epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Пад роднай страхой

(Верш з падполля)

 

Дала мне кашы картаплянай

І кубак малака,

Хлеб чорны кроіла рука,

На стол мне клала незасланы.

 

Я еў,

На шэрасць хатнюю глядзеў

І чар тваіх дзявочых рухаў

Душою стомленай лавіў

І ціхім сэрцам слухаў.

 

А ты

Стаяла вішняй нада мной

І шчырай матчынаю ласкай

Журботу роднай беднаты,

Гатовую бліснуць слязой,

Вачыма ў сэрца пасылала.

Як там дзвярыма хто забразгаў,—

На кожны стук,

На кожны рух

Ты ў вокны жвава паглядала —

Ты за мяне дазор вяла,

Мяне — паўстанца — сцерагла!

 

«Калі ж канец мучэнням нашым?

Калі ж пазбудземся паноў?» —

З маўклівым і бунтоўным плачам

Пыталася ты зноў і зноў.

 

І мой табе паліўся спеў

Аб волі буйнай і магутнай,

За што крывавімся цяпер,

Ланцужных дзён зрываем путы.

 

З табой, ласкаваю, ішоў

Я з цёмнай хаты на прыволле,

Зямлю абшарнікаў дзяліў,

З астрога ўсіх асвабадзіў

 

І люд працоўны горда вёў

З задухі-цемры падняволля.

Шумеў над намі сцяг чырвоны

І прамяніў паход мазольных.

 

Ты слухала, душой ірдзела,

Чырвонай мальваю расла

І тварам шчасна харашэла,

Са мною крок у крок ішла.

 

Іграў усмех твой мімалётны —

Далёкі, блізкі, быстралётны.

Усмех, усмех... як жаль расстання,

Як трэпет блізкага вітання...

 

Гадуй для катаў ты пракляцце

І з гартам сонечных надзей

Нясі разорай-паласою,

І ў час бязлітасных распяццяў,

Галубка родная, прыйдзі,

Уцеху сэрцу прынясі

І думкі мужныя сагрэй

Сваёю ласкаю-красою...