epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Нява

Мерна калышацца шум,

Ветраны, вольны, шырокі,—

Нехта кранае душу,

Шэпча аб нечым далёкім.

 

Ціха туманы плывуць

Недзе ад гор і азёраў...

З ласкай глядзяць на Няву

Ціхія позіркі зораў.

 

Ў шпаркім імкненні ракі

Даўняя сага мне сніцца,—

Знаю — плылі рыбакі,

Беглі алені напіцца.

 

Ў люстры амшэлых азёр

Глянула ў квецці адвага,

І палілася да зор

Новая дзіўная сага.

 

Сага аб ленінскіх днях,

Што прагулі навальніцай,

Як узнікала ў агнях

Нашай свабоды крыніца.