epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Пад зорамі

Цераз год мы зноў прыехалі ў канцы вясны да генерала-старшыні. Мы аглядалі пасевы на новаасушаных землях. Буйна кусцілася жыта, а за агародамі-соткамі шумела кукуруза, кукуруза, што называецца, на славу.

Ужо сотні гектараў асушаны ў генерала, а экскаватарчыкі нястомна робяць сваю справу далей. Пралягло ўжо некалькі каналаў праз лясныя гушчары, праз дрыгвяныя нетры. І карчы вырываюць з карэннем ужо лясныя лемяшы, ды так вырываюць, што, здаецца, трактар са скрыпам зараз лопне ад натугі, распадзецца. Па сухіх месцах пайшоў у ход кустарэз, які, як брытваю, зрэзвае не толькі кусты, але і самыя сосны. Разбагацеў ужо на тэхніку генерал.

Тая самая спякота, што і летась, тая самая гарачая тарфяная вуліца з курамі, парасятамі. Але няма ўжо таго ляснічага са сваёй мілавіднай жонкай. Недзе, кажуць, выехаў у Сібір. Яго заступіў ляснічы новы — малады, прыгожы хлопец.

Пляменніца генерала кожны дзень стаіць ранкам каля печы і варыць смачную яду, якою мы і частуемся ў генерала, нягледзячы на тое, ці ён дома, ці ў ад’ездзе. А ён часам ад’язджае — то ў райцэнтр, то ў вобласць. Так было ў адну чарговую нядзелю, калі генерал выехаў у Брэст.

Мне давялося пазнаёміцца з новым ляснічым, і мы, ідучы па вуліцы, зайшлі на кватэру генерала. Нас у сенцах сустрэла яна — пляменніца, якая ў сваім смутку па мужу — ды яшчэ ў чорным плацці — выглядала, як манашачка. Я заўважыў, як заззяў, успыхнуў яе твар. Дзверы ў хату былі адчынены насцеж, і я, не спыняючыся, прайшоў далей.

Малады ляснічы астаўся ў сенцах. Я аглянуўся і вымушаны быў зачыніць за сабою дзверы — малады ляснічы павіснуў на плячы засмучанай маладзічкі. Ну што ж, шчасце прыходзіць рознымі шляхамі-дарогамі. Можа, перастане плакаць маладзічка?

А яна праз некаторы час, як віхар, уляцела ў кухню, схапіла са стала доўгі нож і там, дзе ў сенцах віселі на жэрдцы скруткі каўбасы, пачала вымахваць ім, як мячом.

Яна частавала нас, разружавелая, як кветка. Яна запрашала есці, яна налівала ў чаркі, аж покі ноч не навісла над сялом і не паклікала ўсіх да сну. Я выйшаў на двор, каб паглядзець у ціхае зорнае неба, а потым пайсці пад павець і расцягнуцца на генералавым сене, каб зоры пакінуць для іх...