epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Палкоўнік

Сопца пражыць.

Як варам, зямлю аблівае,

Пыл курыць у паветры гарачай імглой,

І атрады байцоў па пяску валяць валам —

Ўсім на сэрцы вялікае гора лягло.

 

А-а... палкоўнік!..

Стаіш ты ў вачах,

як асілак.

Потам капае долу

суровы твой вус,

Зорны шлем, шпаркі крок тваёй сілы

Адзначаюць байцам

цяжкі струджаны пуць.

А з байцамі змяшаліся

з клункамі людзі —

Мужчыны, жанчыны і дзеці,

Па гарачым пяску

памагалі іх грудзі

Нянавісць

супольную несці.

Ты аглядаешся часта, палкоўнік,

Схіляешся, бачу,

над белаю хусткай,

І трэпет на твары тваім неспакойны,

І лёгкая ўсмешка на вуснах.

 

Прамовіў: «Што, цяжка табе, маладзічка?

А хлопчык не плача? А можа, заснуў?

Пакажыце яго мне... Ах ты, малышка...

Дайце... я яго вам паднясу...»

 

І істоту маленькую,

толькі ў пялёнках,

Рукой загрубелай палкоўнік бярэ...

«Ісці нам з табою, малютка, нялёгка,

У бітвах за нашу свабоду гарэць».

 

Узняў над байцамі

той скарб чалавечы

Яшчэ і яшчэ раз... «Клянёмся, байцы,

Што вынесем к сонцу

Радзіму на плечах

І ворагу лютаму

зробім канцы».

 

І дзіўная ціша павісла ў паветры...

«Клянёмся! Клянёмся!» — байцы пракрычэлі.

І грознае рэха кацілася з ветрам,

І твары байцоў, як ад шчасця, яснелі.

 

Ўскалыхнулася ціша ўзбадзёранай хваляй...

Пайшлі

тым вялікім пратораным следам,

Дзе некалі продкі ішлі

грозным валам —

Шляхам герояў —

за сонечным шлемам.