epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Неспакой

Іду нястрыманы, ахвотны

Дарожкай снежнаю, лясной,

Такі, здаецца, бестурботны,

Як той далёкаю вясной,

Што некалі давала крыллі

Для мар, жаданняў залатых,

Што і цяпер гады не скрылі

Маіх узлётаў маладых.

Здаецца, іх пільнуе радасць

Жаданняў родных... Іх прастор

Даюць загад — ісці, не падаць,

Уздымаць імкненні аж да зор.

Такі наказ свабодных ніваў

Ад едкай пошасці акоў —

Такі праслаўлены, шчаслівы

Наш пераможны неспакой.