыню. Пачакайце... Зараз... Зараз! — і скочыў у сені. Значыць, гэта быў толькі сон... толькі сон...

Макар паспешна адчыніў дзверы і ад неспадзеўкі ажно падаўся назад: перад ім стаяла восем чалавек, узброеных вінтоўкамі.

— Хто вы?

Пярэдні адказаў:

— Мы — паліцыя!

— Вы паліцыя? Чаго? Што вам трэба?

— Пакажы, дзе ў цябе спяць партызаны.

— У мяне няма ніякіх партызан. Ідзіце шукайце дзе хочаце.

— А дзе яны дзеліся?

— Ды іх і не было.

— Зараз пашукаем,— сказаў пярэдні і звярнуўся да паліцаяў: — Трое ў хляве, трое ў гумно, а мы двое зойдзем у хату.

Вобыск не даў ніякіх вынікаў. Паліцаі, сабраўшыся ў хату, дакладвалі старшаму, што ўсюды шукалі і нідзе нікога не знайшлі...

— Значыць, яны хутчэй паспяшылі за нас, — сказаў старшы ў шапцы, насунутай на правае вуха, і з чырвоным рубцом праз усю правую шчаку. Хоць лавы ў хаце Макара былі нічым не занятыя, старшы чамусьці сеў на стол, паставіўшы вінтоўку між ног. З вышыні стала, курачы цыгарку і пстрыкаючы слінаю на падлогу, ён звярнуўся да Макара, які сядзеў на ложку:

— Як яны даўно пайшлі ад цябе? Куды, у якім напрамку?

Макар паціснуў плячыма.

— Дзіўнае ваша пытанне. Вы так пэўныя, што ў мяне нехта быў. А я вам скажу, што ў мяне нікога не было. Я ўчора толькі што прыйшоў з Прыпяці, хадзіў лазу віць на плыты па загаду старасты. І як толькі прыйшоў, лёг спаць. Вось і ўсё.

Старшы падмігнуў паліцаям:

— Чуеце, як брэша?

— Я не сабака, каб брахаць... А вось што ты на стол залез, дык гэта не па-чалавечы. Ці табе месца не хапае на лаве?

Старшы стукнуў прыкладам у падлогу.

— Цыц ты, морда! Я зараз табе ўсе вокны выб’ю, і ты мне нічога не зробіш. Каму дапамагаеш?

— Ну што ж, як маеш права, бі... Няхай табе не здаецца, што я там які-небудзь, я просты чалавек, як і ўсе.

— Ча-ла-ве-ек,— працягнуў старшы паліцай, і чырвоны рубец на шчацэ ажно наліўся крывёю. Усе паліцаі сядзелі на лаве ў адзін рад і курылі. У іх вачах і на тварах было многа халопскага шалапайства, дзікай тупасці. Яны смехам падтрымоўвалі словы свайго начальніка. Іхні смех гаварыў: «Нам усё роўна, ці зламаць палку, ці забіць чалавека. Чалавека забіць больш выгодна, бо пасля яго нешта дастанецца нам».

Старшы саскочыў са стала.

— Ну, няма чаго тарабарыць, збірайся, пойдзеш з намі ў камендатуру!

— Нікуды я не пайду. Я не магу пакінуць хаты адной. Жонка з дзецьмі пайшла да маці. І больш няма нікога.

— Збірайся, табе кажуць! — нахмурыўшы бровы, крыкнуў старшы, і рубец на яго шчацэ стаў яшчэ чырванейшым. — Хочаш зарабіць па рэбрах?

Усе паліцаі з шумам усталі з лавы.

— Апранайся, апранайся, дзядзька, — падгуквалі яны. Адзін з іх зняў са сцяны куртку і тыцкаў Макару ў рукі, другі тыцкаў шапку.

Маршчына паміж брывамі стала ў Макара глыбейшай. У вачах застыла цяжкая нянавісць. Больш не прамовіў ён ні слова. Апрануўшыся, пайшоў наперад. Апошні паліцай пры выхадзе на хаду закінуў руку на паліцу і схапіў два курыныя яйкі, сунуў іх сабе ў кішэню.

 

ІІІ

Алена вярнулася з дзецьмі ў сваю хату. Крыху скрывілася, убачыўшы на падлозе многа накіданых акуркаў і расцёртых пляўкоў. Кінулася замятаць. З аднаго боку, яна адчула пэўную палёгку, што пазбылася Макара, а з другога боку, сумленне скрэбла пад сэрцам. Што скажуць людзі? І ўжо ідучы даіць карову, яна адкінула апошнюю развагу: «Ой, а што ж тут за людзі? Якія гэта людзі? Падумаеш... Я жыла без іх, пражыву і далей».

А людзі сям-там стаялі на вуліцы. Яны ўсе бачылі, як паліцаі павялі Макара,— хто праз акно сваёй хаты, хто з-за плота свайго падворка. А потым, калі Макар і паліцаі былі ўжо ў канцы вёскі, усе, як па загаду, вышлі на вуліцу і пачалі глядзець услед адыходзячым.

Ніхто дакладна не ведаў, за што ўзялі Макара. Адны казалі, за тое, што зарэзаў цялушку, другія, што на сходзе выступіў супроць фашыстаў.

Ад адной грамадкі людзей адышла старая Кацярына. У яе два сыны ў Чырвонай Арміі, і яна не ведае аб іх лёсе, а два малодшыя сыны дома. Кацярына слухае і маўчыць. Яна трывожыцца за сваіх сыноў. Яна ідзе павольна па вуліцы, скрыжаваўшы рукі на грудзях, з насцярожаным тварам. Яе босыя ногі мерна адлічваюць крокі, і здаецца, з кожным крокам у галаве Кацярыны мацнее нейкая думка.

Кацярына павярнула на падворак Макара. Заглянула ў акно. Дзеці забаўляліся, седзячы на падлозе. Алены не было. Кацярына хацела ўжо вярнуцца, але з хлява якраз выйшла Алена.

— А я думала, ці дома ты, бо чула, што ты пайшла да маці, і глянула ў акно, думаю, можа прыйшла.

— Заходзьце ў хату,— запрасіла Алена.

Кацярына зайшла і, прысеўшы на лаве, стала пытацца, ці няма ў Алены ліпавага цвету, бо яе сын Ігнат хадзіў на Прыпяць, начаваў там і такога дастаў кашлю, што дыхаць не дае. Алена адказала, што было трохі цвету, але забрала яго маці. Кацярына вяла гутарку, углядаючыся ў Алену, хацела адгадаць, чаму ж Алена не плача, не скардзіцца, не просіць рады — што рабіць. Бачачы, што Алена не пачынае гутаркі пра арышт Макара, запыталася:

— І куды гэта пайшоў твой Макар з паліцыяй? Можа, па якой справе?

— А чорт яго ведае! Ці я яго пільную?

Кацярына прамаўчала, а потым прамовіла:

— Ой, Аленка, добрага чаго не можна чакаць ад гэтага. Можа табе трэ было б пайсці да каменданта даведацца? А ўзяў ён з сабою што есці?

— Чорт яго ведае, узяў ці не, мяне не было дома.

— Пайшла б па сялу з папераю, можа людзі падпісалі б за Макара, калі яго ўзялі па якому падазрэнню. Чалавек ён быў добры.

— Нікуды я не пайду.

— Як хочаш, гэта твая справа. А што, калі прыйдуць і цябе забяруць — ты ж яго жонка... Цяпер, чуваць, так гітлеры робяць.

— Мяне забяруць?! За што? — крыкнула Алена.— Можа я за калгасы каго ўгаварвала ці сама хацела іх? Ці што іншае?

Яна падпальвала ў печы. Шчокі яе расчырванеліся. Адвярнулася, стоячы ля лавы, і стала цадзіць малако. Крышыла буракі, налівала гаршкі вадою. Усё рабіла са злымі вачыма. Маўчала. Кацярына, пабачыўшы, што Алена не хоча гутарыць, устала і, уздыхнуўшы, выйшла.

Мінула гадзіна часу пасля адыходу Кацярыны, як па падворку Макара затарахцелі калёсы. Алена глянула ў акно і трывожна сказала сама сабе: «Ой, Стась прыехаў... І чаго?» Замітусілася па хаце, стала ў замяшанні змятаць лавы, сям-там прыбіраць.

Стась прывязаў каня да плота, падкінуў яму травы і з пугай і торбачкай увайшоў у хату.

— Добры дзень, сястра! — прамовіў ён, скідаючы шапку і стаўляючы пугу ў куток.

— Добры дзень, браток! — адказала Алена, крыху зачырванеўшыся.— Даўно, даўно не быў у нас. Сядай. А каня не адпрог? Чаму?

Алена гаварыла хутка, слова за словам, як бы старалася нешта загаварыць у сабе. Стась, не спяшаючыся, выйшаў на сярэдзіну хаты і стаў вітацца з дзецьмі.

— Ну, бахуры, як маецеся?

Падняў хлопца, узяў на адну руку, пасля дзяўчыну на другую.

— Ну, што — паедзем да нас? Падраслі, бахуры, падраслі... — І ўсмешкай расплываўся яго вялікі, ужо маршчыністы твар з жоўтымі вусамі.

— Але ты запыліўся, Стась, — прамовіла Алена і стала абтрасаць шэры, моцна паношаны касцюм Стася.

Выпусціўшы з рук дзяцей, у якіх цікавасцю гарэлі вочы, Стась працягнуў ім торбачку:

— Вось вам гасцінец — гэта зайчык мне даў на дарозе і казаў аддаць вам...

Дзеці засмяяліся, заскакалі, ім хацелася верыць, што гэты гасцінец ад зайчыка. Стась асцярожна сеў на лаву і абапёрся локцем на стол. Твар яго зрабіўся паважным, сур’ёзным, цень заклапочанасці лёг паміж зморшчак. З другога канца стала села Алена. Дзядзька Стась выняў з кішэні капшук з табакай, стаў круціць цыгарку з газетнай паперы, спытаў:

— А дзе Макар?

Алена толькі і чакала гэтага пытання.

— Аж не ведаю, што адказаць табе, Стась...

— Чаму?

— Будзеш... сварыцца...

— Гм... А можа і не буду? Скуль ты ведаеш?

Алена з хістаннем адказала:

— Макар у камендатуры... арыштаваны.

Стась адказаў рэзкім тонам:

— Макар арыштаваны, а ты сядзіш дома і нічога не робіш, каб ратаваць чалавека!

Алена адвярнулася, апусціла вочы. На яе твары адбілася ўнутраная барацьба.

— Я... ведала, Стась, што ты гэта скажаш. Ты ў нас старэйшы і... можа, найлепшы. Ты многа зрабіў мне добрага, але я асуджала цябе і асуджаю за тое, што ты не пайшоў з намі па адной дарозе. Маці кляне цябе і цяпер, і ты, быў час, проста выракся нас. Але і тады не забываўся на мяне. Дзякую табе за гэта. Але ж...

— Што але ж? — напружана спытаўся Стась.— Калі я не пайшоў з вамі, дык пайшоў з людзьмі. Людзі мяне шанавалі так, як я іх шанаваў. Як я магу жыць без людзей? Быць ворагам для ўсіх? Якое ж гэта жыццё? І вось я зрокся бацькаўскай зямлі, зрокся вас і пайшоў у калгас у чужую вёску. Старшыня сельсавета, Іван Пятровіч, камуніст, толькі пагаварыў са мною тады і зразумеў мяне — даў мне хату, агарод, карову... Дай божа яму сілы і здароўя, дзе ён цяпер ёсць. Разумны быў чалавек. Вы мне нават каровы з сабою ўзяць не далі. Вы думалі перамагчы ўсю грамаду, увесь калгас. І што здабылі? Адну людскую знявагу і нянавісць... Толькі прыспешылі смерць бацькі сваёй упартасцю...

Стась змоўк і перавёў дух. Алена сядзела, падпёршы шчаку кулаком. І глядзела блукаючым позіркам на хату.

— Дык вось як,— прадаўжаў Стась.— А за што Макар арыштаваны?

Стась толькі хацеў ударыць крэсівам па крэмені, але спыніўся ў чаканні адказу, спадылба ўпёршы вочы ў Алену. Алена маўчала, апусціўшы вочы, і слёзы адна за другою паплылі па яе шчоках. Стась выкрасаў агонь, прыкурыў і прамовіў:

— Ну, добра, не буду цябе мучыць распытваннем. Я сам ужо ведаю, за што Макар арыштаваны, дзеля чаго і заехаў да цябе.

Пры апошніх словах Алена бліснула вачыма на Стася, паспешна выціраючы слёзы канцамі хусткі.

— А скуль ты ведаеш? — спытала здзіўлена.

— Ведаю,— прадаўжаў Стась.

Алена паглядала то на Стася, то на свае рукі. Дзеці сталі прасіцца на вуліцу — яна іх адпусціла. Вярнулася ў хату з тварам больш лагодным. Сеўшы, сказала:

— Ведаеш, Стась, усё гэта маці... навяла заявіць у камендатуру, што ў нас начавалі два партызаны.

— Хто хадзіў заяўляць? Ты?

— Не, Вайнацкі...

— Вайнацкі? Гэты злодзей, прахвост, ашуканец... Ён жа ў нас калісьці мёд выбраў з вулля — вунь там, за бродам, на сасне. Яму век было мала, давіўся, абкрадаў чужога і свайго. І што ён мае? Што нажыў? Цьфу! Цьфу! Гадасць, а не чалавек. Цяпер, бачыце, ён ужо давераны ў паліцыі... Чаму яго халера не задушыла малога?

— Ты так ганьбіш Вайнацкага, як быццам забыўся, што наша маці і яго бацька сястра і брат. Мы з ім стрыечныя.

— Дурная ты, Алена. Пры чым тут сват, брат? Той табе будзе сапраўдны сват, хто чалавек. А гэта? Цьфу! Ён і цябе і мяне, каго хочаш прадасць за гнілую рыбу. Ён не паглядзіць, што ты сястра...

Алена сядзела, апусціўшы галаву, і маўчала, але відно было, што яна да канца не згаджалася са словамі Стася. Стась гэта ведаў і адчуваў, бо барабаніў пальцамі па стале, дапытліва паглядаючы на Алену. Яго добры твар быў устрывожаны. Прадметам трывогі была Алена. Ён любіў яе не толькі як сястру, але і за тыя паводзіны ў мінулым, калі яна ішла разам з усімі, не маючы ў характары сваім ні знявагі, ні пустой ганарыстасці. У такія часы яна многа смяялася, цягнула Макара на вечарыны, танцавала. У такія хвіліны Стась, калі прыязджаў да іх у госці, цешыўся, што з сям’і не ён адзін «адшчапенец», але вось і сястра як быццам ідзе разам з ім. Усё гэта прабегла цяпер перад ім у думках.

Стась глянуў у акно на каня. Размова, здаецца, была скончана. Стась устаў.

— Пайду падкіну каню травы,— сказаў ён.

— Выбач, Стась, загаварыліся так, што я цябе і не частую нічым.— Схапіўшыся з месца, Алена пайшла ў камору.

— Пачаставаць яшчэ паспееш,— адказаў Стась, выходзячы з Аленаю на падворак. Калі ён вярнуўся ў хату, то на стале стаяла талерка з нарэзанай вяндлінай і чацвяртушка свойскай чырвонай гарэлкі. Алена капалася ля печы, адкуль пахла бурачным баршчом. Стась вымыў рукі і твар, Алена паднесла яму чысты кужэльны ручнік. Уцершыся, Стась нават паглядзеў па вышыўкі ручніка. Усмешка прабегла пад вусамі.

— Ты ўсё і далей вышываеш? — запытаў ён.

— От, сяды-тады. Не ў галаве цяпер гэта,— адказала Алена.— Сядай, Стась. Ужо ўсе людзі абедаюць.

Хацела пры гэтым расказаць, што паліцаі забралі амаль усё сала пры вобыску ў каморы, але... стрымалася.

«А мо гэта Макар аддаў партызанам?» — падумала, і ёй стала лягчэй.

Сонца было на поўдні і ліло праз вокны палосы праменняў, ад якіх у хаце было светла. Стась і Алена абедалі, ведучы абыякавую гутарку, не кранаючы якой-небудзь вострай тэмы. І здавалася, што прыціхлі ўсе болі не толькі ў хаце, але і ўсюды. Аднак думка Стася ўвесь час працавала над тым, як вызваліць Макара з паліцыі.

Скончыўся абед. Выціраючы вусны ручніком, Стась прамовіў:

— Ведаеш што, Алена?

— Што?

— Бяры майго каня і едзь у паліцыю...

— Чаго? — спытала Алена, прыпыніўшыся збіраць пасуду са стала.

— Як чаго? Прасі, каб выпусцілі Макара.

— Як гэта яны могуць Макара выпусціць? Ён жа партызан пускаў начаваць да сябе.

— А хто гэта бачыў? Паліцыя бачыла?

— Хтосьці, мусіць, бачыў, калі забралі...

— Хтосьці — гэта не закон! — у крыху павышаным тоне адказаў Стась.— Бяры каня і едзь, а я тут пачакаю з дзецьмі. Пяць кіламетраў — гэта не далеч... Раз, два і будзеш там.

Алена стала ў нерашучасці, памаўчала, апусціўшы вочы. Неспакой, пакутлівая нервовасць, якія пакінулі яе на час абеду, зноў выплылі на твар чырвонымі плямамі.

— Не, не паеду я, Стась.

— Што? Хочаш, каб чалавека там забілі? Што ён табе крыўднага зрабіў? Апрача пашаны, ты ад яго больш нічога не мела. Ён жа твой муж. Дзетак прыжылі разам. Хочаш дзяцей пазбавіць бацькі? Ты ведаеш, які ты зробіш праступак, калі не паедзеш? Бяры каня і едзь. Яшчэ да вечара справішся... Паслухай мяне, лепш будзе.

Алена мыла пасуду перад акном, і твар яе то чырванеў, то бялеў. Што сказаў бы Стась, каб ведаў, што яна сама, Алена, хадзіла прасіць Вайнацкага паклікаць паліцыю? Гэтая думка холадам прабягала па душы Алены. Абярнулася да Стася і сказала:

— Ну, што з таго, як я яго, скажам, прывязу? Усё роўна будзе валачыцца да партызан у лес.

— Гэта нічога не азначае. Чалавека забрала паліцыя, і ты, яго жонка, нічога не робіш, каб выратаваць яго? Гэта ж не па-людску. Што ён, забіў каго? Украў што ў каго, ці што? Бяры каня і едзь. Кажу табе проста, Алена,— адной цябе я не зрокся ў нашай сям’і і Макара вельмі шаную. Я радаваўся, што ў цябе такі чалавек. Калі не паедзеш выратоўваць Макара і ён там загіне, то, як мне ні цяжка, ніколі мая нага не ступіць на твой парог. Хто ведае, што будзе з намі ўсімі, дык трэба трымацца разам, а не губіць адзін аднаго.

Стась сеў і змоўк. Доўга маўчалі абое. Стась, падпёршы шчаку рукою, думаў пра тое, як цяжка склалася іх жыццё. У хаце стала напружана ціха, толькі адна муха недзе бзыкала ў акне. Доўга сядзеў так Стась. Па твары яго час ад часу прабягалі цені.

Алена памыла пасуду, засланіла печ, падмяла хату, схадзіла па нешта ў сені. Вярнуўшыся, паглядзела навокал, як бы шукала сабе якой-небудзь работы, абы-чым заняцца. Пазбягала сустракацца позіркам з Стасем.

Стась непрыкметна для самога сябе цяжка ўздыхнуў. Алена глянула на яго, заўважыла, што ён неяк асунуўся, пастарэў. І зноў непакой апанаваў яе душу.

Стась скруціў папяросу, выкрасаў агню, прыкурыў. Прыемны пах паленай губкі разышоўся па хаце. Алена села воддаль на лаве.

Стась ціха падняўся з месца. Цяжка ступаючы, прайшоў пару крокаў, зняў шапку з цвіка. Павольна, не спяшаючыся, надзеў на галаву, паправіў яе то спераду, то з патыліцы. Падабраў валасы за вушы і павольна, крыху згорблены, накіраваўся да парога. Стаў шукаць пугу ў качарэжніку.

Тады толькі Алена зразумела, што Стась сапраўды хоча ад’язджаць. Вось яна хацела нешта вымавіць, але змоўчала. Сэрца яе стукацела моцна. Калі Стась знайшоў пугу, павярнуўся і хацеў штосьці сказаць, у Алены вылецела слова «Стась».

— Што? — гледзячы спадылба, прамовіў Стась.

— Ты што, ужо хочаш ехаць?

— А што ж? Пара... Пакуль заеду...

— Пачакай трохі...

Алена схапілася з месца, невядома чаго глянула ў акно. Выпрасталася, паправіла хустку на галаве.

— Знаеш, Стась, я пабягу, параюся з маці.

— Гэта дарэмна, сястра, нават і не думай.

Алена на хвіліну захісталася, апусціла вочы. Падняла іх, глянула на Стася, увесь час перабіраючы фартух пальцамі.

— Ідзі, Стась, падрыхтуй каня, я буду апранацца...

Стась жвава падышоў да Алены, абняў яе за галаву і пацалаваў у абедзве шчакі.

— Малайчына, сястра, малайчына... О, за гэта ты малайчына!

— Ну, ідзі, ідзі хутчэй, а то зараз вечар будзе.

— Ды ўжо іду,— сказаў Стась і жвавым крокам выйшаў за парог. Алена крыху ўсхліпнула. Адкрыла скрыню і пачала шукаць вопратку, выціраючы слёзы.

Абула туфлі, апранула цёмна-сінюю спадніцу і такі ж сачык, завязала белую хустку і выйшла ў сенцы. Прынесла кусок сала і хлеба, улажыла ў торбачку. Глянула ў акно: конь стаяў напагатове. Тады выйшла з хаты.

Стась правёў Алену за весніцы і вярнуўся ў хату. Хутка прыйшлі дзеці з вуліцы. Стась накарміў іх крупнікам і малаком. Гутарыў з імі па-дзіцячаму, перадражніваючы то адно, то другое. Дзеці смяяліся і выклікалі дзядзьку на новыя размовы. Пасля, выцершы дзецям губы ручніком, выпусціў іх на вуліцу. Некаторы час глядзеў у акно, куды яны пойдуць. Потым пацягнуўся так, што аж косці затрашчалі, і прайшоўся па хаце, шукаючы, чым бы заняцца. Глянуў угару, на паліцу, і заўважыў — тырчыць кніжка. Дастаў яе, абтрос пыл. Зірнуў на вокладку і ціха прачытаў: «Ге-агра-фі-я СССР». Выняў з кішэні касцюма акуляры. Насадзіў іх на нос, сеў ля акна і стаў чытаць. Твар яго ў акулярах зрабіўся суровым. Растапырыліся пасівелыя валасы на скронях, і між брывамі з'явілася маршчына.

У часе чытання Стась і не заўважыў, як нехта засланіў акно. Цень упаў на кніжку, і Стась парывіста глянуў у акно. Убачыў там чырвоны голены твар з падкручанымі ўверх вусікамі. З-пад казырка кепкі паглядалі вытарашчаныя вочы.

— А, пане Станіславе... Зараз зайду,— адазваўся голены твар.

Стась зняў акуляры, палажыў з кніжкаю на стол. Прамовіў сам сабе: «Ліха цябе прэ сюды... Патрэбны ты тут...»

Вайнацкі з грукатам увайшоў у хату.

— Добры дзень, пане Станіславе! — крыкнуў ён на ўсю хату.

— Добры дзень, пане Вайнацкі! — павольна адказаў Стась і насмешліва дадаў: — Чамусьці пачынаеш велічаць мяне панам... Сядай...

— А што, хіба мы не паны! Хто ж мы? Хіба ў нас кроў не шляхецкая?..

— Якая ж яна, гэтая кроў, чырвоная ці белая? — насміхаўся Стась.

— Шляхецкая — значыць, не хамская...

— А каго ж ты лічыш хамам?

— Усіх мужыкоў, вось гэтых мужыкоў,— паказаў на вуліцу,— што кормяць бандытаў, якія хаваюцца па лесе.

— А вось дай паклічам з вуліцы каго-небудзь з гэтых мужыкоў, як ты кажаш, няхай ён парэжа палец і ты парэж. Пабачым, якая кроў пацячэ ў цябе і ў яго.

— О, гэта што... Мала што... Гэтым не дакажаш,— заспрачаўся Вайнацкі.— Што чуваць, пане Станіславе? — перавёў ён гутарку на другое.

— А што чуваць? Нічога... Жывём дзень да вечара,— адказаў Стась і стаў круціць цыгарку.

Вайнацкі выняў з кішэні скураны партсігар і ўзяў адтуль цыгарэту.

— Не куры сваёй табакі, пане Станіславе, на, закуры нямецкую сігару. Учора адвозіў каменданта ў мястэчка, самага старшага, дык падараваў мне цэлую пачку. О, гэта дык сігары! На, закуры.

Стась круціў цыгарку далей, як ні ў чым не бывала, і на просьбы Вайнацкага адказаў:

— Не даспадобы мне такія сігары. Сваёй табакі не прамяняю на ніякія сігары. Куры сам здароў...

— Дарма, дарма,— крыху ў замяшанні адказаў Вайнацкі.

Закурыўшы, ён стаў пускаць дым у столь так, што хаваліся ў дыме задзёртыя ўверх вусікі. Выпусціўшы дым, спытаўся: — Ці ў вас перапіс быў?

— Быў,— адказаў Стась.

— Кім ты запісаўся? Палякам?

— А ты кім? — адказаў на пытанне пытаннем Стась.

— Я... вядома, палякам... Мы ж палякі... А хто ж? Чуваць, скора будзе Польшча. З Англіі мае вярнуцца жонд польскі, і нашыя землі адыдуць да Польшчы. Тады мы гэтым хамам (кіўнуў у акно) пакажам, аж пыл будзе курэць.

Стась з хвіліну паглядаў ва ўпор на Вайнацкага, а потым, уздыхнуўшы, сказаў:

— Біць людзей безабаронных і нявінных — на гэта розуму не трэба... Ад гэтага няма ні славы, ні чэсці...

— Ты кажаш так, а я не згаджаюся з гэтым... Я іх знаю... Я іх усіх...— І Вайнацкі застукаў кулаком па стале.— Дык ты, мусіць, запісаўся беларусам?

— Так, беларусам. Кім я ёсць, тым і запісаўся. Чаго мне лезці ў чужую скуру?

— Камуністы цябе папсавалі, перарабілі на беларуса. Адышоў ад сваіх, пане Станіславе...

— Нашто мяне было перарабляць? Раслі ж разам. Як гаварылі, пасучы статак? Як гаварылі, аручы поле, косячы траву? Гаварылі на сваёй мове, на такой, на якой гаворым зараз з табою. Так ці не? А камуністы добра зрабілі тое, што вольнасць далі беларусам, далі зямлю, далі кніжку ў рукі на нашай мове, далі дзяржаву. Ніхто тут нікога не перарабляў. Вось бачыш кніжка — «Геаграфія СССР». Напісана па-беларуску...

— Гэта я ўсё ведаю... Як паслухаеш цябе, пане Станіславе, дык ты сапраўдны бальшавік!

— Заві мяне кім хочаш. Што добра сапраўды, то добра ўсім. Партыйнага білета ў кішэні не нашу. Не дарос, бачыш, да гэтага...

— У нас жа, пане, адна рэлігія, адна вера — якія ж мы беларусы? Яны ўсе праваслаўныя, мы — католікі.

— Што — вера? Што — рэлігія, як ты кажаш? Рэлігія тады добрая, як яна народ к дабру вядзе. А як яна настаўляе на злое, то каму патрэбна такая рэлігія?

— А што, хіба ксяндзы нас на злое вучылі? Вучылі богу маліцца па-польску...

Стась перабіў нецярпліва:

— Так, вучылі больш маліцца панам, гнуць спіну перад імі. Жабраваць вучылі бедны народ, у цемры трымалі, як у ланцугах, пеклам страшылі... Што ім бог? Яны яго ў душы не мелі... Ім патрэбны быў пан-дзедзіц і яго бізун, каб мацней біў вось гэтага беларуса-мужыка, як ты кажаш...

— Што я чую! — завішчаў Вайнацкі.— Ты — сапраўдны бальшавік, пане Станіславе! Ого-го! Гэта ж каб эсэсаўцы чулі гэтую тваю размову, дык ад цябе і пушынкі не засталося б. Гэта ж усюды цяпер касцёлы адкрываюцца, ксяндзы імшу служаць.

— Няхай служаць. Цяпер іх хлеб...

Стась адчуў, што далёка зайшоў у гутарцы з гэтым нягоднікам, але што зробіш, калі вырвалася? А потым падумаў: «Э, чорт з ім. Што ён мне зробіць? Няхай ведае. Хоць яму ўсё гэта як з гуся вада. Як захоча падняць руку на мяне, тады пабачым».

— А ты, што, я чуў, дружыш з гэтымі... гітлераўцамі?

— А чаму мне з імі не дружыць? Яны мяне любяць. Камендант мне ўчора сказаў, што польскія легіёны паехалі на фронт біць бальшавікоў. Мой хлопец Бронісь служыць у паліцыі. Як я дома гэта расказаў, дык ён прывязаўся да мяне: «Тата, тата, хачу ў легіёны». Хоць ты што хочаш з ім рабі...

Стась рашыў нічога не адказваць на гэта. Гутарка прыпынілася. Вайнацкі падкручваў свае вусікі і пазіраў у акно.

Стась схіліўся над сталом і перагортваў кніжку. Раптам Вайнацкі глянуў на гадзіннік і спытаўся:

— Куды гэта паехала Алена?

— Паехала дохтара шукаць у Ражанаўку,— спакойна адказаў Стась,— галава штосьці баліць і ў баку.

Адказ Стася збіў Вайнацкага з толку.

— Ага, дык яна ў Ражанаўку... А я думаў, можа ў Купцічы? — як бы сам да сябе прагаварыў Вайнацкі.— Я чуў, што дохтара няма ў Ражанаўцы — немцы забралі.

— Ну, што ж... Як няма, будзе лячыцца без дохтара.

Нешта не давала спакою Вайнацкаму. Не задавальнялі яго адказы Стася. Раздумваў, але ні да чаго не дайшоў. Думка аб тым, што Алена магла паехаць па Макара, ніяк не прыходзіла яму ў галаву. Ён не дапускаў гэтага — сама ж Алена прыходзіла прасіць яго прывесці паліцыю. Аднак жа тут нешта ёсць. А можа падгаварыў яе гэты бальшавік?

— Ці ты ведаеш, пане Станіславе, што Макар арыштаваны?

— Ведаю, Алена казала.— І Стась стаў далей перагортваць кніжку.

— Гэта ж падумаць, адважыцца партызан пусціць нанач,— цягнуў Вайнацкі.

— А што, паліцыя застала ў яго партызан? — не адрываючыся ад кніжкі, спытаў Стась.

— Было даказана,— адказаў Вайнацкі, пазіраючы на Стася. Стась паціснуў плячыма: «Ну, што ж, калі даказана, нічога не зробіш». І далей глядзеў у кніжку. Вайнацкі, бачачы, што гутарка не клеіцца, пакруціўся сюды-туды і ўстаў.

— Ну, бывай здароў, пане Станіславе... Заўтра трэба ехаць з немцамі на плыты, мужыкоў гнаць на работу.

— Бывай,— адказаў Стась, уткнуўшыся ў кніжку.

Вайнацкі, грукаючы ботамі па падлозе, размашыста выйшаў з хаты. Стась паглядзеў яму ўслед праз акно. Вайнацкі шырока крочыў у высокіх ботах, распахнуўшы касцюм, як той панскі войт ці аканом, у якога свярбяць вочы і рукі, калі няма з каго, як кажуць, здзіраць скуры.

 

* * *

Ужо сцямнела, а Алены яшчэ не было. Стась палажыў дзяцей спаць. Лямпы не хацеў запальваць, каб не ўзбуджаць цікавасці тых, хто праходзіў па вуліцы. Прылёг на лаве, падлажыўшы куртку пад галаву. Розныя думкі наведвалі яго, а сярод іх пераважала адна — думка аб сыне Міхасю. Сын у гэтым годзе скончыў бы ўжо лесатэхнічны інстытут. Пачалася вайна, і сын пайшоў у армію. Пры развітанні казаў: «Не сумуй, тата, мы пераможам. Як вернемся з вайны, будзем ізноў будаваць новае жыццё, а цябе выбярэм старшынёю калгаса...»

Усміхнуўся Стась сам сабе, цяплей стала ў грудзях, і адначасова пачуццё жалю стала падпаўзаць да сэрца. «Эх, сын, сын, дзіця маё разумнае, дзе ты цяпер?» Але ноч не адказвала на гэтае пытанне, толькі дыханне дзяцей даносілася з-за печы.

Стась павярнуўся на бок і лёг, падлажыўшы руку пад шчаку. Уздыхнуў, і гэты ўздых патануў адзінока ў цішыні хаты. Ім стала авалодваць дрэма. І ў гэтым паўсне, як у марах, Стась убачыў сына. Сын стаяў на шырокім полі ў пілотцы і з вінтоўкаю. Глядзіць на яго Стась здалёк і дзівуецца: «Які ж ён чысты, твар вымыты, свежы, а ў правай руцэ дыміцца папяроса. Я ж казаў, прасіў яго: не куры, Міхась, яшчэ пачакай, накурышся за жыццё, а ён ужо...»

Пачуўся стук у акно. Стась аж падскочыў. Сэрца закалацілася. З чым яна прыехала? Мо з пустымі рукамі? Адчыніў сені і ля парога ўбачыў не адну постаць, а дзве.

— Стась, дарагі! — пачуўся голас Макара.— Дай увайсці ў хату.

Алена, як толькі пераступіла парог, зараз жа запаліла лямпу.

— Дай пагляджу на цябе, Макар,— сказаў Стась. Яны абняліся, пацалаваліся. Макар выглядаў змучаным, худым.

— Ну, як табе там было?

— Вось, бачыш, дзень пратрымалі, а здалося, што цэлы год. Было так, што мо лепш не расказваць.

І Макар схапіў сябе рукою за галаву і выцягнуў жмут валос.

— Бачыш? — паказаў Стасю.

— Што? Вырывалі валасы? — жахнуўся Стась.

— Усяго было...— Макар махнуў рукою.— Каб не прыехала яна, гэтай ноччу мо пайшоў бы на той свет.

Стась стаяў, анямеўшы, і вострыя аганькі паблісквалі ў яго вачах.

Раніцою Алена не ўстала. Балела галава. Яе кідала то ў гарачыню, то ў холад. Макар сам узяўся за гаспадарку. Стась, паснедаўшы, ад’ехаў. Сказаў, калі не перастане балець галава ў Алены, каб яму паведамілі.

Алена прасіла паклікаць маці. Макар выканаў гэта. Са здзіўленнем сустрэла яго цешча, але нічога не пыталася і не казала. Прыйшла, стала лячыць Алену сваімі лекамі: пырскала ў твар свянцонаю вадою, казала ёй пралезці пад сталом (гэта нібы ад злога чалавека), выцірала ёй твар сваім фартухом, плюючы адначасова на ўсе чатыры бакі (гэта ад урокаў), і варыла ліпавы цвет. Макар глядзеў на ўсё гэта, не ўмешваўся: няхай будзе ліха ціха. Калі падышоў вечар, а гарачка ў Алены не спынілася, маці палажыла ёй на лоб кантычку, сама стала на калені перад пярэднім кутом і пачала чытаць малітву, перабіраючы ружанец. Біла паклон за паклонам, шаптала, а з-за печы даносіліся стогны Алены.

Мінула ноч. Выпіўшы ліпавага цвету, Алена праз пэўны час была крыху суцішылася, але ранкам тэмпература паднялася зноў.

Макар думаў, куды кінуцца шукаць лекара. Апытаў у вёсцы каго толькі можна было, усе казалі, што ў ваколіцы доктара няма. Быў адзін, і таго забралі жандары. Чакаць на тое, каб хвароба прайшла сама, небяспечна. Што рабіць? У хату чарадою сталі ісці бабы з вёскі, і кожная лічыла патрэбным даць сваю параду.

Думкі Макара з тугою паплылі ў лес. «Хоць бы параіцца з хлопцамі, можа яны што дапамаглі б?» Стоячы на падворку, Макар раптам успомніў, і твар яго праясніўся: «Як гэта я мог забыць? У іх жа ёсць дохтар... Што б ні было, трэба ісці... Ісці-то ісці, але пехатою хутка не зойдзеш. Гэта ўсё ж такі далёка, а каня свайго няма». Макар заскроб патыліцу, задумаўся. Стоячы на падворку, не заўважыў, як да яго падышла старая Кацярына. Яна ішла таксама, як і тады, калі Макара павяла была паліцыя — са скрыжаванымі рукамі на грудзях, павольнай хадою. Яе васковы, маршчыністы твар быў заклапочаны і адначасова зацікаўлены. Прывітаўшыся з Макарам, яна запыталася ласкава:

— Як табе, Макарка, паводзілася? Я думала, што ты ўжо не вернешся. Дзякаваць богу, што хоць так скончылася.

І тут Макар расказаў Кацярыне сваю бяду. Кацярына выслухала да канца, памеркавала нешта сама сабе, а потым сказала:

— Каня вазьмі ў мяне, хлопцы запрагуць, і мой Ігнат падвязе цябе хоць да палавіны дарогі.

Макар схапіўся за гэта, як за збаўленне, і зараз жа разам з Кацярынай пайшлі да яе.

 

* * *

Макар прыехаў з доктарам і Кудрэвічам перад самым світаннем. Прыехалі яны на партызанскай падводзе. Перад імі і пасля іх ехала яшчэ па адной падводзе — усяго дванаццаць узброеных партызан. Пярэдняя падвода мінула хату Макара і паехала ў канец вёскі, а задняя заехала на ўскраіну, у калгасны хлеў. Партызаны, пакінуўшы па аднаму вартавому пры падводах, разышліся на выбраныя месцы вакол вёскі і залеглі на сваіх пастах. Падводу з доктарам і Кудрэвічам Макар накіраваў на свой падворак. З акон хаты Макара прабіваўся цьмяны бляск — відна была лямпа з прыкручаным агнём. Кудрэвіч застаўся пры падводзе, а Макар з доктарам пастукаліся ў дзверы. Старая азвалася з сяней і, пазнаўшы Макара, адчыніла. У твары ўвайшоўшых ударыла духата застаялага паветра. Доктар адразу сказаў, каб не зачынялі хатніх дзвярэй. Макар хуценька пазавешваў вокны, а доктар палажыў на стол сваю торбу. Выкруцілі агонь у лямпе, і ўсе ўбачылі ў асобе доктара высокага мужчыну ў шынялі, у ваеннай шапцы. Доктар скінуў шынель і шапку. На галаве хвалямі ляжалі цёмна-русыя валасы. Высокі ясны лоб з маршчынкай паміж броваў, просты, крыху кірпаты нос і шэрыя вочы рабілі яго твар прыгожым. Старая цешча прыплюшчыла вочы, задраўшы ўгару свой заскарузлы, як у муміі, твар, углядалася, нібы хацела пазнаць даўно бачанага чалавека. Праводзіла вачыма, сачыла за яго рухамі. Адначасова ўскідала вокам на Макара. Нешта здагадвалася гэтая мумія, бо часам яе твар напружваўся. Калі трэба было доктару паліць вады на рукі, яна рабіла гэта без лішняй ахвоты.

Доктар сказаў перанесці лямпу за печ, да хворай. Алена ляжала тварам дагары і цяжка дыхала. Твар яе асунуўся, шчокі запалі. Доктар праверыў пульс і, прылажыўшы хворай руку да лба, сцвердзіў вялікае аслабленне ад высокай тэмпературы. Фізічнага недамагання няма — лёгкія ў парадку, толькі аслаблена сэрца і боль у галаве. Гэта ад нервовага ўзрушання. Калі яшчэ раз паўторыцца такое, можа быць кепска. Цяпер хворай трэба добра выспацца.

— Вы, бабка,— звярнуўся доктар да муміі,— знайдзіце чарку добрай настойкі, мядовай ці вішнёвай, бо віна цяпер няма, і дайце хворай выпіць. Калі няма гэтага, дык хоць проста якой-небудзь гарэлкі. Тады хворая засне. Апрача гэтага, наварыце малінавага лісця і дайце выпіць навару шклянкі дзве. Добра ўкрыйце хворую, тады яна выпацее. І ўсё будзе добра. Нічога цяжкага не даваць, есці. Паранае малако, лёгкі малочны крупнік, кампот з груш і яблык.

Да свядомасці муміі-маці нешта ўжо даходзіла, бо яна ківала галавою на словы доктара, і твар яе рабіўся лагоднейшым. Алена ледзь чутным голасам пытала: «Хто гэта — скажэце?» Маці схілялася над хворай і адказвала ёй, як беспамятнай, што «гэта — дохтар». Доктар стаў апранацца. Старая не ведала, што рабіць,— не запрашала сесці, не прапанавала пачастунку, толькі калючыя вочы паблісквалі ў нерашучасці. Урэшце запытала роўным здаўленым тонам:

— Колькі вам заплаціць?

Доктар адмовіўся ад платы, ён адчуў сябе ніякавата пры такой абыходлівасці. Але ён ведаў гісторыю Макара, і таму яму было ўсё зразумела. Прысеўшы на момант закурыць, ён з цікавасцю прыглядаўся да старой.

Стала ледзь-ледзь брацца на дзень. Доктар, развітаўшыся, выйшаў. Старая, як бы для парадку, падзякавала і пажадала шчаслівай дарогі. Макар, Кудрэвіч і доктар апынуліся ў гумне. Гаварылі шэптам.

— Дзякую вам, таварыш Курганаў і таварыш Кудрэвіч. Усё, што я меў вам сказаць, я расказаў. Калі будзеце ісці на аперацыю, аб якой мы гаварылі, не хадзіце без мяне, бо можаце заблытацца і прайграць справу.

— Мы табе парадамо, калі быць гатовым. Без цябе не пойдзем,— адказаў Кудрэвіч.

— Не ведаю, як будуць трымацца мае паны пасля гэтага. Кажу вам, не веру ім, усё роўна не веру. Мо на які час прыціхнуць, а пасля...— Макар махнуў рукою.— Аднаго ў вас прашу: калі што здарыцца, памажыце мне ўратаваць дзяцей. Не аддам гэтаму кашчэю — цёшчы.

— Не бядуй, Макар,— сказаў Кудрэвіч,— толькі глядзі добра, каб не празяваць.

— Жонка твая, калі зробіць так, як я казаў, вычуняе. Але цёшча твая... Ого-го!.. Гэта — экземпляр для вывучэння,— сказаў Курганаў.

— Бачыце, ужо світае, давайце будзем выводзіць каня,— сказаў Кудрэвіч. Конь з возам быў выведзены з гумна. Кудрэвіч і Курганаў, не прыпыняючыся, селі на воз, кіўнулі Макару на развітанне і выехалі на вуліцу. Цераз хвілін пяць пачуўся свіст, нехта адказаў яму працяглым свістам. Хутка па вуліцы ў кірунку лесу затарахцелі адна за другою падводы.

 

IV

Мінула больш за месяц пасля хваробы Алены. Ужо канчалася жніво. Гэта было сумнае жніво сорак другога года. Працавалі ў большасці адны жанчыны. У каго муж, у каго сын былі ў Чырвонай Арміі. Людзі вечарамі ішлі з поля, як цені. Ішлі ўразброд — па двух, па адным. Не чуваць было ні смеху, ні жніўных песень. Гітлераўскія прыхвасні трубілі, што немцы забралі ўсю Украіну і падыходзяць да Сталінграда. Людзі не былі пэўнымі ў сваім заўтрашнім дні. Па вёсках гулялі шайкі эсэсаўцаў, паліцаяў, з'явіліся розныя «каменданты». То вязі малако ў раён — аддавай задарма немцам, то вядзі карову, то свінню, аддай усю воўну з авечак, увесь лён. А за невыкананне — пагроза смерці.

А з другога боку, усё ясней і ясней сталі даходзіць весткі аб партызанах, аб іх дзеяннях. Гэтыя весткі пераляталі з хаты ў хату, з вёскі ў вёску і вырасталі да памераў легенды. Людзі з уцехай верылі ўсяму. Эсэсаўцы ўжо сталі паліць вёскі з людзьмі, і часам дым невядома адкуль валачыўся па лесе цэлымі днямі.

Быў адзін з тых летніх вечароў, калі ў паветры яшчэ чуецца подых гарачага дня, а з лясных нізін пачынаюць выплываць туманы. Людзі паціху ішлі з поля. У гэтыя трывожныя часы нараджаліся ў народзе адмысловыя песні. І часамі ўвечары на палявой дарозе можна было пачуць адну, найбольш вядомую, аб чорным воране. І цяпер, сярод маўклівасці людзей, сярод застыўшай навакол прыроды, поўнай паху спелага жыта, яна палілася з вуснаў нейкай маладзіцы:

 

Вецер з поля, хваля з мора,

Ой, забалела галованька з гора.

Каму сказаці, дзе прыхіліцца,—

Ой, ды чорны воран на плечы садзіцца...

 

Людзі ішлі, слухалі, аглядаліся. Гэтая песня была да настрою ўсім — з словамі і мелодыяй скаргі. Ішлі па дарозе і Макар з Аленай. У абодвух у руках былі сярпы. Яны мала што гаварылі. Былі стомленыя, як і ўсе. Прыемна было ісці халадком дахаты. Алена крочыла крыху наперадзе і відно было, што гэтая песня і на яе зрабіла ўражанне, бо яна суцішылася ў сабе, часамі ўздыхала, а калі што і казала Макару, дык паўшэптам, нібы баялася перашкодзіць спявачцы.

Алена пасля прыезду Кудрэвіча і Курганава праляжала ў пасцелі яшчэ тыдзень. Калі даведалася ад маці, хто яе вылечыў, першым яе водрухам было:

— Непатрэбна гэта мне было... Я б і сама ачуняла...

— Што ж я мела рабіць? — чаўкнула старая.— Не я яго прывезла.

І той увесь дзень Алена не хацела гутарыць з Макарам. А калі зусім паправілася і стала прыглядацца да працы, была ўжо нават ласкавай з ім. Надышло жніво, закіпела работа, і здавалася, што ўзаемаадносіны паміж мужам і жонкай прыйшлі да поўнай згоды. Гэтаму спрыяла яшчэ тое, што Макар быў увішны работнік на полі — ён выжынаў у два разы больш за яе. Снапоў яна не зносіла — ён усё рабіў сам. Стараўся як мага лагодзіць, дагаджаць яе вымогам, хоць у душы не раз змейкай прабягала тая тайна, аб якой ён даведаўся тады, калі быў катаваны ў камендатуры, што яго выдала паліцыі Алена, уласная жонка.

«Няхай гэта будзе тайна,— думаў Макар,— я выцерплю ўсё, абы добра скончылася».

І цяпер, ідучы з поля, яны былі ў мірным настроі: яны дажалі сваё збожжа. І цёплы вечар і песня — усё як быццам спрыяла збліжэнню людзей. Ужо даходзілі да вёскі, а песня лілася:

 

...Чорны воран, свет мне пастылы,—

Ой, скажы, мне праўданьку, дзе мой мілы?

 

Увайшлі ў хату. Там сядзела маці Алены. На прыпечку, на трыножніку, варыўся гаршчок бульбы. Дзеці паспелі ўжо заснуць. Макар і Алена сталі ўмывацца. У хаце было ўжо цёмна, дык Макар засвяціў капцілку. Старая падышла да трыножніка, паправіла агонь. Гаршчок стаў закіпаць.

— Ці вы нічога не чулі? — спытала старая.

— Не, нічога,— у адзін голас адказалі Макар і Алена.

— У Купцічы прыехаў цэлы атрад гітлераўцаў. Кажуць, што будуць партызан вышукваць па лесе.

Макар, седзячы на лаве, разуваўся і нічога не сказаў на гэта, хоць трывога пранізала яго з галавы да ног. Алена, прычэсваючы валасы, адазвалася:

— А што ж... Даўно трэба было гэта зрабіць, каб людзям не перашкаджалі. А то толькі бяды можна з імі нажыць.

Слізнула вачыма па Макару і падышла да печы. Макар з-пад валос, якія павіслі на лбе, бліснуў вачыма на Алену і спытаў у старое:

— А дзе вы гэта чулі?

— Казаў наш... Вайнацкі...

«Раз казаў Вайнацкі, значыць, гэта праўда»,— падумаў Макар.

— Так што, Макар, глядзі, каб цябе не забралі,— сказала Алена.— Я цябе больш выратоўваць не наеду.

— За што ж мяне браць? Ну, а як забяруць, то можа зноў жонкай будзеш? — жартаўліва сказаў Макар. Падышоў да Алены, нахіліўся над яе вухам, стоячы ззаду, і дадаў: — Ну, як? Так ці не?

Алена павярнулася назад, і на момант вочы іх сустрэліся.

— Ой, нават і не думай... Патрэбны ты мне такі. Колькі раз гаварыла не займацца гэтымі справамі. А ён за праўду нейкую хоча пастаяць. Які герой, падумаеш... Вось патаўклі ў камендатуры і нічому яшчэ цябе не навучылі...

Макар адышоўся нахмураны.

— Эх, Алена, скуль у цябе такое сумленне? Хто табе яго даў?

У адказ на гэта, як здзічэлая старая кошка, скокнула цешча.

— А што? Можа ты ёй даў сумленне? Ты — галадранец. Падзякуй, што маеш такую жонку...

На адну хвіліну ў Макара бліснула няўмольнае жаданне выкінуць гэтую ведзьму з хаты, але, задрыжаўшы ўсім нутром, спыніўся, стрымаў сябе. Толькі сказаў:

— Хлеба ніколі не еў з чужых рук... Хапала ў мяне сілы на гэта і хопіць.

— Ён мяне сумленнем папракае... Вось выратавала, дык маўчы,— дадала Алена.

— Так, ты выратавала мяне. А я цябе не выратаваў? Скажы?

— Бог яе выратаваў,— буркнула старая.— Непатрэбна было тваёй фатыгі.

— Сціхні, мама, годзе, давайце будзем вячэраць,— сказала Алена, ставячы на стол бульбу.

Алена адчувала, што Макар кажа праўду, яна добра памятала, дзякуючы каму яна ачуняла, але тое, што гэтую праўду нельга нічым прыкрыць, выводзіла яе з раўнавагі. Алена не магла змірыцца з тым, што не яе верх над Макарам, а яго. Гатова была не раз тупаць нагамі аж да плачу, каб толькі нагнуць Макара да баязлівасці, да пакоры.

Як ні хацелася Макару есці, душа ніяк не ляжала к таму, каб сесці разам за стол. Каб не было гэтай гутаркі або цешчы, можа і павячэраў бы. Абуў на босыя ногі боты, апрануў кажух і, узяўшы шапку, накіраваўся да дзвярэй.

— Куды ты? А вячэраць? — спыніла Алена.

— Вячэраць не хачу. Вячэрайце. Спаць у хаце не буду,— сказаў і выйшаў за парог.

Ноч прайшла спакойна. Макар устаў на ўсходзе сонца і пайшоў на поле паглядзець снапоў,— ці не парасцягалі коні ўначы або каровы на ранку. Прахадзіў там гадзіны са дзве.

Алена спыталася ў Макара, куды хадзіў, ці цэлае жыта. Калі села снедаць, прасіла, каб і ён сядаў. Макар не давяраў яе мірнаму тону, такая раптоўная перамена зацікавіла яго.

Увесь дзень людзі ў вёсцы былі ў напружанні — чакалі, што вось-вось прыедуць эсэсаўцы. Мала людзей заставалася ў вёсцы — хто пайшоў у лес, хто ў поле, абы не быць дома. Узяўшы сякеру, пайшоў у лес і Макар.

Эсэсаўцы прыехалі ў вёску ў абедзенную пару, але не прыпыняліся. Перасеклі вёску ўпоперак, там, дзе перакрыжоўвалася вуліца з дарогай. Яны ехалі павольна, на сытых конях — частка верхам, а частка ў вазах. На пілотках былі значкі — чалавечыя чарапы. Апрануты ў маскіровачныя халаты. Выйшлі глядзець на іх толькі адны дзеці, якія крычалі, бегучы па вуліцы: «Немцы едуць, немцы!» Дзеці стаялі датуль, пакуль адзін эсэсавец не ляснуў нагайкай і не скіраваў на іх каня. Дзеці шмыгнулі, як зайчаняты, і вуліца стала пустою. Толькі за плотам, на падворку старасты, стаяў сам Дзяргач і Вайнацкі. Засланяючы далонямі вочы ад сонца, глядзелі ўслед эсэсаўцам, якія пачалі ўжо ўязджаць у лес.

— Куды, па-твойму, яны паехалі? — спытаў гнусавым голасам Дзяргач.

— Як куды? У Нізкую. Не іначай, як у Нізкую. Там, чуваць, аб’явіліся партызаны,— тонам усёзнаючага адказаў Вайнацкі.

Да вёскі Нізкай было пятнаццаць кіламетраў. Праз гадзіны дзве-тры ў тым кірунку далёка над лесам паваліў чорны дым. К вечару людзі даведаліся, што эсэсаўцы спалілі вёску Нізкую. Гэта была вёска, дзе жыў Стась, брат Алены.

 

V

Эсэсаўцы больш не вярталіся. Спаліўшы вёску Нізкую, яны паехалі некуды далей. Апрача таго, што спалілі вёску, пабілі многа людзей. Людзі хадзілі як у ваду апушчаныя. Сталі капаць ямы і хаваць сваё дабро.

Макар мала бываў дома — усё ў полі або ў лесе. Павазіў сваё збожжа — трэба было малаціць, але рукі не хіліліся да працы. Усё думаў сваю думу, пахудаў, спахмурнеў. Алена неяк суцішылася, нават стала да Макара ласкавей. Напрыклад, калі Макар адзін раз малаціў у гумне, яна прыйшла проста паглядзець, сварылася на Вайнацкага за тое, што набіў меншага хлопца старое Кацярыны, злавіўшы яе каня ў канюшыне. Нават жонка Вайнацкага кінулася бараніць хлопца, ён і яе адным ударам зваліў з ног. Прыгледзелася да сарочкі Макара — у каўняры не хапала гузікаў. Сказала, каб пасля абеду змяніў сарочку. Дзеці бегалі, забаўляліся ў саломе, бацькі глядзелі на іх і супольна адчувалі ўцеху.

Але вось Вайнацкі задумаў зрабіць «баль». Нагнаў самагонкі, зарэзаў бычка. Людзі ў вёсцы ўжо гутарылі аб тым, якім мае быць гэты баль і хто будзе запрошаны. На балі апрача старасты, кулака Пушэвіча і іншых прыхлябаеў мае быць паліцыя і нейкі нямецкі начальнік.

І вось, урэшце, у адну з нядзель, пасля абеду, завітаў Вайнацкі. Макар спаў на лаве, а Алена нешта рабіла, седзячы ля акна. Вайнацкі ўвайшоў у хату і бразнуў дзвярыма так, што Макар прачнуўся.

— Пахвалёны Езус! — сказаў Вайнацкі.

Яму адказалі: «Навекі аман» — і запрасілі сесці.

— Не буду садзіцца, бо спяшаюся,— адказаў ён.— Прашу вас, пані матка, і цябе, пані сястра, і ты, Макар, прыйсці да мяне ў гасціну сягоння ўвечары.

— Дзякуем, пане браце, прыйдзем... Чулі мы, што ты вялікую гасціну збіраеш.

— Не бойся, у мяне хопіць. Гарэлкі будзе хоць заліся, сала яшчэ леташняе. Помніце таго вепрука, што быў вышэй за стол? Думаў Броніся жаніць, але нешта цяпер не выпадае — служба, паліцыя. У Глінянку прыехалі ўжо інжынеры зямлю наразаць. Хутка і ў нас будуць. Ніводнага камуніста не застанецца — усіх вымецем! Цябе папрашу, пані сястра, падысці, дапамагчы там жонцы на кухні.

І Вайнацкі выйшаў.

Увечары адбыўся «баль». Назаўтра вёска гудзела аб ім на ўсе галасы. Гаварылі аб тым, што на баль прыехала многа ўзброенай паліцыі і быў нейкі новы камендант, што ён прыехаў у Беларусь аж з Афрыкі. І нават казалі, як гэты гітлеравец піў самагонку: хлябне раз з шклянкі, а потым закусіць, а пасля ізноў хлябне. Піў так, як еў хлеб з вадою, і ўсё прыгаварваў: гут, гут. А потым (як гэта дайшло да людзей!) казалі, што Вайнацкі доўга гутарыў з Аленай на кухні і ўсё напіраў: «памажы, памажы...» Што «памажы», людзі толкам не ведалі і па-рознаму здагадваліся. Напіўшыся, Вайнацкі закамандаваў «вальчыка» і, кружачыся ў гэтым танцы, абрыгаў нейкую панну Яніну. Усе адзначалі, што Макара не было і што Алена сядзела на «пачэсным» месцы — побач з гітлераўцам і як ён да яе лізаўся: туліўся плячом, раз-пораз цалаваў руку. А потым дадавалі аб тым, як перапіліся паліцаі і валяліся на двары — хто спаў, а хто рыгаў на ўвесь падворак. Аднаго буяна-паліцая госці на чале з Пушэвічам прывязалі да плота. А найстрашнейшым было тое, што, калі ўсе госці сядзелі за сталамі і пачалі піць новым наваратам, са двара пачуўся пранізлівы крык: «Партызаны! Партызаны ідуць!» У хаце ўзнялася паніка. Гітлеравец устаў, пераскочыў цераз стол, маючы напагатове рэвальвер у руцэ. Са сталоў ляцелі бутэлькі, шклянкі, талеркі. Госці сціснуліся ў дзвярах, пад нагамі храбусцела шкло. Стараста Дзяргач пёрся праз натоўп з апруцянелымі бялкамі вачэй і ўсё стагнаў: «А божа ж ты, а божа ж ты...» Алена заціснулася ў куток і, дрыжучы, шукала вачыма маці. А Пушэвіч размахваў бутэлькай над галовамі ўсіх і крычаў: «Хутчэй выходзь, а то галаву разаб’ю!» Гітлеравец, выбегшы на двор, стаў страляць. Да яго далучылася пара паліцаяў. Але хто падняў трывогу, ніхто не ведаў. Аж раптам усім прарэзаў вушы новы крык ад плота: «Партызаны!» І ўсе ўбачылі, што гэта крычыць прывязаны да плота паліцай. Гітлеравец з размаху стукнуў паліцая рэвальверам пад вуха, загадаў развязаць яго і адвесці дзе палажыць. Пасля запрашаў усіх вярнуцца ў хату і далей прадаўжаць «баль». Але госці пасалавелі, ні ў кога ўжо не было настрою, і ў дадатак да ўсяго — не было самога Вайнацкага. Як ні шукалі, нідзе не знайшлі яго. У часе панікі, бачылі, быў на кухні, а куды знік — невядома. Толькі раніцою жонка знайшла яго на агародзе ў тычкавай фасолі — спаў, уткнуўшы нос у зямлю. Словам, хапіла гутаркі аб гэтым «балі» не толькі для адной вёскі, але і для ўсёй ваколіцы.

* * *

Як толькі выйшаў Вайнацкі, Макар сеў на лаву і моцна задумаўся, апусціўшы галаву. Разважаў: «Будзе п’янства, будзе паліцыя, усе прыхлябаі і будзе нехта з гітлераўцаў... Што больш трэба?» Заахвочваў Алену, каб хутчэй ішла да Вайнацкага. Сам адмовіўся, кажучы, што нешта баліць галава. Алена не настойвала.

Як толькі выйшла Алена, спешна стаў апранацца. Узяўшы ў кішэню крыху ежы, выйшаў. Сонца было яшчэ высока. «Каб толькі паспець, каб толькі паспець. Тут мы іх...» Але, пэўна, што ноч агорне ў дарозе. І Макар упадаў у роспач. Калі выйшаў на першую лясную паляну, убачыў — пасвіцца трое коней. Спаймаў аднаго за грыву і сеў. Не шкадаваў каня, гнаў яго ва ўсю сілу, даючы яму час ад часу перадыхнуць толькі на пару хвілін.

Вярнуўся Макар з партызанамі на самым світанні. Так яны і меркавалі, каб застаць гасцей упоенымі і зморанымі. Усе прыехалі конна — дванаццаць чалавек на чале з Кудрэвічам. Кудрэвіч з двума таварышамі зайшлі да Макара, а рэшта — дзевяць чалавек (аднаго пакінулі пільнаваць коней у лесе) зайшлі да старасты Дзергача.

Алена паспела ўжо выспацца, калі яе абудзіў Макар. Першым пытаннем Макара было — ці ў вёсцы паліцыя? Алена сказала, што няма, што гасціна скончылася даўно і што наогул нікога няма. Макар і партызаны пераглянуліся поглядамі расчаравання. Алена, убраўшыся, выйшла з-за печы і з усмешкай прывіталася з партызанамі, сказаўшы, што «крыху ўжо знаёмы». «Добры знак»,— падумаў Макар, а Кудрэвіч падмігнуў яму — значыць, з жонкай пайшло на лепшае. Хлопцы адчулі сябе больш надзейна. Сонца павольна падымалася недзе за лесам, на вуліцы сям-там сталі праходзіць людзі.

Алена, умыўшыся, прынесла з каморы талерку сала і талерку сыру. Палажыўшы хлеб, паставіла на стол паўлітра самагонкі.

— Пачастуйцеся крыху, а то вы з дарогі прагаладаліся... Прашу, будзьце гасцямі,— запрашала Алена.— Макар, частуй гасцей...

«Зусім добра»,— падумаў Кудрэвіч. У Макара пасвятлеў твар. Стаў наліваць чаркі партызанам, наліў і Алене. Яна не адмовілася. Выпівалі, закусвалі, гутарылі і не заўважылі, калі Алена выйшла з хаты. Макар, закурыўшы, сказаў:

— Раз паліцыі няма, можаце пасядзець смялей, але пазірайце ў вокны, а я пабягу за гумно, пагляджу на агародзе ячменю. Начамі расцягваюць коні. Толькі прашу, усё ж такі сцеражыцеся.

Макар пайшоў на агарод. Снапы былі расцягнуты. Стаў збіраць іх — цэлыя ставіць на месца, разарваныя вязаць нанава, сабіраў каласкі па загону. Адагнуўся ад зямлі і аж здзівіўся ад нечаканасці — перад ім стаяла старая Кацярына.

— Ух, Кацярына, ты мяне проста напалохала... Як з неба зваліла...

— Макар, ці ў цябе хто ёсць? — спытала Кацярына.

— Ёсць. А што?

— Чаго гэта твая Алена пайшла да Вайнацкага?

— Няўжо? Ты бачыла? Можа што забылася ў гасціне? Паліцыі ж у вёсцы няма.

— Як няма? — цыкнула Кацярына. — Ёсць. Яна і не ад’язджала ад Вайнацкага...

— Ну?! Каб цябе...— Макар не дагаварыў. На яго падворку пачуліся стрэлы, потым чарга з аўтамата. Макар скокнуў у кірунку гумна і толькі ўбачыў, як Кудрэвіч перакуліўся цераз плот і шуснуў у каноплі, як другі партызан таксама перакуліўся за ім услед і ўпаў на граду. Раз такая справа, Макар пабег у кірунку лесу, да партызанскіх коней, дзе і сустрэўся з Кудрэвічам. Кудрэвіч змог толькі сказаць адно, што адзін з партызан, здаецца, забіты, і не пускаў Макара ісці ў вёску. Тым часам у вёсцы адкрылася густая страляніна. Шэсць партызан выбегла ад старасты і ўдарыла па паліцыі. Гэта было для яе нечакана. Паліцаі пусціліся ўроссып уцякаць у агароды. Партызаны, перабягаючы з месца на месца, палілі ім услед, аж пакуль не схавалі некаторых з іх далёкія кусты. Пушэвіч, які бег следам за паліцаямі, пры пералазе цераз плот раптам замёр і паваліўся на грады. Куля дагнала і яго.

У замяшанні спачатку і не заўважылі, што на падворку Макара пры выхадзе на вуліцу ляжаў забіты партызан. Цяпер яны падышлі да яго. У партызана быў разбіты чэрап і перабіты рукі і ногі. Людзі казалі, што ён быў ранены і ўпаў. Адзін паліцай з Вайнацкім забілі яго прыкладамі вінтовак. Другі партызан, што ўпаў на граду, ачнуўся — ён быў паранены ў нагу.

Назыходзілася многа людзей, пераважна жанчын. Усе плакалі шчырымі слязамі, пракліналі гітлераўцаў, як толькі маглі. Пад’ехала, ціха плачучы, старая Кацярына з сваім возам. Жанчыны палажылі партызана на воз і пакрылі чыстым, белым палатном. На другую падводу паклалі раненага. Накіраваліся ў лес. У дарозе да людзей далучыліся Кудрэвіч і Макар. Пахавалі партызана на шырокай лясной паляне.

Вярталіся — жанчыны з плачам, а мужчыны з гневам. Ішла ўся вёска. Не было ў натоўпе Вайнацкага.

 

VI

Макар ірвануўся ісці ў вёску. Партызаны яго не пускалі.

— Пусціце, не вытрымаю,— біў сябе ў грудзі Макар.

— Што ты там цяпер зробіш? — казаў Кудрэвіч.

— Я... зраблю... Я знаю, што рабіць... Пусціце, бо... лопне маё сэрца... Гэта ж падумаць, так зрабіць, як яна... Не, пусціце... Я мушу ісці... каб расквітацца з усім... а потым вярнуцца да вас назаўсёды... Зараз пашліце мяне ў разведку...

— Добра, схадзі ў вёску Нізкую. Яе спалілі эсэсаўцы. Дазнайся, колькі людзей забіта, як жывуць тыя, хто застаўся жывы. Там была група партызан. Даведайся аб ёй. Нам трэба яе прыняць у наш атрад...— гаварыў Кудрэвіч.

Твар Макара крыху праяснеў. У яго бліснула нейкая шчаслівая думка.

— Добра. Калі так, пайду. Пайду зараз.

Доўга не чакаючы, развітаўся з партызанамі і пайшоў напрасткі праз лес. Ішоў як у гарачцы. Сухое галлё трашчала пад яго нагамі. Галіны кустоў балюча ўдаралі яму па твары, але ён не зважаў на гэта.

Выйшаў на дарогу, стаў, скінуў шапку і ёю ўцёр свой распалены, спатнелы твар. Закурыў і шпарка рушыў далей. Яго цешыла, што можа ўбачыцца са Стасем, калі ён жывы. У лесе было ціха і парна. Гушчыня лесу змянялася ляснымі сенажацямі, якія застылі пад сонцам у моры рознакаляровых кветак, нікім не кранутыя. Цяпер не было каму прылажыць да іх рукі. Макар паволі астываў, прыцішыў крок. Мінаючы знаёмыя мясціны, падумаў, што да вечара паспее дайсці.

Ужо сонца хілілася к захаду, калі Макар прыйшоў у вёску Нізкую. Як глянуў уздоўж, убачыў адны папялішчы, на якіх тырчалі абгарэлыя каміны печаў. Дзе-нідзе воддалі захаваўся хлевушок. Дыміліся кастры, каля іх сядзелі людзі. На некаторых папялішчах жанчыны шукалі нечага ў попеле або складалі цэглу. На адным пажарышчы, на абсмаленым бервяне сядзела жанчына і моцна плакала. Макар не адважыўся спытацца, чаго яна плача. Суседка, якая збірала цэглу на сваім папялішчы, сказала, што эсэсаўцы не далі гэтай жанчыне ўзяць дзіцяці з калыскі і яно згарэла. «І вось, абы толькі прыйшла на папялішча, так і плача»,— сказала суседка. Уздыхнуў Макар ідучы і часамі не мог нават паверыць у тое, што бачыць,— праўда гэта ці не?

Некаторыя пабудавалі сабе буданы з дошак або з калкоў і пакрылі сенам. Нейкая пусташ і спалоханая цішыня віселі ў паветры. У адным месцы, на сярэдзіне вёскі, дзе была невялічкая пярэрва, Макар убачыў свежыя магілы з новымі дубовымі крыжамі. Падышоў і налічыў іх сорак, «Гэта, мусіць, і ёсць тыя пабітыя...» — падумаў ён. Зняў шапку і пастаяў хвілінку. Урэшце завярнуў на падворак Стася. Тырчаў адзін комін на папялішчы, а пазадзе быў шалаш. Стась стаяў ля шалаша з павязанай левай рукою. Ён узрадаваўся Макару.

— Урэшце ты прыйшоў. Каб не рука, я ўжо быў бы ў вас, але рука...— сказаў Стась, запрашаючы Макара сесці на калодцы.

— А што з рукою? — спытаўся Макар.

— Ранены. Эсэсаўцы... забіць хацелі, як уцякаў. Ранілі ў руку. Я ўпаў у грады — гэтым і ўратаваўся. Рана нецяжкая, але трэба будзе крыху панасіцца.

І Стась расказаў, як эсэсаўцы загадалі, каб усе людзі выходзілі ў канец вёскі, на майдан. Людзі хто выхапіў што з свайго скарбу, а хто не. Ляцелі цераз агароды, а эсэсаўцы страчылі па ўцякаючых. Хто трапіў пад кулю, той і лёг. Забілі сорак чалавек. «Вунь там пахаваны»,— паказаў пальцам Стась.

— Я бачыў праходзячы,— сказаў Макар.

Прыйшла з агарода жонка Стася Лізавета. Гэта была жанчына год пяцьдзесят, спакойная, з лагодным тварам, які яшчэ не страціў сваёй жаночай прыгажосці. З усмешкай яна прывіталася з Макарам.

— Вось, Макарка, у якую бяду мы трапілі. Не думалі ўжо застацца жывымі. Бачыш, неяк абышлося — яшчэ жывём. Вопратка наша ўся пагарэла — усяго і маем, што на сабе.— Паказала на дзежачку, якая стаяла ў шалашы: — Вось схапіла гэтую дзежачку і круцілася па падворку, як дурная, пакуль Стась не крыкнуў — «кідай». Уратавала крыху пасуды, а вопратка згарэла. Гэта ўсяго ратунку, што было закопана крыху хлеба, а так хоць прападай, бо новае згарэла ў хляве. Ячменю крыху на полі ёсць, грэчкі...

Лізавета крышыла гуркі ў квас, рыхтавала вячэру. Стась з Макарам прайшліся к папялішчу, абышлі навокал, гутарачы. Макар расказаў Стасю пра свае прыгоды. Стась уважна слухаў. Калі Макар спытаўся ў яго: «Што ты скажаш пра Алену?» — Стась спыніўся і, гледзячы ў вочы Макару, сказаў: — На тваім месцы я застрэліў бы яе, як паскудніцу! Вось як... Вайнацкага... Не, на Вайнацкага шкода кулі. Яго павесіць перад народам... Нелюды... Не, гэтага пакінуць так нельга... Не, не...

— Дзе ж твая дачка Паўліна? — спытаў Макар.

— Уцякала разам з намі... і ўцякла. Прыйшла ўначы. Я сказаў: хай будзе, што ты недзе загінула, хай людзі не ведаюць, што з табою. Ідзі, скуль прыйшла.

— Ну, то дзе ж яна? — не здагадваючыся, пытаўся Макар.

— Пайшла... з партызанамі... Яна ж у мяне дохтар — яшчэ два гады засталося ёй давучыцца. Бачыш, руку мне перавязала...

Макар расказаў Стасю, якое заданне ён атрымаў ад Кудрэвіча.

— Ну, што ж,— адказаў Стась,— заўтра завяду цябе да іх. Возьмеш ад іх аднаго чалавека і пойдзеш у атрад або адразу ўсіх павядзеш. Зробіш як захочаш. Іх дваццаць чалавек — усе з гэтай вёскі... Можа хто падыдзе ўначы, тады пойдзеш з ім, а як не,— я завяду... Хацелі прыйсці ратаваць нас, як эсэсаўцы палілі вёску, але што ж... сіла яшчэ слабая, мала аружжа. Ну, вінтоўкі, адрэзы, аўтаматаў няма, толькі два рэвальверы... Шукаюць аружжа... Словам, пабачыш сам... Але ўсё ж такі засаду зрабілі на падпальшчыкаў. І нават моцна пакалацілі...

— Хадзіце вячэраць,— паклікала Лізавета, якая ўжо распаліла касцёр. Над агародамі слаліся туманы, і ў небе адна за другою сталі з’яўляцца зоркі. Надыходзіла прахладная ноч. Мужчыны дагаварыліся вартаваць на змену. Макар яшчэ доўга бачыў, як языкі полымя ценямі трапяталі на задуманым твары Стася.

Калі «Касцы» набліжаліся да паўдзённай стараны і Стась хацеў ужо збудзіць Макара, прыйшла Паўліна. Яе крокі Стась пачуў здалёк і, прытуліўшыся да шалаша, цікаваў, хто гэта мог быць.

Паўліна перавязала бацьку руку. Пры гэтым прачнуўся Макар. Паўліна была рухавай дзяўчынай. Яна самастойна трымалася з бацькам, адначасова ніколькі не зацямняючы гэтым сваёй даччыной ласкі да яго. Стась глядзеў на дачку, як на шчасце, адначасова не перашкаджаючы яе такой разумнай самастойнасці.

Паўліна прылегла ў шалашы, абудзіла маці, пагутарылі з ёю паціху.

Перад світаннем яна і Макар пайшлі ў лес.

 

VII

Макар выканаў заданне, якое даў яму Кудрэвіч: ён прывёў групу партызан вёскі Нізкая ў атрад. На другі дзень трыццаць партызан, а з імі і Макар пайшлі на аперацыю ў вёску Глінянка. Макар ішоў наперадзе, з вінтоўкай на плячы, дзе напрасткі, дзе сцежкамі, дзе зарослымі травой, даўно няезджанымі дарогамі. Партызаны прыйшлі ў вёску Глінянка ў час снедання, калі ўсё насельніцтва было яшчэ дома. Мэтай аперацыі было «накрыць» купніцкую паліцыю, якая, на даных разведкі, мелася быць у Глінянцы.

Партызаны ішлі ў хаты не з вуліцы, а з агародаў. Паліцаі не чакалі такога манеўру і былі засцігнуты знянацку. Іх выводзілі з хат і адводзілі на плошчу. Некаторыя з іх, якія былі ў другім канцы вёскі, паспелі схавацца. Але знаходзілі і тых — каго выцягвалі з-пад печы, каго з вышак, а каго з хлява. Забралі зброю паліцаяў — апрача вінтовак, аўтаматаў і гранат адзін кулямёт з лентамі. Пагрузіўшы ўсё на падводы, паехалі цэлым абозам назад. На пярэдняй падводзе ехаў Макар. Пад’язджаючы к месцу, дзе разыходзіліся дарогі, Макар злез з воза і падышоў да Кудрэвіча. Нешта пагаварылі, і Кудрэвіч выдзеліў трох партызан і загадаў ім ехаць разам з Макарам.

Падвода Макара звярнула ўправа, пакінуўшы абоз. Гэта была дарога ў Дубоўку — вёску Макара. Не даязджаючы паўкіламетра да вёскі, Макар злез з воза і пайшоў цераз лес напрасткі. Макар быў ужо ў сваёй хаце, калі па вуліцы затарахцеў воз, на якім ехала трое партызан і прывязаны да білаў Вайнацкі. Той сядзеў, апусціўшы вочы, і яго вусікі ўжо не тырчалі ўверх.

Алены ў хаце не было. Да Макара прытуліліся дзеці, пыталіся, дзе ён так доўга быў, і расказалі, што захварэла бабуня.

— Чорт яе бяры, дзеткі, гэтую бабуню,— стомленым голасам сказаў Макар. «Значыць, Алена недзе ў яе»,— падумаў ён.

Алена прыйшла неўзабаве і адразу накінулася на Макара:

— І дзе ты ходзіш так доўга? Тут столькі парабілася без цябе, што жыцця няма. Я думала, што ты згінуў дзе або і цябе забілі. Начамі не спала, чакала. Тут і маці была прыхварэла. Ой, што гэта робіцца! Ці ты ведаеш, што Стэфанавага Броніся таксама тады забілі? Знайшлі яго ў канцы агародаў. Толькі пазаўчора пахавалі. Маці цераз гэта была аж прыхварэла. А тут вось і самога Стэфана павезлі нядаўна партызаны.

— Што? Вайнацкага павезлі? — са здзіўленнем спытаўся Макар.

— Вось нядаўна. Нічога ты не бачыш і не знаеш,— тонам крыўды гаварыла Алена. У гэтым тоне было нешта ад звычайнага страху і жаночага прытворства. Можа трэба было б упасці Макару да ног, прасіць прабачэння за ўсе крыўды, якія яму зрабіла, але гэта было б неганарова. Трэба абысці чалавека больш тонкай дарогай, каб падначаліць яго сабе і самой выйсці сухою.

Але Макар маўчаў. Алена даставала ежу з печы, а Макар маўчаў. Вочы схаваліся ў глыбіню пад бровы і свяціліся цяжкім, панурым бляскам. Макар толькі гладзіў дзяцей па галоўках і маўчаў. Для яго было ўжо ўсё вырашана канчаткова. Сказаў толькі адно: «Нічога, усё будзе добра...»

Увечары, калі клаліся спаць, Макар падышоў да Алены і шэптам стаў гаварыць нешта такое, што Алена, слухаючы, аж прыўстала на ложку.

— І што я там буду рабіць? — пыталася яна.

— У іх няма каму спячы хлеб. Няма жанчыны. Спячэш ім хлеб і прыйдзеш дадому.

— А ты?

— І я вярнуся.

— Добра, заўтра пабачым. Кладзіся спаць.

— Я ў хаце спаць не буду — пайду ў салому,— адказаў Макар. Хутка апрануўся і выйшаў.

Назаўтра Макар з Аленаю пайшлі ў дарогу.

Дзень быў сонечны і ціхі. Цішыня лесу нагадвала набліжэнне восені. Дзе-нідзе з дубоў паціху падалі адзінокія лісты.

Хацелася стаяць і слухаць гэты шэлест. Адзінокія бярозы хаваліся між дубоў на палянах, з цікавасцю зазіраючы на падарожных. На пясчаных узгорках ціха і густа шумелі сосны. Над ручаінамі, з кучаравага алешніку звісаў нікім не крануты буйны хмель. Недзе ў небе крычалі журавы.

Макар з Аленаю прыйшлі ў атрад Кудрэвіча познім вечарам.

 

* * *

Хто не знае тых ціхіх і сонечных ранкаў, калі на полі стаяць апошнія снапы, калі дацвітае грэчка і пажоўклае проса хіліцца долу. Сонца не спяшаецца падымацца ўверх — яно стаіць доўга над лесам і павольна лье на ціхую прыроду свае праменні, якія рассейваюцца ў лагоднай і мяккай дымцы, застыўшай над пожнямі, у кустах і ў неабсяжным дрымучым лесе. Як жа свежыя дарогі ў лесе ў гэты час! Учарашнія сляды зацягнуты вільгаццю і, здаецца, трава нанова вырасла па стужэлым пяску. У лесе такая цішыня, што трэск сухой галінкі чуцён ясна і звонка, але без шумнага веснавога рэха. Часамі цвірыкне адна птушачка і сядзіць на галінцы маўкліва. Толькі неўгамонны дзяцел стукае прыглушана ў лясной гушчыні.

Макар павольна ішоў лесам з сваімі дзецьмі. Ішоў як бы адпачываючы. За плячыма быў клунак. Любу, як меншую, нёс на руках, а Коля ішоў побач, радаваўся дарозе, лесу. Знаходзіў грыбы па дарозе, паказваў бацьку. Люба не хацела адставаць ад яго і рвалася з рук на зямлю.

Макар прыпамінаў той час, як ён ішоў ад партызан з каробкай за плячыма. Тады таксама стукаў дзяцел. Але тады была росная свежасць лесу, хацелася дыхаць і жыць поўнымі грудзьмі. І чым больш вострым было гэтае жаданне, тым было яно больш балючым — тады быў пачатак яго трагедыі. Хацелася крыкнуць: не спявайце, птушкі, не прыхарошвайцеся, бярозы, калі я іду. Памажыце мне быць такім, як вы.

«Чаму не магло быць іначай? — падумаў Макар.— Хто ў гэтым вінават? Доктар Курганаў казаў, што тут вінавата мінулае... што мы павінны ліквідаваць гэты перажытак... І пісьменны разумны Стась казаў тое самае, хоць па-свойму... Мудра ўсё гэта...»

— А чаго ты, тата, плачаш? — спыталася Люба, убачыўшы слязу на вачах Макара.

— Чаго я плачу? Не, я не плачу. Чаго я буду плакаць, Любачка? Не, гэта так сабе.— І ён пацалаваў дзяўчынку ў свежую дзіцячую шчаку.