epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Прыкметы

Дарожкаю самотнай

Пляцецца быль старая,

Задумна і журботна

Па восені ўздыхае.

 

Нікога на прасторах —

Заціхлі ўсе травінкі,

І толькі ціхі шорах

Атульвае былінкі.

 

Паміж скарчэлых вішань —

Вось цэркаўка крывая,

Замшэлая ў зацішшы,

Задума — быль старая.

 

Знаёмыя прыкметы...

Вятроў былых дарогі,

Дзе, чырванню адзеты,

Віхрыліся трывогі.

 

Сагнутая знямогай,

Бабулечка старая

Тут жалілася богу,

Што долечка ліхая.

 

І хочацца спыніцца

З маўкліваю трывогай

І нізка пакланіцца

Тым ветрам на дарогах.