epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Негр у атэлі

Наш кухар кланяецца нізка,

Кладзе далоні да ілба,

Усмешкі беласнежным бліскам

Жадае нам дабра, дабра...

 

Запрацаваны, ціхі, сціплы,

З любоўю нам гатоў аддаць

Свае найлепшыя малітвы —

Сваё нам сэрца паказаць.

 

На развітанне апрануўся

Як след: з палоскамі касцюм;

Наўкол паціху азірнуўся

І ўзяў бакал пад шчыры шум.

 

Ён глянуў чорнымі вачыма,

Вялікімі, як тоні Чад,

І так ён разам з намі ўсімі

Быў радасцю вялікай рад.

 

І насцярожана глядзела

Начная ціша праз акно,

І слухала, як пасівелы

Для нас благаславіў віно.

 

Ўзнімаў ён тост... Мы помніць будзем

Аб тым, што многа барацьбы...

Аб тым, што ёсць на свеце людзі,

Людзьмі ж усе павінны быць...