epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Над намі віхры выюць...

Над намі віхры выюць і лісцем дрэў лапочуць,

І хмары чорныя варожа нам гудуць,

І барацьбу, і страх, і смерць прарочаць,

І весткі ваяўнічыя нясуць...

 

«Мы — людзі, мы — арлы, мы ў вочы бога Рока

Пасмелі кінуць выклік як назло,

І голас наш адклікнуўся далёка,

І лье жыцця прабуднае святло.

 

Ты, лёсаў нашых пан, далоў жа з п’едэстала!

Твайму прыгнёту смела вызначым канец.

Ты знай, што смерць табе ад нашых рук настала,

Мы стопчам, разарвём паганскі твой вянец!

 

Мы — людзі, як арлы! Гаворым табе ў вочы

Пад буры свіст і рокат гнеўных хваль —

Рассеем змрок тваёй злавеснай ночы

І заклік падамо ў бушуючую даль.

 

Да нас прыйдуць усе, хто у грудзях збалелых

Нясе агонь дабра, нясе нядолі крыж,

Хто ў муках сэрц сваіх, стагнаннем ашалелых,

Змагання грознага падняў трывожны кліч!»