epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Пасля прысуду

Сэрца, не кіпі! О не — я не сплю...

Лячу ў прадонне небыцця...

Прадонне, не шапчы,

Што я, загінены, цярплю,—

Ты лжэш! Маўчы!

Бо я іду — па шумнай дарозе

жыцця!

 

Ціха на дне... Цемра... Імгла...

Распластай крылле, віхар,

І накіп гневу аж датла

Ўздымі маім вулканным дыхам!

 

Хваляў шум... Буруны...

Натоўпу вал, як гоман пушчы...

Ці то клякочуць бунту струны?

А мо маяк свой зор прыплюшчыў

І мору волю даў на штурмы?

 

Прапала песня...

А... гэта ты

З натоўпу бліснула усмешкай?

Што шэпчаш мне? Дрыжаць лісты?

Лапочуць над маім падстрэшшам?

 

«Шляхам бярозы без краю

Просяцца даллю: пастой!

Ціхія зоры іграюць,

Клічуць-завуць на прастор».

— Не спявай. Знаю — люблю.

Не плач. У струнах песень не згублю.

 

«Хто шумы бору успеніць,

Зваліць народа турму?

Хто прыласкае цярпенні?

Хто прыгалубіць зямлю?»

 

— Цярпеннем мост будуем туды, дзе

сцелецца краса,

На бераг той ракі, а там — вясна...

«Там па дарожках жабрачых

Вехі лахманных падзей

Ў полі бярозкамі плачуць,

Болем народных грудзей».

 

— На нарах астрожных ляжу прыкаваны,

Распяты, бунтуюся ў сне,

І сочацца кроўю, гараць мае раны...

За мной, прада мною гадоў чараду

Ночка астрожная лічыць пры мне.

Бывай! Пайду!

 

Вачэй праменні,

Дагары!

Маяк гарыць

Над морам пенным.

Пружынься, крок мой, цвёрда,

Шумі,

паход! —

Хто ж, як не мы,

Галаву падыме горда,

Каб узысці на эшафот?!

Гары, ў кім песні не астылі,

Ў паходах-штурмах на Бастылію!