epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Падарожнік пастаянны

Іграе вецер на скрыпцы

мелодыю ранку,

Жытнія струны звіняць.

Пералівам флейты-крыніцы

Альшанік пяе без устанку,

А ў небе... стрэлы сонца зіхцяць.

 

Вышэй і вышэй угару

Трэпеты-крыллі!

Ў бездані сіняй

Цымбаламі сыпле жаўрук.

Звон касы...

У вянок

плятуцца пакосы...

Вяршынямі гордай красы

Ў неба пнуцца,—

Ах, як я вас бачыў даўно! —

Дык вышэй, мае родныя сосны!

 

Іду...

Я — падарожнік пастаянны,

З кайданнымі знакамі

На руках.

Прастор, прымі,

Загон мае раны,

Прытулі свайго бедняка.

Прастор дзіцячых сноў!

Люблю цябе

любоўю яравою,

Як зеленню аўсоў,

Як сенажацяў

кменнаю травою,—

Так любіць можа толькі

Дзіця.

 

Меру крокам час той,

Калі люду вольнаму

Пастаўлю на стол

Хмелю-красы тваёй

Я чару поўную —

Дар майго лета

Ланцужнага,

Вясны маёй

Лапцюжнай,

Як дар неўміручы паэта!