epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Паэзія

Ты просішся ў дзверы

маёй беднай хаткі

Асенняю, ветранай, цёмнаю ноччу...

А можа — не?

Можа, гэта стогны маёй хворай маткі,

Што там, у кутку цяжка-змрочным,

Калышучы боль у паўсне,

З дзеткамі разам ляжыць?

 

Вецер дзіка пяе за акном,

Па грушах, па стрэхах

галосіць-шуршыць,

Б’е

крылом...

І глуха даносіцца спеў адзінокі...

То сціхне, парвецца,

То жалем далёкім

Ён хлыне нанова,

То ў сонныя згадкі

Разам з ветрам зліецца...

Можа, гэта песня майго п’янага бацькі —

Аж з гасцінца: «Не шумі, дуброва...»?

Ноч прыліпла да шыбін, глядзіць у акно...

То было так нядаўна-даўно...

Ад згрызоты балючай

Сэрца можа парвацца,—

Пад дзяружкай калючай —

Больш нічым не сагрэт —

Разам з ночкай асенняю плачу па матцы

Я — загінены хлопчык-паэт...

Ноч прыліпла да шыбаў, махае крылом...

Так! то было...

было...

...Больш не трэба! не трэба! не трэба

Тых жахлівых, бязвыхадных пут,—

Я даўно не малюся да неба,

Я гадую ў душы сваёй бунт!

Дай, паэзія, меч прамяністы —

Слова-гарт, слова-кліч, слова-бой,

Дай палёт мне арліны, агністы —

Гімнам-полымем біць да нябёс!

 

Тых начэй векавое пракляцце

Кінуць громам у тых, каго знаю,

Хто абуў жыццё нашае ў лапці,—

Ў тую чорна-крывавую зграю!