epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

«Путавод»

Дзень урэшце скончыўся, ды такі дзень, што думалася — вось выйдзецца на ганак праўлення і тады ўздыхнецца на ўсе грудзі. Навокал вёскі — лес, адкуль патыхаюць розныя водары, з якіх найвастрэй адчуваецца пах жывіцы і чабру. Жонка наварыць вячэры — сопкай бульбы, да якой падасць кубак малака. Пасля вячэры можна будзе пасядзець на лавачцы пад страхою, выкурыць цыгарку, пасачыць за хмаркамі на небе, адгадаць пагоду на заўтра. Канчаецца сяўба яравых. Яшчэ думаюць пасадзіць бульбу на свежых тарфяніках. Работы, работы ўсюды — не толькі на полі, але і ў бухгалтэрыі. То тое, то другое, то трэцяе. Людзі кажуць — няма калі носа ўцерці.

Так думаў галоўны бухгалтар Сцяпан Чаравака, канчаючы свой рабочы дзень. Упарадкаваўшы крыху паперы на стале, ён сказаў сваім памочнікам, што ідзе вячэраць і больш сягоння не вернецца.

Ён спакойна павячэраў і думаў наогул хутка легчы спаць. Аднак выйшаў яшчэ на вуліцу, бо пачуў там нейкі гоман. І тут ён неспадзявана ўбачыў, што перад хатай, абапершыся на веласіпед, у хмары камароў стаяў малады хлапец. А яны — гэтая пошасць — аж звінелі над ім і, наогул, дакучалі людзям у вёсцы як хацелі.

— Я да вас, таварыш Чаравака, — сказаў хлапец і працягнуў Сцяпану пакет.— З райвыканкома, — дадаў ён.

Чаравака распячатаў пакет і выняў адтуль паперы. Адну з іх, якую сёння рана адсылаў у земаддзел як тэрміновую, ён пазнаў. І вось чамусьці вярнулі. У другой паперцы пісалася, якія трэба даць матэрыялы і па якой форме.

— Гм... — мармытаў Чаравака, — па форме дваццаць восьмай... Чорт ведае — каму што...

— Трэба, каб да ранку было гатова, — прамовіў пасланец, — і каб было ў выканкоме...

— Да ранку? — зжахнуўся Чаравака і ціхенька засвістаў. — Да ранку? — перапытаў ён яшчэ раз. — Ці яны падурэлі там?

Чаравака пачасаў за вухам так, што кепка казырком раптам ссунулася аж на нос, і неяк неўзаметку нават прастагнаў. Затым паправіў кепку. І з гэтым рухам нібы прыйшло пераадоленне той раптоўнай дакукі, што вось неспадзявана навалілася на душу.

— Добра, будзе, — сказаў ён прымірэнчым ужо тонам, — скажы ім, што будзе гатова.

Пасланец развітаўся, сеў на веласіпед і хутка знік у змроку вуліцы.

Чаравака адразу, нікому нічога не кажучы, пайшоў у праўленне калгаса.

Вялікая бярвеністая будыніна гулкім рэхам адбівала яго крокі ў змрочнай пустаце пакояў, калі Чаравака, адчыняючы адны дзверы за другімі, дабіраўся да свайго стала.

Запаліў лямпу, сеў, палажыў перад сабою паперу з мноствам надрукаваных пытанняў. Вось на іх трэба даць сягоння адказы.

Так пачалася працоўная ноч пасля гарачага працоўнага дня. Чаравака то піша, то доўга ляскае лічыльнікамі, то корпаецца ў паперах, чагосьці шукаючы. А за акном усё больш і больш гусцее ноч. Але Сцяпан яе не бачыць.

Затое ўглядаецца ў вокны яго жонка Кацярына, рослая, чарнявая. Яна гляне то ў адно акно, то ў другое, доўга пастаіць, прыслухаецца. Потым пройдзецца па хаце, сядзе на пасцель, пазяхае. Карціць ёй нешта, гэтай Кацярыне, і думка думку наганяе. «Куды ж падзеўся Сцяпан? Выйшаў на хвілінку і няма. Такі ж чула мая душа, што тут нешта не так», — думае Кацярына, усхопіцца, падыдзе да акна і ўглядаецца на вуліцу.

А ноч агортвала вёску цішынёй. Ні адна яблынька за акном не паварухне лісточкам.

І раптам прыйшла Кацярыне злосная думка: «Хіба пайсці ды пабіць ёй вокны?» Каму? Ды ёсць у вёсцы такая ўдава Аляксандра, даяркай працуе. Два разы западозрыла Кацярына свайго прававернага Чараваку ў сімпатыі да гэтай удавіцы. Першы раз — калі гулялі вяселле брыгадзіра і Сцяпан некалькі разоў запрашаў Аляксандру на танец, а другі — як малолі ў млыне, то мужанёк Кацярыны насіў Аляксандрына жыта наверх да каша. Чаго ж бы яму, здаецца, насіць? Няхай бы панасіў хто іншы. Не, тут нешта ёсць. Думае, думае Кацярына, хоча сарвацца, пабегчы і пабіць ёй, «гэтай зводніцы», не толькі вокны... Але, ломячы рукі, падае на пасцель і на момант прыціхае са сваімі развагамі.

Кацярына знямела, змоўкла, чакала шораху крокаў на падворку, стуку ў дзверы. Але не пачула ні таго, ні другога. За вокнамі плыла толькі цішыня.

...Чаравака спіць, палажыўшы сваю валасатую галаву на бухгалтарскі стол. Запячатаны пакет з напісаным адрасам у выканком ляжыць свежы, пукаты. Трэба было б ісці дамоў пасля запаўнення бланка, а яму на хвілінку хацелася даць галаве адпачынак — і вось заснуў, забыўшыся пра ўсё. Гучны храп раздаецца ў бярвеністым пакоі, і час ад часу скача аганёк у лямпе. Ён павольна бялее, бо з акна прасочваецца дзень. Світае...

Сцяпан не чуе, як пракрадваюцца праз акно першыя праменьчыкі сонца, лашчаць яго галаву цёплым, ласкавым дотыкам. То там то сям... Тоненька рыпнулі дзверы ў канцылярыі, і першым увайшоў намеснік Чаравакі. Спыніўся над сваім галоўным, усміхнуўся, пагасіў лямпу і, паставіўшы яе на акно, сеў за свой стол.

Пасля прыйшлі другія работнікі, таксама агледзелі галоўнага з усіх бакоў, і кожны ціха сеў на сваё месца, бо намеснік сказаў: «Няхай спіць, сам прачнецца...»

Увайшло некалькі калгаснікаў па справах. Пачалося шуршэнне паперы, стук лічыльнікаў, гутарка. Чаравака нічога не чуў, заліваўся храпам, як кажуць, на ўсе застаўкі.

І вось, чаго яшчэ не хапала, уварвалася разам з ляскатам дзвярэй жонка Кацярына. Толькі заікнулася спытацца: «Ці няма тут?..» — як раптам спынілася над галавою «свайго» і ляснула ў далоні.

— Вось дзе ён!.. — ускрыкнула яна збянтэжана і зараз жа, нічога не пытаючыся, схапіла за валасатую галаву «свайго» і, тузануўшы, крыкнула яму ў вуха: — Ці ў цябе жонкі, хаты няма, што ты тут спіш?!

Чаравака прыўзняў галаву і, як беспрытомны, паглядзеў навокал чырвонымі ад бессані вачыма. Ён доўга не мог зразумець, дзе ён і чаму ён тут. А потым, не зважаючы на дакоры жонкі, сказаў, пакрэктваючы:

— Пакет... Дзе пакет? Трэба зараз жа адправіць у райвыканком.

А жонка сваё:

— Во!.. Я яму адно, а ён другое... Нейкі пакет...

Тады Чаравака спыніў нахмураны позірк на жонцы.

— Пакет тэрміновы! Разумееш? Я — рахункавод і павінен...

Жонка не дала яму дакончыць. Стукнуўшы кулаком па стале, яна заверашчала:

— Ты не рахункавод, а путавод! Калі ты мяне перастанеш путаць?

Усе, хто быў у бухгалтэрыі, заліліся смехам. А Кацярына разышлася не на жарты:

— Путавод! Путавод! Путавод! Каб цябе спутала...

Чаравака ўжо не слухаў. Паклікаўшы калгасніка, ён уручыў яму пакет, даўшы наказ хутчэй, любымі сродкамі даставіць яго ў раён.

Ляскалі лічыльнікі, шуршэлі паперы, гаманілі людзі, але ўсё перавышаў адзін жаночы голас:

— Путавод! Путавод! Путавод!

А гэты «путавод» урэшце ўзяў сваю крыкуху пад руку і з лагоднай усмешкай пад агульны гоман адабрэння прысутных накіраваўся да дзвярэй.