epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Мы не памрэм!

(Падзеі лёху)

 

Ці зараз надыдзе світанне?

Ці хутка яно загляне?

Ноч...

Доўгая ноч...

І лёху сырое смактанне

Хлюпае ў цемры глухой і плюгавай.

Катоўская стража ізноў

Прыйшла паўтарыць свой здзек —

Пытала: «Цо, ешчэ не здэх?»

 

Дня няма — у лёху дня няма...

Толькі ноч...

І мохам заіневеў твар.

І яму каменную, яму ярма,

Мераеш крокам, як вошчупам:

Раз-два, раз-два...

 

Адарваны. Не ведаю. Дзе вы, таварышы?

Холад гмаху навалены. Вільгаць. Падвал.

І цемра хіхікае ў вочы пачварамі...

Слухай, ноч,

і на волю наш кліч падавай!

 

Недзе крокі таемна ў цішы засычэлі...

Знаю — то крокі тэрору.

Глуха бразнуў ланцуг, і завесы дзвярэй зарыпелі

Жудасцю чорнай

па калідоры...

 

І — ціша. То ціша тэрору

Запала і цемрай шугнула ў грудзі...

Слухай, ноч,

і ў лёхах мы прагнем прастору,

І ў лёхах пяём мы, і славім, і будзім!

 

Мокрым холадам моршчыцца цемра,

Сліззю караваю сэрца дзярэ,

І варта катоўская крокамі дрэмле...

Надарма! Надарма!

Мы — не памрэм!

 

Гарт маёй думкі маланкуе іскрай,

Творыцца радасць вызвольнага дня,

Калі выйду вясною шумлівалістай,

Каб тысячы мук,

як сцягі, падняць!