epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Па Дняпры

Мы імчымся па Дняпры,

Хвалі ўслед за намі...

Мо зрабілі б дзе прыпын

Разам з берагамі?

 

Бо яны назад бягуць,

Уцякаюць быццам,—

Не паспею, не змагу

Ніяк надзівіцца

 

На узгоркі ў ветраках,

На крыніцу з кладкай,

Як хаваюцца ў садках

Сонечныя хаткі,

 

Як сланечнікі плывуць

Жоўтымі радамі,

Кожны хіліць галаву,

Расстаецца з намі.

 

А за імі ў сонцы ўся

Стаіць маладзіца —

Украінская краса,—

Дайце ж надзівіцца!

 

Тут сказаў мне друг-сабрат

Вольнай Украіны:

«Хочаш краскі ўсе пабраць

За адну хвіліну?

 

Яшчэ хопіць, пачакай,

Хоць галоўку кружыць.

А Ўкраіна ўся така,

Дарагі мой дружа!»