epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

На магіле Максіма Багдановіча

Ласкава кіпарыс шапоча над табою,

Цудоўны наш паэт, згарэўшы без пары,

Дзе сонечны блакіт над Ялтаю гарыць,

А мора ўсё клякоча хвалямі прыбою.

 

Усё жыве, паэт, нягаснучай красою,

Як тыя бомы там, у песенным бары,

У старонцы той, дзе ты пачаў тварыць

Яшчэ бяздольнаю часінаю цяжкою.

 

Цяпер у нас растуць шчасліўцы будавання

З іх кожны глыбу дзён душой сваёй кране

Без жалю, без сірочага стагнання,—

 

І не адзін паэт у нашай старане

Па-над табою схіліцца ў пашане

І шчыра праспявае аб вясне...