epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Пэр-Лашэз

Навіснуў над сцяною

Каштанаў ціхі лес...

Як рукі, вецце ўзнятае,

Дзе мукаю нямою

Глядзіць яна — распятая —

Камуна...

Гэта — Пэр-Лашэз...

 

Здаецца мне, мае гады ішлі

Сюды даўно-даўно,

Дарожку ўсё тапталі і няслі

Вялікае адно,

Што ў сэрцы накіпала,

Што сілаю ўзгадованаю стала

У зараве агнёў.

 

Гады і віхры над мацерыкамі

Праходзяць гоманам народных барыкад,

Будуюць помнік тым, хто шчыльнымі радамі

Першыя сустрэлі куляў град

 

І паляглі пад кулямі натоўпам,

Як вестуны вялікае вясны,

За неба яснае і чыстае пад сонцам,

За чалавецтва залатыя сны.

 

І я прыйшоў з любоўю пакланіцца,

Да дзён змагарных сэрцам прытуліцца

І ўспомніць полымя пажараў,

Калі ішлі палкі парыжскіх камунараў...