epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Ночы сон...

Ночы сон свае чары рассеяў...

Сыпле росы крынічны альшыннік,

Сон палёў летуценні навеяў,

Сон абняў гнуткіх вербаў галіны.

 

Месяц сее нябесныя іскры

На халодныя буйныя росы,

Сваю зелень красы дробналістай

Расплялі прыгажуні-бярозы.

 

Жыта спіць. Каласы нахілілі

Веі сну над спачыўшай зямлёю.

А павевы прасторы тулілі,

Цалаваліся з цішай начною.

 

І туманы дымком шапацелі,

Расплываліся нібы над морам,

Сны нячутна ляцелі... ляцелі

Да ласкавых, засмучаных зораў.

 

Хто мне друг — прынясі сон жаданы

Для маёй безадказнай тугі,

Раскажы мне, душою адданы,

Аб чым родныя сняць берагі?..