Цябе вітаю, Нёман родны,
Тугі народнае рака,
Ў тваіх зялёных тонях водных
Струменіць скарга мужыка.
Па гладкай плыні ў даль гляджуся,
Ў тваю задуму берагоў,
Дзе замярлі ў лясістай глушы
Грамады-перавалы гор.
Знямелы, здзіўлены, трывожны
Стаю, заслуханы ў цябе,
Квяцісты луг — залом твой кожны
Жальбой расстання ў грудзі б’е.
Шчабечаш песняю птушынай,
Хвалюеш маладосці сон,
І льецца борам спеў дзяўчыны,
І грае рэха ў перагон!
Сыпнуўшы косы залатыя,
Блакіт на дне тваім заснуў,
Калыша ў сэрцы далі тыя —
Загонаў плужную вясну.
А дзе галотай свеціць вёска,
Страхой прыпала да цябе,—
Шуміш сіротлівай бярозкай,
Ракочаш ласкаю ў журбе.
Далёка ціхнеш адгалосам...
І там, дзе нізка над вірком
Ў тужлівых думах віснуць лозы,
Нячутна плачашся цурком...
І заціхаеш ў пушчы грознай,
Сніш сон бізуннай старыны,
Як мукі боль у долі слёзнай
Няслі сярмяжныя сыны.
А з пушчы выплыўшы, памкнуўся,
Як лебедзь белы з аблакоў,
Як вочы дзетак Беларусі,
Смяешся хваляй васількоў...
...Гляджу. А ў сэрцы штось глыбока
Шапоча, пеніцца, кіпіць,
Плыве з прастораў дум шырокіх,
З народных просіцца крыніц.
Ці з лугавых дзён салаўіных?
Ці з долі — мачыхі ліхой?
Ці з дзедаўскіх начэй лучынных
Імглістай восені глухой?
Ці з тых дарожак каляістых —
Тугі прыгоннае зямлі?
Ці з песні маці над калыскай
У вечар сцюжнае зімы?
Адкуль, адкуль плыве? А толькі
Сны ўюцца хмелем-дзеразой,—
Кіпіш мне, Нёман, быллю горкай,
Шуміш народнаю слязой!..
Цяпер спрагнёнымі вачыма
Ў душу бяру тваю красу,
З астрожнай ношкай за плячыма
Прывет байцоў табе нясу.
Калі ж у гулкім хваляў гудзе
Вялікі боль раскалышу?
Або на ўспененыя грудзі
Я галаву сваю злажу?..