epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

На варце

Я з вінтоўкай на варце стаю,

З вострай пільнасцю сэрца і воч,

А са мной толькі цёмная ноч

У маім партызанскім краю.

 

Прада мною балотаў імшар,

Дзе паблісквае ў цемры вада,

А як глянеш навокал у даль —

І баліць і нямее душа...

 

Рассявае і смерць і пажар

Недзе вораг драпежнай рукой,

Жахам дыхае край увакол,

Небасхілы дрыжаць і дрыжаць...

 

Час ад часу ў далёкай глушы

Пырсне немец ракетай увысь,

Аглядае лугі, паплавы —

Нас баіцца у чуйнай цішы.

 

Пад палётам агністым клубка

Заіскрыцца жывая вада,—

Гэта Прыпяць шырокая там,

У зялёных кустах лазняка.

 

І здаецца, убачу на міг,

Як глыбокі асветлены вір

Круціць хвалі варожай крыві —

Беларусь мая у агні.

 

Небасхілы дрыжаць і дрыжаць...

Я з вінтоўкай на варце стаю.

За краіну у крыўдзе сваю

Думка вострыцца бліскам нажа.