epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Пад славацкія песні

Гармонік іграў полькі, вальсы... Зыкі хвалямі плылі ад прызбы за вёску, расплываліся па шырокім, як вокам глянуць, полі і гінулі ў лесе. Стомлена садзілася сонца.

Нядзельны дзень. Дзяўчаты, прыбраныя па-святочнаму, танцуюць з партызанамі на падворку. Пры гармоніку шалёстае бубен. Жанчыны стаяць ля плота, а побач кураць мужчыны. Як у старыя добрыя часы, — здаецца, што і вайны няма. Так то ёсць у партызанскім краі.

Але калі глянуць навокал па полі, то ўбачыш сям-там групкі ўзброеных партызан, вартавога пры шалашы на ўскраіне лесу. У паветра, поўнае зыкаў гармоніка, урываецца цень трывогі. Усё ж такі на свеце вайна!

У сенцах на скрыні сядзяць славацкія салдаты, цяпер партызаны, і, жартуючы з дзяўчатамі, пяюць свае родныя славацкія песні. Якая задушэўная меладычнасць у гэтых песнях! Вы седзіце ля сцяны пад страхою і слухаеце. Хоць грае гармонік, але вы нічога не чуеце, апрача гэтых меладычных гукаў, якія даносяцца быццам з нейкай глухое далі і, як сінь нябёс, гаюча ласкаюць сэрца нейкаю надземнаю красою. Пачуеце знаёмыя словы — славянскія, адкрытыя, як родная даўнасць, якая прыходзіць, каб пазнаць цябе. Даходзяць словы: «краіна», «гай»... і кожная строфка песні канчаецца аксамітным:

Ку-ку, ку-ку, ку-ку...

А ў хаце на ложку ляжыць малады партызан. Адны называюць яго Ванькам, а другія Янкам. Учора прывезлі яго сюды на аэрадром, цяжка параненага. Чуб жытніх валасоў раскінуўся па белым ілбе. Толькі адна маршчынка на ім — паміж бровамі. Ён адкрые павекі, і тады глянуць чыстыя шэрыя вочы. Мусіць, маці нарадзіла яго ў полі ў час жніва. Гэты твар цяпер неспадзявана раптам пасур’ёзнеў.

У хаце стаяць і сядзяць жанчыны-маладзіцы са святочнымі тварамі, у белых хустках. Яны цяпер задуманы і рукі скрыжавалі на сваіх пухлых грудзях. Уздыхаюць. Над партызанам схілілася, толькі што ўвайшоўшая ў хату, бабка. Пытаецца, як яго завуць. Сказалі — «Ванька». Бабка палажыла сваю касцістую, загарэлую руку на лоб параненага і сказала: «Ванька, Ванечка...» Партызан маўчаў. Толькі прыадкрыў вочы. Бабка з Ванькі перайшла на Янку: «Яначка, я табе прынесла выпіць памоцнага зелля. Можа, бог выратуе тваю маладую душачку...» Янка прастагнаў і ціха сказаў: «Не, тут трэба аперацыя...» І змоўк, закрыўшы вочы. Бабка пальцам паклікала жанчын да ложка. Наліла з бутэлькі ў лыжку настойкі нейкага зелля. Жанчыны прыўзнялі галаву Яначкі, і бабка ўліла яму ў рот настойку. «Праглыні, праглыні, саколік...» Яначка праглынуў. Бабка тры разы яго перахрысціла і доўга паглядала яму ў твар.

— Маладзенькі... хоць ты вады напіся, — прамовіла.

За акном шумела моладзь, зыкі гармоніка плылі ў ціхі пагодны блакіт. А з сенцаў урывалася аксамітнае, шырока-ласкавае:

Ку-ку, ку-ку, ку-ку...

Ніхто не чакаў такога павароту ў раненні Яначкі: яшчэ ўчора была надзея на паправу, яшчэ гутарыў хлапчына, а цяпер... змоўк. Рана цяжкая. Перавязка прысохла — няма каму змяніць. Сястра-санітарка паехала ў штаб па ўрача. Праўда, гэта зубны лекар, але ўсё ж такі лекар. Чакаюць лекара.

Сонца спускаецца за вяршыні лесу. Хутка на аэрадроме распаляць сігнальныя кастры. Да іх прыляцяць скора жалезныя птушкі з Вялікай зямлі. Яны многа чаго прынясуць — і рэчаў, і вестак. Яны забяруць Яначку з сабой і пад зорамі занясуць яго аж у далёкую Маскву. Каб як хутчэй той лекар. Усё ж такі лекар...

Ніхто не знае, што Яначка маўчыць. Можа, перастаў бы граць гармонік і прыціхлі б скокі. Але заўтра не будзе свята, заўтра будуць будні, і дзяўчаты пакладуць свае ўборы ў куфры. Дзядзькі пойдуць за плугам, а жанчыны — да льну, да бульбы. І людзі будуць ізноў гаварыць пра вайну і праклінаць немцаў. Хай выбачыць Яначка, бо ўсе вераць у яго выздараўленне.

Яначка пачынае трызніць. Ён кліча маму і дзеда. Зыкі гармоніка і зыкі нейкай нязнанай, але чамусьці блізкай цудоўнай песні падымаюць салодкія слёзы ў грудзях.

«...Я вярнуся, мама...» Замігацелі перад вачыма немцы. Рэдкі сасновы лес, парахавы дым... І высокі немец, збіты з тропу, бяжыць без шапкі між сосен якраз на аўтамат Яначкі. Яначка бачыць толькі, як немец захістаўся і ўпаў на сасновыя карэнні. «Але чаго так баліць у паясніцы? Баліць і не адпускае. Хутчэй бы той лекар».

Сігнальныя кастры ўжо гараць на аэрадроме, а ў ціхім небе дрыжаць зоры.

Хутка, хутка прыйдзе збаўленне.

І вось гармонік заціх. Разам з людзьмі ўвайшоў у хату плячысты, з медалём «За адвагу» на грудзях, Мікола Дзям’янавіч — лекар. Добры твар з блакітнымі вачыма і з напускною суровасцю. Гэта ўсё ад вусоў. Яны сёння глядзяць уніз. Распіхвае людзей рукамі: «Дайце прайсці, дайце прайсці...» Бярэ параненага за руку, мацае пульс, а сам глядзіць недзе ўдаль, прыслухоўваецца. Здаецца, разам з ім прыслухоўваюцца і ўсе прысутныя. Мікола Дзям’янавіч пераводзіць вочы на Яначку. Мацае пульс, бярэ другую руку. Глядзіць у твар Яначкі, глядзіць... І раптам як бы скокнуў, сказаўшы: «Ціха!.. Гудзяць самалёты... Не памрэ, будзе жывы... Скарэй на воз, на самалёт!» І цень трывогі знік з твару Міколы Дзям’янавіча. Яначку вынеслі пад зорнае ціхае неба. Недзе прыглушыўся боль, калі яго вочы глянулі на зоры. І ўслед яму, як далёкая незабыўная знаёмасць, плыло ціхае, аксамітнае пра Ясеньку, пра гай:

 

З гары спускаліся авечкі,

Ты падавала мне руку,

Лілося з гаю па-над рэчкай:

Ку-ку, ку-ку, ку-ку...