epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Партызанская маршавая

Мы — племя шумнае,

Адважна-бурнае,

Мы — партызанскія сцягі.

 

Ідзём мы лаваю

З народнай славаю

За край наш родны, дарагі.

 

Мы б’ём з прыцэлу

Знішчальна, смела

Па бандах дзікае арды.

 

Нямчуры подлай і нягоднай

Ад нас не скрыцца нікуды!

 

Кат топча нівы,

Наш дар шчаслівы,

У пажарах топіць наш народ.

 

У родным краі

Усё знішчае,

Што мы расцілі з году ў год.

 

За мукі родныя,

За стогны слёзныя,

За смерць дзяцей, жанок, бацькоў

 

Мы помсцім страшна,

Мы помсцім страсна —

Смерць за смерць і кроў за кроў!