epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Прыпяць

Прыпяць шырокая і таямнічая,

Маці балот і лясоў,

Рэхам шуміць твая хваля крынічная,

Як байка з нязнаных вякоў.

 

Імчыш свае воды ты ў далі загадкаю

І рвеш непрыступны прастор,

Праз дзівы такія плывеш ты нязнайкаю,

Якіх мо не бачыў ніхто.

 

У месцах адных ты аброслая сёламі

І туліш к сабе гарады,

А потым туды прарываешся лозамі,

Дзе вечна шумяць чараты,

 

Дзе ціша пад небам застыла пахмурная,

Прырода глухмяна маўчыць,

Дзе птушка загублена кружыць нячутная,

Нішто не пяе, не крычыць.

 

І там ты ляніва — шырока-ўладарная,

Здаецца, не хочаш плысці,

У неба глядзішся адна, светла-хмарная,

Дзяцінствам зямлі шалясціш...

 

Праз бары сівыя, гаі дубовыя

Ў нязнаныя цягнеш канцы,

Праз сенажаці квяціста-шаўковыя,

Дзе косамі звоняць касцы.

 

З хвалямі шумнымі мова народная

Льецца ў лясістую шыр,

Песня задумная, звонкая, гордая —

Дума народнай душы...

 

* * *

Ворагі хцівыя! Слава надзьмутая!

Дарэмны сюды ваш прыход,—

Тут помста гняздзіцца карэннямі лютая,

Тут беларускі народ!

 

Прыпяць чаўны свае гнала далёкія

Ў дрымучых вяках напралёт,

Туды, дзе імчыць свае воды шырокія

Сівы, магутны Дняпро.

 

Там на прасторах прывольнай Украіны

Ў бітвах за волі зару

Свае багатырскія грудзі расправіла

Ў змаганнях Вялікая Русь.

 

Не, вы забыліся, орды тэўтонскія,

Што і цяпер тая шыр

Рэкамі нашымі мкнецца бясконцымі —

Сілай народнай душы.

 

* * *

...Ты бачыла, Прыпяць, і чула, шырокая,

Народу крывавы палон,

Як плачы, праклёны і стогны прарочылі

Лютаму ворагу скон.

 

Лес спахмурнеў, у цябе заглядзеўшыся,

Як падалі дзеці ў крыві...

У помсце святой, над вінтоўкай схіліўшыся,

І я твае слёзы лавіў.

 

Шумна збіралася сіла народная,

Тваёй шырынёю расла,

А ты, панахмурана помстаю, гордая,

Грозныя хвалі нясла.

 

Слухай ты, нечысць прусацка-паганская,

Смерць пачала вас касіць.

Слухайце! Прыпяць — рака партызанская,

Яна вас затопіць усіх!

 

Ў бітвах кіпучых шуміць легендарная

Слава герояў-сыноў,

Як Прыпяць шырокая, неадгаданая —

Маці балот і лясоў.