epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Памяці Янкі Купалы

Твой дух лунаці будзе славаю вавек

Над вольнымі палямі Беларусі,

Імя тваё там кожны назаве

І ў сэрцы закране найчулейшыя гуслі.

 

Праз гоман пушч і сінія туманы,

Праз родны шлях ты з ліраю ў бядзе,

Праз ціхія забытыя курганы

Ішоў, прарочыў шчасця светлы дзень.

 

Ты дачакаў. Твой сон шчаслівы збыўся —

Наш край парваў няволі кайданы,

Сярод народаў вольных ты разліўся,

Сваёю песняй сэрцы паланіў.

 

Зноў груганнё зляцела на Краіну,

Ў пажарах топіць люд, і не сабраць тых слёз,—

Ты варты роднае ў сваім шляху не кінуў

І да апошніх дзён свой дар народу нёс.

 

Ў цяжкіх баях з нямецкім акупантам

Паўстаў народны, непрыступны шквал...

Табе ў змаганні з ворагам заклятым

Была апорай родная Масква.

 

Ты чуеш гром з палаючай Краіны,—

То б’ецца Беларусь, ідзе да перамог...

І я прыйшоў адтуль, з далёкае пуціны,

Твой меншы сын,— аддаць табе апошні доўг.