epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

На фронце

(Верш з падполля)

 

Бярозы шумяць галалёдам,

Ноччу цёмнай ахутаны шлях...

Іду... да абуджаных гушчаў народу,

А ў сэрцы —

сцяг.

 

Ноч — памочніца мне. Я ўжо многа прайшоў

Па зборах узброеных душ,

Расставіў пасты, ў поле выслаў ганцоў,

І пяе мне гудком тэлеграфных слупоў

Кіпучая,

родная глуш...

 

І ў душу маю просяцца зоры...

Гэта бляск камсамольскіх вачэй,—

Гэй, на варце трымаюць дазоры

І хвалююць душу гарачэй!

 

Рэвалюцыі кузня агністая...

Шум бяроз... Не, то падпольшчыны шум

Раздзьмухае, кіпіць, сыпле іскры

Авангардных дум...

 

Жалезны наказ дысцыпліны

Нясі,

не падарві!

Будзь з імклівасцю кожнай хвіліны,—

Вось наш пераможны дэвіз!

 

Толькі той мае вочы адкрытымі,

Толькі той можа правільна плыць,

Хто умее ў агні самакрытыкі

Ўсе грахі свае смела спаліць!

 

Хто на кожны удар свайго ворага

Чулым вухам адмервае час,

Каб атакаю руху народнага

Стрэлам даць ураганным...

Руку авангардна трымаць пастаянна

На пульсе

мас...

 

...Іду. Вёскі ў полі рассыпаны,

Уцякаюць у снежную даль,

Стрэхі, снегам марозным прысыпаны,

Ноч старожаць. І чую — куецца,

Чую — трэпетам-іскрамі б’ецца,

Гартуецца збройная сталь.

 

І агні, і агні перахрэсткамі

Рассякаюць прасторы, дрыжаць,

Як на фронце мігаюць пражэктары —

Хаты фронтам-дазорам глядзяць...

 

Мы ж вядзём наступленне

Кожны час, кожны дзень, кожны міг,

І у вогненным гарце цярпення

Ў сэрцах нашых расце бальшавік.

 

Рэвалюцыі крочыць паход...

Помню волата гнеў, царскай зграяй расшыты,

На грымасе стыхіі распяты,

Нахмураны,

У дыме наганаў закураны,—

Дзевяцьсот дзевятнаццаты год!..

 

..Але стой... Нейкі шум... Палазы ад мароза

лютуюць.

Коні ў пене шыбуюць патокам,

Свае душы ў баях недзе людзі гартуюць,—

Едзе бульба ткачам Беластока,

Каб спыніць катаў люць,—

Стань, салдат, і аддай салют!..

 

Фронт адзіны, як буралом,

Развіваецца ў барацьбе,

Вяжацца цесным вузлом

У сэрцы кіпучым КПЗБ!

 

А далёка, далёка

Яснасць ў неба шыбае,

Мігае,—

Гэта горад

Забастоўкай палае,

Раздувае гарно, гучыць молат —

Заржавелы ланцуг разбівае.

 

Зайграйце ж, бярозы, мне маршам.

Пралетарскі гудзе бранявік,

Б’е трывогу. Спяшай стаць на варце,

Агітатар — салдат-масавік!