epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Развітанне

Я сягоння выходжу на волю,

Сонцам разгладжу маршчыны на твары,

А ты застаешся ў сценах няволі,

Мой дарагі, мой ты добры таварыш!

 

Нямала панурых гадоў

Будуць піць твае косці вільгаць астрожную,

Думкі крылатыя, непераможныя

Вячэрняй прайдуць чарадой...

 

І не раз, і не раз засмяецца вясна,

Далі сінія звонка на скрыпках зайграюць,

І запеніцца кроў, закрынічыць яна,—

Так патокі прадвесня снягі разрываюць.

 

А калі жаўруком зашчабеча лазур,

Да акна падыдзеш, гэтым спевам праняты,

І далёкую сінь пацалуеш праз краты,

І набегшую здушыш слязу...

 

...Міліярды праносяцца дум...

О, дайце мне сілы! Я сэрца агнём

З грудзей сваіх вырву, на меч насаджу

І з паходняю рушу: за мной!

 

Меч вышэй! Гэта сэрца гарыць —

хай палае!

Гэта з цемры-задухі ідуць мільёны,

А полымя сэрца ім ноч рассякае,

Шлях праменны світання ляжыць...

 

У маёй адзіночцы чатыры сцяны,—

Ці ж можа змясціцца ў іх сэрца-паходня?

Таварыш, на волю іду я сягоння,

На шлях пераможнай вясны!

 

Ты не гаворыш, задумна маўчыш,

Мо павагі расстання не хочаш трывожыць?

Руку дай, таварыш,— зазвінелі ключы,

Адчыніліся дзверы: «Выходзіць!»