epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Павей, вецер...

Песня

 

Павей, вецер, павей, вецер,

Ды з роднага краю,

Я з другіх краёў на свеце

Лепшага не знаю.

 

Там шумяць бары, дубровы,

Нівы залатыя,

А над хатай клён шаўковы

Шуміць сіратліва.

 

Там расце у смутку-болю

Адна сіраціна,—

Я не знаю, што з табою,

Любая дзяўчына?

 

Можа, сэрца здратавалі

Немцы-людаеды?

Ці ў палон куды загналі,

Што няма і следу?

 

Ці сыдуцца нашы сцежкі

На прасторы вольным,

Ці запахнуць зноў пралескі

У бары зялёным?

 

Да цябе лячу ў трывозе

У баях заўзятых,

У змаганні, у паходзе —

Да знаёмай хаты.

 

Як гукну табе па лесе

Вольнай Беларусі,

Ці пачую тваю песню:

«Ой, ляцелі гусі...»