epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

На волю

Турма ў цішы змроку прыплюшчыла вочы,

Бразнулі ў браме замкі заржавелыя,

І восень сырой, агнявокаю ноччу

Дыхнула мне ў грудзі збалелыя.

 

Горад снаваў свае сеці-зігзагі...

З імглы агнявой,

Як з пажару,

Рад фабрычных, як здань, каміноў

Замаячыў закопчаным тварам.

Як ад смагі,

Упіваўся мой стомлены зрок...

З туркату-шуму прарваўся,

Ўвышыню узляцеў, абарваўся,

Заблукаўшыся недзе, гудок...

 

Да лёту, браты, да шырокага лёту!

Арлом маладым шыбануць у нябёсы —

паплыць...

Атрахнуцца ад зморы,

Грудзьмі захлябнуцца,

душой адпачыць,

Распластаўшы крылле

на хвалях прастору...

.....................................................................................

Іду...

Па дарожках, па прасёлачках.

У даль прастору гавару:

«Прыхілі мяне, мая долечка,

Барацьбяная Беларусь!»