epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Наручны гадзіннік

Валя Семашкевіч — сярэдняга росту дзяўчына з курносым носікам і жвавымі чорнымі вачыма, якія бегаюць пад навіслым чубікам хусткі, як мышкі. Ёй, відаць, не больш як семнаццаць. Ужо больш года Валя тынкуе, аглядаючы з паверхаў сталіцу і часам думаючы, што так і ўсе дамы былі пабудаваны, як вось гэты, з якім Валя неяк паспела ўжо зрадніцца, прывыкнуць. Кожны ранак яна разам са сваімі сяброўкамі па працы прыходзіць сюды, узбіраецца па засмечаных друзам сходках і бярэцца за кельму. У цёплыя дні яна распранае сваю правапненую ватоўку і надзяе белы рабочы фартух, а ў халодныя дні ёй ватоўка не перашкаджае. Калі Валя пачынала працаваць тынкоўшчыцай, аб многім марылася. Перад вачыма заўсёды стаялі маці, якую пакінула ў вёсцы, і малы брацік, які першы год пайшоў у школу. Яна думала з асалодай, што з першай палучкі яна пашле можа сто, а можа і дзвесце рублёў сваёй маме і напіша, каб браціку купілі палітончык. Як жа будуць рады там, дома! І як жа рада будзе яна сама! Вось тады яна пойдзе ў клуб свайго трэста на канцэрт без аглядкі, без шкадобы, што трэба нейкія два або тры рублі аддаць за білет. Калі надыходзіў выхадны дзень, Валя ўволю высыпалася, а пасля абеду ішла ў парк, калі з дзяўчатамі, а калі і адна, садзілася на лавачку на галоўнай алеі і гэтымі жвавымі, як мышкі, вачыма праводзіла людзей, што ішлі пара за парай. Вочы часта спыняліся з захапленнем — то на плацці той ці іншай жанчыны, то на прычосцы, а самае найбольшае захапленне выклікаў наручны гадзіннік на белай, як адточанай, жаночай руцэ. Якая ж краса, калі яно, гэтае кругленькае вочка — ды яшчэ на ланцужку,— пры ўзмаху рукі блісне і ў вачах Валі заіскрыць колерамі. Затаіўшы дыханне, Валя праводзіла такую жанчыну вачыма і казала сама сабе, што без гадзінніка на руцэ жанчына траціць нешта з сваёй красы. І паступова мара авалодала Валяй — прыдбаць гадзіннік, хоць бы давялося адкладаць па рублю ў тыдзень. І Валя, нікому нічога не кажучы, пачала адкладаць — не па рублю ў тыдзень, а пабольш. З таго часу, як пачала авалодваць Валяй гэтая мара, яна частавата прастойвала перад вітрынай ювелірнага магазіна або заходзіла і ў магазін. Там разглядала гадзіннікі, і ніхто не падазраваў, як білася яе сэрца. Пад шклом ляжалі розныя гадзіннікі, розных памераў, з цыферблатамі розных колераў — белымі, жоўтымі, чорнымі, то ў абводках серабрыстых, то залацістых. Вочы яе прыкоўвалі залацістыя абводкі, але гэта былі дарагія гадзіннікі, і Валя выбрала сабе невялічкі, зграбны, з тоненькай металічнай абводкай, з пукатым шкельцам. Сказала сама сабе: «Вось, каб гэты...» Выбар быў добры, з густам. Але такі Валін густ патрабаваў ад яе пяцьсот рублёў. Ляжалі ж гадзіннікі большыя і таннейшыя, а гэты невялічкі, зграбны — ды такую суму. На момант зрабілася цяжка, пацямнела ў вачах. «Дзе мне дабрацца да такога гадзінніка!» — думалася Валі, але ўсё ж такі не — мара брала сваё. А таннейшага Валя не хоча, бо яны, таннейшыя, не ўзбуджаюць такога захаплення, як вось гэты невялічкі, які так прыкоўваў яе ўвагу, які найпрыгажэйшы за ўсе, што ляжаць пад шклом.

Праходзілі тыдні і месяцы. Упэўненай рукою Валі тынкаваліся сцены. Многа іх стала гладкімі, як наглянцаванымі. Кельма — слаўны інструмент у слаўнай руцэ. Раствор кладзецца па сцяне ўзгорачкамі, а пасля пачынаецца другое майстэрства — разгладка мокрай кельмай і апошняе — мокрай дошчачкай. Валя заўважае, што з кожным днём прыспяшаецца яе работа. Узмахі рукой сталі больш дакладныя і разам з тым — хутчэйшыя. Нормы перавыконваюцца на вачах. Калі к вечару прыходзіць прараб, ён змервае сцены строгімі вачыма, а пасля змервае такімі ж вачыма і самую Валю — сярэдняга росту дзяўчыну ў заляпанай растворам хустцы.

— Гм... — мармыча прараб,— прамерым яшчэ раз...

Прамераўшы, ён падыходзіць да Валі, віншуе яе з перавыкананнем нормы і адразу падае ёй лічбы працэнтаў перавыканання.

— Пойдзеш, пойдзеш на Дошку пашаны, дзяўчына! Далажу інжынеру. Як цябе... па бацьку?

Прараб запісвае ў блакнот: «Валянціна Цімафееўна Семашкевіч — на Дошку пашаны».

І вось надышоў дзень, які Валя мае права залічыць да найлепшых дзён у яе жыцці. Яна купіла наручны гадзіннік, той самы, на які ўпала яе чорнае вока, — невялічкі, з блішчастай металічнай абводкай, пад пукатым шкельцам якога глядзелі чорненькія цыфры, і кожная цыфра абведзена залацістым шнурочкам. Гэтыя цыфры, як жывыя, здаецца, варушацца, усміхаюцца да Валі. Вось яна трымае яго ў руцэ, просіць дзяўчыну-прадаўшчыцу завесці яго, паставіць стрэлкі на правільны час.

Няўжо яна яго купіла? Так, купіла!

Валя выйшла на вуліцу. Глянула на гадзіннік, надзеты на руку, як у многіх другіх, і ўсміхнулася. Гадзіннік здаўся ёй прыгажэйшым, як у магазіне, бо там прыцемак кідаў цень на яго беленькі цыферблат. А тут, на вуліцы, ён ззяе, гарыць; чорныя стрэлачкі, як камарыныя лапкі, паказваюць час.

Ітак, Валя з гадзіннікам. У душы адчувалася паўната задаволенасці. Здавалася, што разам з гадзіннікам вырашыліся ў Валі ўсе жыццёвыя турботы. Як добра хадзіць з гадзіннікам, сяды-тады зірнуць на яго, праверыць час, палюбавацца!

Калі Валя прыйшла ў інтэрнат, сяброўкі па працы абкружылі яе, вокхалі ад захаплення, пыталіся пра цану. Валя сказала — пяцьсот рублёў, і ўсе ў адзін голас: «Ён гэтага варты! Ой, ды харошы!» А Валя памылася, прычасалася, змяніла плацце і надзела гадзіннік на руку. На душу зыходзіць такі спакой, як ніколі. Добра з гадзіннікам! Трэба некуды пайсці, спярша хоць бы толькі на вуліцу, а потым можна і ў кіно. Валя хоча ісці павольна па тратуары, ісці зграбна, з крыху ўзнятай галавой у сіняй касынцы. Так наказвае гадзіннік, які зарабіла доўгімі днямі. Сярод вапнавага пылу і мазкоў гліны нарадзілася мара аб ім. Валя пачынае адчуваць, як яе істоту напаўняе пачуццё ўласнай годнасці.

Валя расстаецца з гадзіннікам толькі на час працы. Хавае яго ў ватоўку разам з абедам. Яна не перастае перавыконваць нормы, яе ставяць ужо ў прыклад на вытворчых нарадах. Ёй зайздросцяць сяброўкі. Іх зайздрасць ёй не падабаецца. Бо і чаго зайздросціць? Рабі добра, і ты кожная будзеш мець дасягненні. А Валя робіць па-мастацку. Прараб не можа ёю нацешыцца. Нават сам інжынер прыйшоў паглядзець на яе работу. У добрым настроі Валя, і здароўя, сілы, здаецца, прыбыло. Калі заплаціла столькі за любімы гадзіннік, то трэба наганяць яшчэ больш. І Валя наганяла. Тыя папрокі, што часам аднекуль заляталі ў душу, папрокі ў такой вялікай растраце, заглохлі, больш не прыходзілі. Яна мае дарагі гадзіннік, яна жыве з гэтай красою кожны дзень, яна можа ісці з ёю па той паркавай алеі, як тыя многія, і ганарыцца сабою.

Але чалавечую душу, відаць, падсцерагаюць нейкія злыдні. Ім не падабаецца чалавечая радасць, яе перамогі. Злыдні шукаюць самага балючага месца ў чалавека. Знайшлі яны яго і ў Валі. Аднаго разу, скончыўшы працу, Валя, як заўсёды, сягнула рукою па сваю ватоўку, што ляжала на падлозе пры сцяне, развярнула яе, каб узяць гадзіннік, і не знайшла яго. Яе адразу абдало потам. Яна шукала далей, перамацала ўсю ватоўку, ператрэсла торбу, у якой прыносіла абед, і — не знайшла. Пацямнеў дзявочы твар, І слёзы, як боб, пакаціліся па шчоках. Упала тварам на падаконнік і доўга не падымала галавы. Але ж трэба ісці дахаты.

Як ісці? Валя сабралася з сіламі і пайшла, як не сваімі нагамі.

У інтэрнаце заўважылі яе асунуты, сумны твар; Валя не захацела ісці на вячэру ў сталоўку, лягла, як хворая. Сяброўкі пыталіся, мо ёй што баліць. Але нікому не прыйшло ў галаву спытаць пра гадзіннік. Можа і добра, што не пытаюцца, бо не ўсе будуць спачуваць. Валя думала, дзе ўсё ж такі гадзіннік, як ён мог знікнуць? Яна прыпамінала ўвесь той злашчасны дзень, дзе яна была. Бо часам пачынала здавацца, што яна яго не здымала з рукі, што яна яго тады не мела. Прыпамінанні нічога не далі. Толькі, калі думкамі дайшла да ватоўкі, што ляжала пры сцяне на падлозе, ёй уявілася — яна разгорнутая ў адным канцы, з якога тырчаў белы хвосцік торбы. Нехта цягнуў торбу і выцягнуў гадзіннік. Але хто? Так і засталося пакутлівай загадкай.

А потым пачалі блукаць думкі навокал людзей сваёй брыгады, з якімі яна жыла ў інтэрнаце. Няйнакш, хто-небудзь са сваіх спакусіўся. Вядома, спакусіцца можна. Такі гадзіннік — дай божа кожнаму. Нехта дабраўся, і ўсё. Ну, бо не мог жа выпарыцца, растаць. Гэта ж не вада, не лёд. Толькі чыесьці рукі маглі яго ўзяць. І Валя пачала прыпамінаць, куды яна адыходзіла ў абедзенны перапынак, пакідаючы ватоўку на сваім месцы, хто з брыгады прыходзіў да яе. Калі дайшла да апошняга, перад ёю стала Каця. Яна прыходзіла пазычыць дошчачкі для разгладкі тынку, бо яе папсавалася — адклеілася ручка.

Каця вымушана была крыху пачакаць, пакуль Валя скончыць разгладжваць сваю, намечаную самою, дзель. Відаць, вось тады Каця і зрабіла ёй гора, бо Валя, разгладжваючы, увесь час стаяла адвернена да яе плячыма. Так яно і выходзіць. Ну, бо ж не мог гадзіннік, скажам, паляцець — ён жа не мае крыл. «Трэба прасачыць за Кацяю ў інтэрнаце»,— вырашае Валя, хоць надзеі на тое, што гадзіннік знойдзецца, ужо не было. «Дзе ты яго знойдзеш? Не будзе дурны той, хто забраў, каб насіцца з ім людзям напаказ».

Валя таксама, як і ў тыя дні, прыходзіла на работу, але рукі не хацелі за яе брацца. Па звычцы хацелася глянуць на левую руку і ўбачыць сваю ўцеху-красу — гадзіннік, з задавальненнем зняць яго і прыхаваць у ватоўку. Надыдзе канец працы, і тады гадзіннік зноў закрасуе на руцэ. А цяпер? Цяпер яго няма. Валя разводзіла раствор павольна, не спяшалася.

Нехта нанёс ёй удар — цяжкі, неспадзяваны. Баляць рукі, ногі, баліць сэрца, у галаве мутнавата. Валя робіць, здаецца, так, як і рабіла, але... атрымліваецца зусім не так. Млеюць рукі.

Прараб, абмяраючы яе дзённую работу, глянуў на Валю загадкава. Не змаўчаў.

— Што з вамі, Валя? Хварэеце?

— Можа і хварэю... Не ведаю...

Валя не хацела прызнавацца ў сваім няшчасці.

У інтэрнаце ўжо ведалі аб прапажы гадзінніка, некаторыя з Валяю пагаравалі. Добра ўсё гэта, але гадзінніка як не было, так і няма. Нормы вырабу ў Валі пачалі скакаць то ўверх, то ўніз, як у хворага тэмпература. Прараб быў збянтэжаны, пытаўся, у чым прычына. Валя або маўчала, або абяцала паправіцца з нормамі. Тады прараб пайшоў распытваць у сябровак Валі і там дазнаўся аб сапраўднай прычыне такога яе стану. Ён адкрыў рот ад здзіўлення, доўга думаў, пасля хлопнуў сябе па плашчы і памчаўся да Валі.

— Валя, прашу, вы нікуды не адыходзьце... Я зараз прыйду...

Валя канчала работу, не адыходзіла, чакала. Што ён хоча, гэты прараб? Можа, доктара прывядзе? Бо сапраўды баліць галава. Яна зрабіла апошнюю разгладку кельмай і села на кучу друзу. Сядзела, адпачывала, яе хіліла да сну.

Вялікі чорны кот-паддашнік прасунуўся павольна, падышоў, панюхаў ватоўку ў кутку.

— Апсік! — крыкнула на яго Валя.

Кот глянуў насцярожанымі вачыма на Валю і адышоў у напрамку сходак. Насустрач яму ішоў прараб. Ён крыкнуў на ката:

— Ах ты, бадзяга!

Падышоў да Валі, у якой пачалі зліпацца вочы, і працягнуў ёй на далоні не што іншае, як яе гадзіннік.

Валя тупа глядзела на яго, пе хацела разумець, не верыла сваім вачам, яна лічыла гадзіннік прапаўшым,

— Ну... чаго маўчыш?! Твой?

Валя нахілілася галавой да рукі. І ўсмешка... усмешка нябесная заззяла на твары. Яна глянула ў вочы прарабу, дакранулася да гадзінніка і тады сказала, кіўнуўшы галавой:

— Мой...

Узяла гадзіннік. Схапілася з месца, стала дзякаваць прарабу.

— Вы мяне ажывілі, Максім Пятровіч. Дзе вы яго ўзялі?

— Дзе? У ката..

— У ката?

— Так, у ката, вось у таго чорнага ката, які нядаўна прасунуўся тут.

У Валі стала даходзіць да розуму, стала праясняцца тая катовая кража. Прыйшло на думку: «Ах, нашто ж я так дрэнна падумала пра Кацю?»

— Дык гэта кот? — зноў пыталася Валя.

— Кот... — адказаў прараб. — Я адабраў гадзіннік ад ката. І чакаў, хто будзе яго шукаць.

Па сходках падымаўся і ішоў да іх той самы чорны кот — паддашны мудрэц.

— Вось ён! — паказаў прараб.

Валя паглядзела на ката і прамовіла:

— Ах, зладзюга ты, зладзюга! Колькі ж ты гора мне прынёс...