epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Песня аб волаце

Як шумела каласамі

Жыта на раўніне,

Наляцелі груганамі

Немцы на краіну.

 

Як прыціхнуў бор высокі

Пад варожай хмарай,

Запалалі нашы вёскі

У агні пажараў.

 

Забівалі каты дзетак,

Гналі люд ў няволю,

Быў патоптан наш палетак

Дзікаю ардою.

 

Выйшаў волат наш магутны

З пушчы на паляны,—

Ў бой вялікі з катам лютым

Выйшлі партызаны.

 

Доўга біліся, крывава

На зямлі забранай,

Лёг, распластаны ў няславе,

Вораг здратаваны.

 

Зарунела ў вольным полі

Залатое жыта,

Немцу тут не быць ніколі —

Кат ляжыць забіты.