epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Не забыты песні...

Не забыты песні, шаблі і гарматы,

Сечы Запарожскай храбры ў бітвах стан,

Буйны стэп арліны, бітвамі багаты,

Украіны-нэнькі слаўны сын Багдан.

 

Бралі люд татары, арканамі рвалі,

Чарнабровых сотні гналі у палон

І султанскім туркам гуртам прадавалі

На няволю, здзекі, на павольны скон.

 

Шляхта Вішнявецкіх і паноў Патоцкіх

Ушчэнт паліла сёлы імем караля,

І крывёй сплывалі ночкі і дзянёчкі,

У пажарах, стогнах плакала зямля.

 

Рэха баявое, рэха, як быліны,

Далятае лірнай думкай кабзара,—

Вось ідзе ў паходы гетман Украіны,

Каб народу волі бліснула зара.

 

Эх, ляцела віхрам конніца Багдана,

Клаўся стэп пад ногі буйнаю травой,—

Разбівала хана, разбівала пана

І навек злілася з братняю Масквой!