epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Пушкінская восень

На полі ціш. Даўно пажаты нівы,

І даль мярэжыцца асенняю імглой,

Напевы дальнія, як бомы-пералівы,

Плывуць з далін над ціхаю зямлёй.

 

Міжволі хочацца заслухацца ў прасторы,

Адчуць свае дзіцячыя гады,

Дзе кожны паварот дарогі мне гаворыць

Аб пройдзеным, далёкім, маладым.

 

Не развітацца мне з таемным шумам сосен,

Што ўдаль глядзяць з курганнай вышыні,

Дзе ліраю звініць мне пушкінская восень

І будзіць спеўныя для сэрца думы-сны.

 

І любасць цёплая, як хмарка ў небе чыстым,

Плыве у сэрцы з пушкінскіх карцін,—

Той спеў дзяцінства ў вечар серабрысты

Кранае «Бурею» і «Вновь я посетил...»

 

Здалёку чую шум знаёмы сосен,

Нясу заветнае любові плынь

Да тых бяскрайніх, светлых далячынь,

Дзе ліраю звініць мне пушкінская восень...