Пасля заканчэння вайны ў Іспаніі газеты паведамілі, што Пасіянарыя ад'ехала ў Мексіку.
Прагрымелі дні крывавай кананады,
Не гучаць над фронтам залпы ярыя,
Не ідуць на штурм грымотныя брыгады,—
І дзе ж ты, дзе, Пасіянарыя?
Глядзі!
Яшчэ дымяцца вогнішчы Мадрыда
І рэхам — трэск, і шум, і тупат ног,
А над усім павісла ворага агіда,
Як чорны смок.
Пасіянарыя!
Праменны шлях цярэбім!
У гурбах цел, гранатаў, карабінаў,
У дымах пеністае Эбро
Твой крык, твой бунт не згінуў!
Пароль!
Сэрца на мячы палае горда,
Хоць аддана дань чалавечаму ярму,
Дань з песні і крыві — зары вясны народнай,—
Ах, чаму ж, чаму?
Пасіянарыя!
Каваўся гнеў народны ў гарт паходаў,
І грудзі рвалі шум, імпэт і рокат сэрц —
Пароль! Яшчэ скуецца сталь рэспублік і народаў
І сцягам блісне нам вялікі СССР!
Глядзі!
Дыміць Іспанія раздзерта,
А попел іскраў жар збірае ў гром,
І за табою ўслед —
агністы кліч паэта
З жальбою-болем строф.
Пасіянарыя!
Сякеры бляск цямрычнага Таледа —
І там пад мурам смерць — абмыта кроўю скронь...
Дарожны пыл застыў на твары бледным,
А танкаў вал грымеў
на ўвесь паўстанчы фронт...
Салют
Трагічным дням карабінарыя!
З магіл жывая б’ецца кроў —
І голас водкліку:
— Пасіянарыя!!!
З табою, за табой народ!