epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Раздвоены

Не толькі дрэвы, а, здаецца, нават і неба ўкрылася свежым, ядраністым інеем. Урачыста ўзвышаюцца над будынкамі бярозы ў пушыстай белі. Тэлеграфныя драты прыціхлі — не гудзяць, прыбраліся ў серабрыстыя пацеркі. І толькі калі непаслухмяны, гэты няўрымслівы свавольнік верабей дакранецца да драціны, тады іней сыпнецца сіне-ружовым пылам на галовы людзей, што едуць і ідуць па нешырокай вуліцы, якая лічыцца тут, у мястэчку, галоўнай. Стаяць адна каля адной драўляныя хаты, і ўсё найболей з простымі вугламі. Зроблены, відаць, да часу пасля пажару.

Па вуліцы рыпяць сані, ідуць людзі. І ўсё прыбралася ў іней.

Можа, таму ледзь прыкметна і выглядае ў заінявелай ранняй смузе белая вежа невялікага местачковага касцёла, які стаіць за плотам, крыху воддаль ад вуліцы. Недалёка ад яго, блізка каля скрыжавання вуліц, маячыць, як заўсёды, постаць міліцыянера Станіслава Бутрымовіча. Адразу бачна, што пад шынель у яго нешта падапранута, відаць кажушок без рукавоў, бо Станіслаў Бутрымовіч выглядае таўставатым. Шапка з кукардай прыдае яго шырокаму твару выгляд яшчэ шырэйшага. На вушах у Бутрымовіча чорныя замшавыя навушнікі, на руках — скураныя чорныя пальчаткі.

Так вось і стаіць Бутрымовіч з адстаўленай наперад нагою і глядзіць уздоўж вуліцы — то ў адзін бок, то ў другі, праводзячы вачыма падводы, людзей... Усё трэба ўбачыць міліцыянеру — якія людзі ідуць, едуць, на якіх конях, якая праехала машына, грузавая ці легкавая, і нават які прабег, скажам, сабака.

Нельга сказаць, каб надакучыла Бутрымовічу гэтая службовая стаянка, бо вуліца ўсё ж такі шумная, асабліва ранкамі. А калі схлыне народ і навокал стане ціха, тады з шумам каля Бутрымовіча садзяцца неўгамонныя вераб’і. Жартаўнікі, яны прывыклі да яго, не баяцца. Набліжаюцца, лезуць пад ногі, некаторыя нават падымаюць дзюбкі, нібы хочуць заглянуць у вочы Бутрымовічу — праверыць, можа, ці не сумнавата яму. І Бутрымовіч, з свайго боку, падружыў з імі. Выходзячы з дому, бярэ кавалачак хлеба-мякішу ў кішэню, каб вабіць шэрых свавольнікаў да сябе.

Знаёмых Бутрымовіч бачыць найчасцей ранкамі, калі яны ідуць — хто на працу да сваіх устаноў, а хто на рынак.

Стаіць Бутрымовіч, увесь заінявелы. Паспеў ужо аддаць чэсць, напрыклад, старшыні выканкома — дзябёламу, чарняваму чалавеку, які яму не зусім падабаецца хоць бы за тое, што не голіцца па тыдню і больш. «Займае такое становішча,— думае Бутрымовіч, — а не ўмее за сабою дагледзець...»

Успомніўся яму адзін выпадак, аб якім ніколі не хацелася ўспамінаць, як аднойчы ўвечары напаткаў ён гэтага старшыню п’яным і давёў дахаты. Ну што ж, чаго не бывае на свеце?..

Стаіць міліцыянер Бутрымовіч і час ад часу пружыніста падскокне, лясне з размаху абцасамі змерзлых ботаў і аддасць чэсць — ці то знаёмаму, ці якому яшчэ начальніку.

Вось едзе на «вілісе» сакратар райкома Трошчанка. Яго Бутрымовіч заўважыў здалёк і падрыхтаваўся, як заўсёды, прывітаць асабліва, адменна. Як жа! — галава раёна. І Бутрымовіч так ляснуў абцасамі міліцыянерскіх ботаў, што аж вераб’і, што сядзелі над ім на тэлеграфным дроце, спалоханыя, фыркнулі і селі на страсе процілеглага дома.

Сакратар адказаў кіўком галавы і нават злёгку махнуў рукою ў бок заінявелага Бутрымовіча, які, трымаючы далонь пры шапцы, павольна праводзіў вачыма машыну сакратара. Потым міліцыянер зноў застыў, апусціўшы рукі і адставіўшы нагу ўбок. Яму вельмі падабаецца назіраць за вуліцай, і ў такія хвіліны здаецца, што ён не міліцыянер, а проста вясковы хлопец, які ранкам пайшоў са свайго падворка і назірае за ўсім, што робіцца ў вёсцы.

Але вось Бутрымовіч раптам схамянуўся. Злева недалёка заскрыпелі палазы, ля касцельнай брамы спыніліся санкі, запрэжаныя ў пару чорных, сытых коней. Фурман, утыркнуўшы пугу з доўгім пугаўём у перадку санак, адчыніў веснічкі і пайшоў у касцельны падворак. Неўзабаве разам з ім выйшаў да санак высокі, белабрысы мужчына ў доўгім чорным паліто, у зімовай шапцы і сеў у санкі. Гэта быў ксёндз Аскерка. Коні рушылі, і калі параўняліся з Бутрымовічам, міліцыянер падскочыў, ляснуў абцасамі і аддаў чэсць. Ксёндз у адказ нізка схіліўся ў паклоне. Бутрымовіч адняў руку ад шапкі і, усхваляваны, не заўважыў, як тут жа, размінаючыся з ксяндзом, праехаў на «вілісе» сакратар райкома. Бутрымовіч паспеў пазнаць яго, але не ўправіўся аддаць чэсць. Усхваляваны, пачаў хадзіць — тры крокі ў адзін бок, тры — назад.

Не першы раз аддае чэсць ксяндзу міліцыянер Бутрымовіч. Ён ведае, што ў народзе ідзе нядобрая пагудка пра ксяндза, але ўсё роўна ніяк не можа не аддаць яму чэсці. Як жа гэта? Ён жа, ксёндз, ведае ўсялякія таямніцы свету. Ад яго многае залежыць.

Так думаецца Бутрымовічу. Так вучыў яго забіты каталіцызмам бацька, парабак пана Кушлэйкі, у былым маёнтку якога цяпер, пры савецкай уладзе, створаны саўгас. Бацька працуе там, жыве з сям’ёю ў той самай хаце, у якой жыў пры пану, і баіцца ксяндза таксама, як пры панска-польскай уладзе. Моліцца перад іконамі розных матак боскіх і ходзіць да ксяндза на споведзь. І вось гэты страх перад ксяндзом, гэтую боскую пашану да ксяндза прывіў бацька змалку і свайму сыну Станіславу. Вадзіў заўсёды яго ў касцёл, а дома вучыў маліцца перад іконамі. Станіслаў праслужыў у Савецкай Арміі, затым паступіў міліцыянерам, жыве ў мястэчку з маладою жонкай. Здавалася б, нашто яму той ксёндз? У мястэчку ёсць бібліятэка, кінатэатр, чытаюцца лекцыі. Праўда, Станіслаў любіць кніжкі, ходзіць у кіно, але ўсё роўна аддае чэсць ксяндзу. Усё ад бацькі, ад маткі, ад суседзяў, ад тых паноў, што некалі гулялі разам з ксяндзамі. Паноў ужо няма, а ксяндзы засталіся, ды і людзі яшчэ некаторыя ходзяць у касцёл. Дык чаму ж не аддаць ксяндзу чэсць? Некалі даводзілася і руку цалаваць.

Ажаніўся Станіслаў не так даўно. І калі жонка, вясковая дзяўчына, пераехала жыць да яго на кватэру і павесіла на сцяне падарунак маці — невялічкую ікону маткі боскай, — Бутрымовіч не пратэставаў. Маліцца, праўда, ён ужо не маліўся, але калі садзіўся снедаць, клаўся спаць — па тры разы хрысціўся перад тою невялічкаю іконай...

Стаіць Бутрымовіч на сваім пасту і аднолькава аддае чэсць і сакратару райкома, і ксяндзу. Направа, у аддаленні, віднеецца над ганкам чырвоны сцяг. Там месціцца раённы камітэт Камуністычнай партыі. А налева праз імглу паглядае белая вежа касцёла. Паміж імі стаіць раздвоены Станіслаў Бутрымовіч, дакладны на службе міліцыянер, вясковы хлопец, які палюбіў савецкую ўладу, але які не ведае, як пазбыцца страху перад ксяндзом, як адчапіцца ад яго. Бо што ж скажа бацька, калі пачуе, што яго сын не шануе ксяндза, што скажуць суседзі, знаёмыя, што скажа ўся тая аколіца былой засцянковай шляхты, для якой ксёндз быў, як кажуць, і цар і бог? Данясуць ксяндзу, і тады, хто ведае, што можа быць? Пры такіх думках яшчэ больш раздвойваецца душа Станіслава Бутрымовіча.

Ён задумаўся, пахаджваючы, і не заўважыў, як да яго падышоў яшчэ малады мужчына ў кажушку, у шапцы-вушанцы і ў белых валёнках.

— Здароў, Стась, — прамовіў ён.

— А-а-а... Здароў, Алесь... здароў. Даўно не бачыліся. Адкуль? Куды?

— Ды адкуль жа? З дому, з саўгаса. Назначан, брат, аграномам туды. Прывітанне табе ад бацькоў. Маю трошкі што табе перадаць. Ляжыць там у санях. Добра, што сустрэў цябе тут, а то хацеў ужо ісці шукаць тваёй кватэры.

— Я праз дзве гадзіны звольнюся... Можа, будзеш начаваць тут?

— Ды прыйдзецца... Усяго ў раёне за адзін дзень не зробіш.

— То прыходзь начаваць да мяне, абавязкова прыходзь...

— Добра, прыйду.

Той, каго Станіслаў назваў Алесем, адышоў.

І тут жа на поўную рысь пад’ехала пара чорных ксяндзоўскіх коней. Ксёндз вяртаўся назад.

Станіслаў Бутрымовіч, захоплены знянацку, зноў падскочыў і ляснуў абцасамі ботаў, імкліва прыкладаючы руку да правай скроні...

Ксёндз паспеў кіўнуць носам, і санкі прамільгнулі, абдаючы Бутрымовіча ветрам. Сэрца пад шынялём: тук-тук, тук-тук...

Не паспеў Станіслаў павярнуцца, як перад ім невядома адкуль з’явіўся не хто іншы, як сам сакратар райкома Трошчанка.

Бутрымовіч стаў навыцяжку, як скамянелы. Стаяў і сакратар. Станіслаў то падымаў вочы, то апускаў, а сакратар увесь час упарта глядзеў у твар застыламу ў паставе «смірна» міліцыянеру Бутрымовічу.

— Ну што, Бутрымовіч, як справы?

— Нічога, добра, таварыш сакратар.

— Добра, кажаш? Колькі разоў сягоння аддаў чэсць ксяндзу?

— Два разы, таварыш сакратар, — адказаў Бутрымовіч і пачырванеў.

— А ўчора?

— Учора таксама два разы...

— Значыць, кожны дзень кланяемся ксяндзу?

Сакратар усміхнуўся, падышоў блізка да Бутрымовіча і палажыў яму руку на плячо.

— Колькі засталося стаяць?

— Яшчэ гадзіну, таварыш сакратар.

— Вось як звольнішся з паста, зойдзеш да мяне ў райком. Добра?

— Добра, таварыш сакратар.

Праз гадзіну сакратар Трошчанка вёў гутарку з міліцыянерам Станіславам Бутрымовічам. Тут жа сядзеў начальнік раённага аддзялення міліцыі ў пагонах старшага лейтэнанта.

— Ты, не падумаўшы, аддаеш чэсць ксяндзу,— гаварыў сакратар.

Бутрымовіч заварушыўся. Цяжкім, збалелым голасам сказаў:

— Таварыш сакратар, выбачце мне, больш не буду... Ну вось не ведаю, як гэта ў мяне здараецца...

Тады сакратар звярнуўся да начальніка міліцыі:

— Таварыш старшы лейтэнант, папрацаваць з ім трэба, хлопец старанны, зразумее.

На гэтым гутарка скончылася.

Увечары таго ж дня Станіслаў Бутрымовіч сядзеў у сваёй невялічкай кватэры з другам свайго старэйшага брата Яна, які загінуў на вайне, Алесем Крывіцкім. Сядзелі, грэліся каля чаркі, гутарылі. Станіслаў вельмі паважаў Алеся — не толькі за тое, што ён быў другам яго брата, а таму, што Алесь многа год сядзеў у польска-фашысцкай турме, быў афіцэрам на фронце Айчыннай вайны, пяць разоў паранены, хлопец з узнагародамі. Вярнуўшыся з вайны, скончыў трохгадовую сельскагаспадарчую школу. І вось цяпер назначан аграномам у саўгас, у «свой» саўгас. Алесь Крывіцкі прайшоў суровую школу жыцця. Нарадзіўшыся ў беднай, мнагалюднай сям’і, гадаваўся босы і галодны. Трохі падняўшыся на ногі, пайшоў у наймы да кулакоў, пасля ў горад да багатых лясных купцоў грузчыкам. Бацька дазволіў хадзіць у школу толькі тры гады. Здольны хлопец, Алесь давучваўся ўжо ў турме, куды трапіў за камуністычную прапаганду. А цяпер, вярнуўшыся з вайны, вывучыўся на агранома.

Некаторыя з аколіцы і да гэтага часу не могуць дараваць Алесю Крывіцкаму таго, як ён пасля вызвалення Заходняй Беларусі быў старшынёю сельсавета і зрабіў вобыск у ксяндза... Гэта не жарты! Хто калі памятае, каб у ксяндза быў вобыск? Вобыскі, наогул, некалі адбываліся, але толькі ў камуністаў і іншых бязбожнікаў. А каб у ксяндза?.. Ніколі гэтага ніхто не дапускаў. А тут, бачыце, гэты свістун Крывіцкі... Больш таго, ён надзяляў фальварачнай зямлёю сялян, загадаў з асадніцкіх хутароў разбіраць хаты і звозіць на пабудову школы... Многа чаго непрыемнага для багацеяў рабіў Алесь. А як прыйшла калектывізацыя, то тут і гаварыць няма чаго... Грызлі зубы на яго, ой грызлі...

Так і сядзяць Станіслаў з Алесем і жонка Станіслава пры іх, гутараць, успамінаюць мінулае, гавораць пра цяперашняе калгаснае жыццё, — што яно яшчэ не ўпарадкавана, што ёсць яшчэ шкоднікі, ёсць п’янства... Алесь, у сваю чаргу, расказаў аб адным бандыце Брандоўскім — сыне былога хутараніна-кулака. Гэты бандыт адзін нападае на людзей. Нядаўна забіў старшыню калгаса ў суседняй вёсцы, выразаў сям’ю былога бедняка, якога ў свой час надзялілі яго, кулацкай, зямлёю...

— І кажуць, — прадаўжаў Алесь, — што людзі нешта ківаюць і на вашага местачковага ксяндза...

Сэрца ў Станіслава ёкнула. Ён апусціў вочы і стаў глядзець пад стол.

Вядома, нічога Алесь не ведаў пра аддаванне Станіславам чэсці ксяндзу Аскерку і гаварыў далей, што ўсе сілы трэба палажыць, каб ліквідаваць бандытызм і шкодніцтва... Станіслаў, слухаючы, думаў: «Божа мой, ксёндз — шкоднік. Ну, гэта нешта не так, гэта не можа быць...» Але нічога не сказаў Алесю і слухаў далей.

Ад’язджаючы назаўтра дахаты, Алесь Крывіцкі запрашаў Станіслава прыехаць калі-небудзь у саўгас: «Пойдзем у лес на паляванне, возьмем лыжы...»

Станіслаў паабяцаў, што паспрабуе пагаварыць аб гэтым са сваім начальствам.

Зноў стаіць на сваім пасту міліцыянер Станіслаў Бутрымовіч. Таксама глядзіць ён, сочыць, як па вуліцы ідуць і едуць людзі, як на тэлеграфныя драты чародкамі садзяцца цвыркуны-вераб’і. І зноў імчыцца тая самая пара чорных коней, і ў санках у завостранай шапцы сядзіць ён, ксёндз. Бутрымовіч стаў навыцяжку. І тут жа, у гэты момант, замітусіўся, зазлаваў на сябе, але ўжо было позна — выпрастаная далонь дакранулася да скроні. Ксёндз, відаць, заўважыў замяшанне Станіслава, бо, пакланіўшыся, зірнуў на яго і, нібыта зразумеўшы ўсё, усміхнуўся.

«Ах, каб мяне халера ўзяла, — шаптаў сам сабе Станіслаў, азіраючыся навокал, — ці няма каго паблізу з начальства? Здаецца, няма...» — падумаў ён і стаў астываць ад хвалявання. Начальства, вядома, было, але ён яго не бачыў, — за варотамі адной хаты наўскос ад Станіслава стаяў сам начальнік раённага аддзялення міліцыі.

Хутка за ксяндзом праехаў у лёгкіх санках сакратар райкома і, адказаўшы на прывітанне, уважліва паглядзеў на Бутрымовіча.

Праз два дні Бутрымовіч быў зняты з гэтага паста і пераведзены на другі, на больш ціхую вуліцу.

...Глухою поўначчу ў акно кватэры Бутрымовіча моцна пастукалі.

— Хто там? — крыкнуў спрасонку Станіслаў.

— Гэта я, з міліцыі...

Станіслаў адчыніў дзверы. У хату ўвайшоў малады міліцыянер і адразу прамовіў:

— Хутчэй адзявайся... Да начальніка... Выезд!..

Сапраўды, начальнік раённага аддзялення сабраў амаль цэлы атрад міліцыі, які неўзабаве і рушыў на конях пад камандай яго намесніка. Ніхто з міліцыянераў не ведаў, у чым справа. Калі выехалі далёка за мястэчка, намеснік начальніка міліцыі спыніў свой атрад і растлумачыў задачу:

— У зоне саўгаса знойдзен у лесе забіты чалавек — аграном Крывіцкі. Ён быў на паляванні, і там яго нехта забіў. Падазраюць, што гэта работа Брандоўскага. Нашай задачай будзе прачасаць лес. Можа, гэтую звярыну мы і ўпалюем...

Ні ў кога так не загарэўся твар, не задрыжалі рукі, як у Станіслава Бутрымовіча. «Няма Алеся... дарагога Алеся...» — шапталі вусны. Станіслаў адчуў, як слёзы пацяклі па шчоках. Ён падставіў твар ветру і з усёй сілы сціснуў нагамі бакі каня. Хутчэй, хутчэй у пагоню за бандытам.

Яны не заўважылі, як у пошуках бандыта прайшла ноч і кароткі зімовы дзень. Міліцыянераў, раскінутых па лесе, урэшце агарнула другая ноч. Трэ было ўжо кожнаму паасобку вяртацца ў саўгас.

Станіслаў Бутрымовіч адзін выехаў на ўскраіну лесу, на бітую дарогу. Цемра ўсё больш і больш ахутвала поле, а лес збоку ўжо здаваўся зусім цёмным. З яго сям-там, як прасекі, праглядалі дарогі, якія ўпіраліся вось у гэтую бакавую, па якой ехаў Станіслаў. Конь ішоў хуткай ступою і стрыг вушамі, прыслухоўваючыся да лесу.

Прыслухоўваўся ён, відаць, недарма, бо хутка на дарогу вынырнула падвода і павярнула насустрач Бутрымовічу. Станіслаў падцягнуў павадкі і пагнаў каня павольнай рыссю. Яшчэ зводдалі праз цемру ён заўважыў, што падвода параконная. Наблізіўшыся, ён крыкнуў: «Стой!» Але падводчыкі не паслухаліся, а наадварот — фурман ударыў па конях, і яны рванулі віхрам. Бутрымовіч даў прарэзлівы свісток, клічучы таварышаў на падмогу. Не перастаючы свістаць, ён памчаў галопам услед за падводай.

Вось ужо ён блізка, крычыць: «Стой!» Замест таго каб падвода спынілася, з яе пачуўся стрэл. Бутрымовіч зразумеў, што тут справа сапраўды нячыстая. У адказ адкрыў страляніну, але не па людзях, а па конях. Пасля трох стрэлаў адзін конь з разбегу ўпаў на калені, а потым лёг па бок. Другі скокнуў і стаў.

Бутрымовіч крыкнуў: «Рукі ўверх!» — і не заўважыў, як насустрач падскочылі на ўспененых конях два міліцыянеры. Уцекачы паднялі чэцвера рук. Як жа здзівіўся, нават зжахнуўся Станіслаў, калі пад праменнем батарэйкі ўбачыў... ксяндза Аскерку. Другі быў фурман. «Дык вось як... — закіпела ў душы Станіслава, — вось якая сустрэча. Цяпер я табе аддам чэсць, што горка стане...»

— Хто страляў? — спытаўся Станіслаў, наставіўшы рэвальвер у грудзі ксяндза.

— Хто страляў, таго няма. Уцёк у лес. Гэта быў незнаёмы нам чалавек. Папрасіўся, каб падвезлі. Бажуся, што так. Мы ж не думалі, што ён будзе страляць. Каб мы гэта ведалі, то нашто нам яго браць у санкі.

— А чаму не спыніліся, як я крыкнуў?

— Мы не ведалі, хто едзе, пабаяліся... Адпусціце нас, я вас прашу... Мы з вамі заўсёды віталіся, — сказаў ён Станіславу. — Ці мала што бывае... Адпусціце, людзі добрыя...

Міліцыянеры старанна абшукалі ксяндза і фурмана, заставіўшы іх вылезці з санак. Як толькі яны вылезлі на снег, два міліцыянеры кінуліся да саней. Адзін з іх зараз жа крыкнуў: «Тут нешта жывое!» Але стрэл заглушыў яго словы. Міліцыянер упаў, застагнаўшы. Станіслаў з другім упалі на снег, загадаўшы ксяндзу і фурману зрабіць тое самае.

Міліцыянеры паўзлі да санак і крычалі: «Бандыт, здавайся, а то застрэлім!» Той тым часам стаў ва ўвесь рост, але тут жа быў прашыты куляю Станіслава.

Калі яны падняліся з зямлі, Станіслаў падышоў да ксяндза і ва ўпор сказаў:

— Цяпер, ойча, я табе адсалютую інакш... Больш ужо не сустрэнемся... Мне ўсё зразумела...